Сёлета зноў маладзечанцы штурмавалі п’едэстал Паралімпіяды. Сярод беларускіх паралімпійцаў – трое прадстаўнікоў Маладзечна.

Найбольшую цікавасць выклікала выступленне маладога плыўца Дзмітрыя Салея. У зусім юным узросце ён стаў пераможцам Пекінскіх гульняў 2008 года на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. Сёлета Дзмітры выступіў на пяці дыстанцыях. Напачатку Гульняў ён змагаўся тры дні запар, заняў пятае месца ў заплыве на 100 метраў батэрфляем, таксама пятае месца на 50 метраў вольным стылем і шостае месца на 100 метраў вольным стылем. Бліжэй да закрыцця “Ланданіяды” выйшаў на старт 200 метраў комплексным плаваннем, заняў пятае месца, і на 100 метраў брасам – чацвёртае месца.

Дзмітры Салей.

Наш ветэран у спартыўным сэнсе Ігар Фартунаў з’яўляецца чэмпіёнам Афінскіх гульняў 2004 года ў лёгкаатлетычным пяціборстве, там заваяваў яшчэ і сярэбраны медаль, а таксама меў у Атланце 1996 года дзве сярэбраныя ўзнагароды і адну бронзавую. У Лондане выступіў толькі аднойчы, у сваіх любімых скачках у даўжыню заняў восьмае месца.

Яго калега-лёгкаатлет Сяргей Бурдукоў змагаўся ў перадапошні дзень спаборніцтваў. Дысцыпліна – трайны скачок, вынік – чацвёртае месца.
З даволі драматычнымі абставінамі звязаныя чацвёртыя месцы і Салея, і Бурдукова.

Адзін са спартсменаў, якія апярэдзілі нашага плыўца, спачатку быў дыскваліфікаваны. У выніку маладзечанец трапляў у прызёры. Аднак быў пададзены пратэст, пасля разгляду якога ўсё засталося па-ранейшаму.

Што тычыцца нашага лёгкаатлета, то ён адчайна змагаўся за п’едэстал гонару, скокнуў на 14 метраў 19 сантыметраў. І толькі аднаго сантыметра не хапіла да ўзнагароды.

Выступалі маладзечанцы сярод спартсменаў з парушэннямі зроку. Сваю спартыўную падрыхтоўку яны атрымалі як у нашай добра ўсім вядомай школе-інтэрнаце, так і ў мясцовых спартыўных школах. І, безумоўна, значную ролю адыграла майстэрства заслужаных трэнераў Георгія Шэлега і Уладзіслава Антонава.

Як ужо стала традыцыяй, пачынаючы з 1988 года, услед за Алімпійскімі гульнямі праз два тыдні бяруць старт Паралімпійскія гульні. Увогуле, як сведчыць экскурс у гісторыю, яны праводзяцца з 1960 года, але доўгі час месца і тэрміны правядзення не супадалі з Алімпіядамі.

Спаборніцтвы ў Лондане ўжо фінішавалі. Яны праходзілі з 29 жніўня па 9 верасня. Сабралася больш за чатыры тысячы ўдзельнікаў са 160 краін. Беларусь прадстаўляў 31 спартсмен у сямі відах спорту: лёгкая атлетыка, плаванне, веласпорт, веславанне, фехтаванне, паўэрліфтынг і дзюдо. Атрымалі нашы спартсмены пяць залатых, два сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. Гэта адпавядае 25 месцу ў агульнакамандным заліку.

Героем Гульняў стаў 18-гадовы плывец з Бабруйска Ігар Бокі, на чыім рахунку ўсе залатыя ўзнагароды і некалькі сусветных рэкордаў.

Каб нашы чытачы лепш арыентаваліся, што такое Паралімпійскія гульні, трэба сказаць: тут выступаюць спартсмены, якія маюць праблемы са зрокам, слыхам, а таксама апорна-рухальным апаратам. Прыстаўка “пар” у перакладзе з лацінскай мовы абазначае “датычнасць”. На сёлетніх спаборніцтвах быў 21 від спорту. Палова з іх мала чым адрозніваецца ад традыцыйных алімпійскіх відаў. Другая ж палова якраз даволі спецыфічная.

Напрыклад, на вазках гуляюць у баскетбол, а таксама – у рэгбі, а яшчэ – у вялікі тэніс і ў настольны тэніс. Існуе сядзячы валейбол, спартсмены размяшчаюцца проста падлозе. Выступаюць і футбалісты. Складамі пяць на пяць гуляюць тыя, хто зусім не бачаць, выкарыстоўваюць мяч са званочкамі. Складамі сем на сем змагаюцца, хто мае абмежаванні ў рухах, пакутуе на цэрэбральны параліч. Праводзяцца спаборніцтвы па такіх відах, як боча і голбол. Каб распавесці аб іх правілах, бадай, спатрэбіцца асобны артыкул.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.