Зайшла на абедзе ў дзіцячую краму купіць сыну машынку. На адной намаляваны арол і надпіс “Polizei”, на другой расійскі сцяг і надпіс “ДПС, Полиция Санкт-Петербург”. Абедзьве – беларускай вытворчасці.

Беларускія машынкі добрай якасці, яны трывалыя і прыгожыя. Што праўда, на сайце вытворцы знайшла і машынку “Міліцыя Мінск” (яшчэ у серыі ёсць “ДПС Москва”, “Стрела” і “Молния”). Мусіць, у маладзечанскую краму “Міліцыя Мінск” не даехала.

Я доўга думала, якую машынку выбраць. Не купіла ніякую.

Потым падышла да пазлаў. Гляджу, і тут білінгвізм. Пазл з зайчыкам, падпісаны “зайчик” и “зайчатко”. Аказваецца, маленькія маладзечанцы маюць магчымасць не толькі нямецкую вучыць, але і ўкраінскую. Гэтая цацка – ўкраінскай вытворчасці.

А як вучыць беларускую?

Вось, напрыклад, выдатная серыя беларускіх развіццёвах пазлаў. Па іх можна вывучаць формы, колеры, лічбы. І нават алфавіт. Праўда, толькі рускі.

Набыць інтэрактыўны беларускі алфавіт (на які націскаеш, ён называе літару і слова, якое на яе пачынаецца) можна таксама нават і не марыць. Як і пра беларускія наборы для навучання ліку.

А набыць магнітную дошку з наборам беларускіх літар бацькі могуць і не спадзявацца. Толькі рускія.

Вядома ж, набыць дыск з мульцікамі, якія агучылі б па-беларуску, проста нерэальная мара.

У выніку набыла млын для пяску беларускай вытворчасці. Беларускі антураж, які ў абодвух сэнсах стаў экзотыкай.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Чытайце на гэтую тэму: За дзень купілі адну кнігу на роднай мове