Жыццё на мяжы дзяржавы заўсёды крыху іншае, чым у цэнтральныхрэгіёнах краіны. Блізкасць суседзяў адчуваецца ў культуры, ладзе жыцця і нават поглядах памежных жыхароў.

Тым не менш, часам суседзі застаюцца недасягальнымі, нягледзячы на сваю блізкасць. Свае карэктывы ўносіць візавы рэжым. Заходняя і паўночная Беларусь знаходзіцца за візавай заслонай для сваіх суседзяў  – Польшчы, Літвы і Латвіі.
Малы памежны рух – што гэта такое?
Спецыяльна для таго, каб жыхары памежжа не адчувалі сябе ізаляванымі ад такіх блізкіх суседзяў, і пачаў дзейнічаць малы памежны рух. Ён быў ініцыяваны краінамі Еўрапейскага Саюза, якія мяжуюць з Усходняй Еўропай. Рэгламент руху быў зацверджаны ў 2006 годзе. Праз два гады ён пачаў дзейнічаць на практыцы: паміж сабой яго падпісалі Венгрыя і Украіна, Славакія і Украіна.  Яшчэ пазней – Польшча і Украіна, Румынія і Малдова.

Для Беларусі рух таксама надзвычай актуальны: наша краіна мяжуе адразу з трыма членамі ЕС. Між іншым, беларусы з памежных тэрыторый часам нават і не ведаюць, як выглядае рух у дзеянні.

Малы памежны рух дазваляе жыхарам памежнай тэрыторыі наведваць адпаведную тэрыторыю суседняй краіны. Для гэтага не патрэбна віза, а толькі спецыяльнае пасведчанне.

Пасведчанне можа атрымаць любы жыхар памежжа, які дакументальна пацвердзіць неабходнасць часта наведваць памежную зону суседняй дзяржавы. Пасведчанне выдаецца тэрмінам ад 1 да 5 гадоў і каштуе 20 еўра (для беларусаў).

Для параўнання: жыхару цэнтральнай Беларусі для наведвання памежнай тэрыторыі прыйдзецца афармляць Шэнгенскую візу коштам у 60 еўра, якая можа быць адкрыта як на пару дзён, так і на некалькі гадоў. Да таго ж віза можа быць разлічана на адзін візіт, у той час як пасведчанне дае права шматразовага перасячэння мяжы. Плюсы жыцця на памежжы відавочныя. Беларусу для таго, каб лічыцца жыхаром памежжа, трэба пражыць на памежнай тэрыторыі альбо 1 год (у выпадку з Латвіяй і Літвой), альбо 3 гады (у выпадку з Польшчай).

Памежная тэрыторыя вызначаецца правілам, якое часам называюць “30 з плюсам”. Гэта значыць, што любы населены пункт, частка якога знаходзіцца на адлегласці 30 кіламетраў ад мяжы, лічыцца памежным. Напрыклад, Вільня пачынаецца праз 25 кіламетраў ад мяжы Беларусь-Літва. Вядома, не ўвесь горад упісваецца ў вызначаныя 30 кіламетраў. Але паколькі пэўная яго частка ўваходзіць у памежную зону, уваходзіць і цалкам уся Вільня.

Трэба памятаць і пра абавязкі, якія замацоўваюцца за грамадзянамі з памежжа. Так, калі жыхар Астраўца, маючы пасведчанне, вырашыць паехаць у Вільню, а пасля яшчэ на экскурсію ў Трокі, кошт гэтага падарожжа будзе вялікім. Трокі ўжо не ўваходзяць у памежжа, а значыць, пры праверцы дакументаў на тэрыторыі Літвы ў астраўчаніна ўзнікнуць праблемы.

Па-першае, пасведчанне парушальніка будзе ануляванае без права аднаўлення.

Па-другое, ён панясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. Пакуль цяжка сказаць, якое пакаранне будзе чакаць “нелегальнага падарожніка”, бо заканадаўства ў сферы беларуска-літоўскага памежнага руху пакуль не ўступіла ў сілу. Плануецца, што кожнаму жыхару памежжа з выдачай пасведчання будзе выдавацца дакладная карта памежных тэрыторый.

Клікні, каб павялічыць мапу.

