Ад 1 верасня стаянка каля рынка райспажыўтаварыства зноў стала платнай. Яшчэ ў жніўні тут свабодна можна было ставіць машыну, не клапоцячыся пра грошы, аднак гэта мала каго прываблівала. Людзям была патрэбна ахоўваемая стаянка.

Разабрацца з сітуацыяй нам дапамагла Святлана Хрусталёва, намеснік аддзела архітэктуры і будаўніцтва:
– Справа ў тым, што ў былога ўласніка стаянкі скончыўся тэрмін дзейнасці дагавору на арэнду зямлі. На час, калі пляцоўка перайшла ў статус дзяржаўнай маёмасці, яна была бясплатная. Зараз яе зноў арандавалі. Новы дырэктар мае права ўстанаўліваць пэўную плату за карыстанне стаянкай.

 У інтэрв’ю “РГ” у ліпені, перад тым як стаянка стала бясплатнай,  намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Юры Байтаз каментаваў сітуацыю так:

– Стаянка застанецца, да таго ж стане бясплатнай. У нас паўстала праблема вялікай колькасці машын, якія кіроўцы пакідаюць каля рынку райспажыўтаварыства і Цэнтральнай плошчы, асабліва па выхадных. Трэба было яе вырашаць. Якраз у гэты час у былога ўладальніка стаянкі заканчвалася ліцэнзія. Таму стаянку пераводзяць у дзяржаўную ўласнасць. Ахоўвацца яна не будзе.

Нашы чытачы прагназавалі, што бясплатная стаянка будзе пуставаць. 

Тая ж стаянка яшчэ бясплатная ў “базарны дзень”, пятніцу 30 жніўня. Людзі ставілі машыны не тут, а каля рынку.

Ні платная, ні бясплатная стаянка не вырашаюць праблему вялікай колькасці машын каля рынку ў “базарныя дні”.

Як распавяла Святлана Хрусталёва, у гэтай справе дапаможа дзяржаўтаінспекцыя, супрацоўнікі якой будуць кантраляваць дарожны рух каля рынку і штрафаваць яго парушальнікаў.

Пра тое, як ацэньвае сітуацыю Юры Байтаз цяпер, “РГ” не змагла даведацца, таму што ён у адпачынку.                                                                                                                                    
Алёна ДЗЯМЧУК.

Стаянка, якая стала бясплатнай, пустуе

Стаянка каля плошчы стане бясплатнай