Жывёла, якую паляўнічыя падстрэлілі на Смаргоншыне, параненая дайшла да вёскі Калодкі Іжанскага сельсавета, які мяжуе са Смаргонскім раёнам.

Учора днём, 13 верасня, Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету паведамілі смаргонскія калегі, што са Смаргоншчыны ў бок вёскі Калодкі Вілейскага раёна ідзе ласіха з агнястрэльным раненнем.

Пра тое, што падстрэлілі ласіху, начальніку Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргею Хацяновічу паведамілі відавочцы палявання, якія непадалёк збіралі ягады.

Жывёліну падстрэлілі паляўнічыя падчас незаконнага палявання, якія потым шукалі яе на белым аўтамабіле “ВАЗ”.

Дзве рэйдавыя групы абследавалі ўсе дарогі каля вёскі Калодкі Іжанскага сельсавета і бліжэйшую тэрыторыю, але аўтамабіль з паляўнічымі не знайшлі, паведаміў намеснік начальніка Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Батураў.

Тушу ласіхі знайшлі на полі паміж вёскамі Навадубава і Калодкі Вілейскага раёна. Туды прыбыла аператыўна-следчая група Вілейскай міліцыі і прадстаўнікі Вілейскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Агледзеўшы жывёліну, пацвердзілі, што яна загінула ад агнястрэльнага ранення.

Загінулая ласіха важыла каля 300 кілаграм. Яе тушу перадалі арандатару паляўнічых угоддзяў – Вілейскаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў.

Як распавёў паляўніцтвазнаўца Вілейскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандр Вітвінковіч, тушу жывёлы ў такіх выпадках неабходна правяраць у раённай ветырынарнай станцыі на прыгоднасць да ўжывання. Калі мяса прыдатнае, яго прадаюць. У дадзеным выпадку мяса не было прыдатным для ўжытку, таму яго ўтылізавалі.

Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, ацэненая ў 9,5 мільёнаў рублёў.

– У людзей хапае бытавых і іншых праблем, але неабходна, каб думка, што чалавек павінен заставацца чалавекам, праходзіла праз усё сферы жыцця, – каментуе сітуацыю менеджар па камунікацыях і мерапрыемствах экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” Іна Жызнеўская. – Мы заахвочваем людзей прымаць удзел у абмеркаванні, ці трэба наогул паляванне ў сучасным свеце. На мой погляд, за такое злачынства мусяць караць не толькі штрафам, але нават турэмным зняволеннем. Бо штрафы не пужаюць, а беспакаранасць дае магчымасць рабіць што хочаш.

Зоя ХРУЦКАЯ.