Такім чынам малы памежны рух утрымлівае своеасаблівы баланс: з аднаго боку палягчае працэс перасячэння мяжы, з другога  –  захоўвае бяспеку Шэнгенскай прасторы. У пашпарт грамадзян не ставіцца штамп аб пераходзе мяжы, рэгістрацыя вядзецца толькі ў электроннай форме.
Беларусь-Латвія: рух у дзеянні
Наша краіна зрабіла першы крок да рэалізацыі памежнага руху. На жаль, прасоўванне ў гэтым кірунку першым крокам і скончылася.
Яшчэ ў 2010 годзе Беларусь падпісала дамовы з урадамі Польшчы, Латвіі і Літвы аб правілах памежнага руху. Але міжнародныя пагадненні з Польшчай і Літвой да сённяшняга часу не ўступілі ў законную сілу.

Сёлета рух пачаў дзейнічаць паміж Беларуссю і Латвіяй. З 21 лютага спецыяльныя пасведчанні стала выдаваць генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе і консульства Літвы ў Віцебску. Цікава, што па чаканнях чыноўнікаў Еўрасаюза першых памежны рух Беларусь павінна была пачаць з Літвой і Польшчай. У дачыненні да Латвіі ў іх было больш за ўсё сумневаў. Атрымалася ж роўна наадварот.

Эксперт Беларускага Інстытута стратэгічных даследаванні Андрэй Елісееў у сваім матэрыяле “Малое памежнае супрацоўніцтва: акно ў ЕС?” адказвае, чаму адбылося менавіта так.

Па-першае, дзяржаўная мяжа з Латвіяй у Беларусі самая кароткая. Адпаведна, на ёй пражывае не так шмат людзей. Таму можна зразумець імкненне спачатку прасачыць дзеянне руху на практыцы на адносна невялікай тэрыторыі. І толькі пазней, маючы пэўны вопыт, пашыраць яго.  

Па-другое, кіраўніцтвы Латвіі і Беларусі не маюць асаблівых прэтэнзій і патрабаванняў адно да аднаго. А вось Польшча і Літва хочуць дачакацца дэмакратычных зменаў у Беларусі перад тым, як пачынаць памежны рух.
Беларусь-Літва: рух у рэжыме чакання
Адпаведная дамова з Літвой была падпісаная 20 кастрычніка 2010 года. З таго часу справа не рушыла далей. Па чарзе то літоўскі, то беларускі бок кажуць аб пасіўнасці і незацікаўленасці суседа. Да таго ж літоўцы звярнулі ўвагу на несумяшчальнасць эканамічных сістэм дзяржаў, што таксама замінае далейшаму развіццю руху.

Тым не менш, пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын у ліпені паведаміў літоўскай газеце “Lietuvos zinios”: “ У бліжэйшы час, на працягу 2-3 месяцаў, мы маем намер сесці за стол перамоваў з літоўскімі калегамі, кансультавацца і скончыць працэс рэалізацыі дамовы. Мы вельмі чакаем, калі новы парадак пачне дзейнічаць.”

Сапраўды, новы памежны рух мае вялікія перспектывы. Працягласць мяжы Беларусь-Літва – 462 кіламетры. Тэарэтычна памежным рухам могуць скарыстацца каля 600 тысяч беларусаў і каля 800 тысяч літоўцаў.

Напрыклад, у Астравецкім раёне ў тэрыторыю памежжа ўваходзіць 128 дробных населеных пунктаў, у Ашмянскім – 118.

Магчымасць наведаць памежжа суседняй краіны цікавіць грамадзян не толькі з эканамічнага пункту гледжання. Вядома, многія жыхары Беларусі з задавальненнем паедуць на закупы у Літву, а літоўцы  –  за танным палівам на Беларусь. Але трэба памятаць і пра гістарычную, культурную сувязь памежных рэгіёнаў. Існуе шмат сем’яў, пакаленні якіх раздзеленыя мяжой і не могуць сабрацца ўсе разам з-за візавай праблемы. Таксама варта ўзгадаць зацікаўленасць беларусамі ў Вільні  –  горадзе, які гістарычна цесна звязаны з нашай краінай.

Чарговыя перамовы па пытанні памежнага руху пройдуць ужо хутка. Магчыма, на тэрыторыю заходняй Беларусі прыйдуць змены. Бо ўжо нават разуменне таго, што можаш без перашкод сесці на цягнік і праз пару гадзін быць у Вільні, змяняе погляд на жыццё.  
Аляксандра ПАРАХНЯ.

Малюнак Аляксандры ПАРАХНІ.