Гурт “The Confliсt” з’явіўся параўнальна нядаўна – у чэрвені 2011 года. За гэты час хлопцы паспелі і зацікавіць слухачоў сваёй творчасцю, і даць канцэрты ў Беларусі і Расіі, і зрабіць некалькі дэма-запісаў.

Цяпер гурт рыхтуецца да запісу дэбютнага альбома. Дарэчы, гэтае інтэрв’ю – таксама першае. Прычым праходзіла яно незвычайна – анлайн у маладзечанскай музычнай суполцы ў адной з сацыяльных сетак.

На пытанні адказваюць гітарысты Ягор Монід, Андрэй Саўк і вакаліст Аляксандр Казакевіч.

–  Адкуль паходзіць назва вашага гурта?

– “The Confliсt” сабраўся з двух музычных калектываў (Enclave і Seed Of Hate). Яны гралі хоць і падобную музыку, але кожны ў сваім стылі. Калі мы аб’ядналіся, погляды на наш новы музычны стыль і сталі своеасаблівым канфліктам. 

– Ці захаваўся канфлікт да сённяшніх дзён?

– Не без гэтага, вядома. Бо кожны хоча зрабіць лепш. Але ўсе супярэчнасці вырашаем культурна, мы ж паважаем адзін аднаго. Таму, хутчэй, у нас здараюцца не канфлікты, а бурныя абмеркаванні. Рашэнні прымаюцца хоць і не заўсёды хутка, але заўсёды сумесна.

–  Ці маюць удзельнікі гурта музычную адукацыю? Ды і ўвогуле, чым займаюцца ў жыцці?

–  Музычна адукаваны ў нашым калектыве толькі Ягор. Ён і цяпер працягвае вучыцца ў гэтым кірунку. Яго другая спецыяльнасць – аўтаслесар. Андрэй па спецыяльнасці станочнік, Аляксандр – таксама аўтаслесар. Яшчэ два музыканты Максім Ліцвінаў і Сяргей Высоцкі – электрык і будаўнік.

– Большасць вашых кампазіцый на беларускай мове. Чаму абралі менавіта беларускую?

–  Для нас гэта не камерцыйны ход, як думаюць некаторыя. Проста беларуская мова арыгінальная і прыгожая, а гэта як раз тое, што нам трэба. Да таго ж гэта наша родная мова і мы ганарымся тым, што спяваем на ёй.

– Якія бліжэйшыя выступы запланаваныя ў калектыву?

– Пакуль выступаў не плануецца, бо чакаем вяртання басіста з Нарвегіі. А далей – будзе відаць. Ёсць магчымасць з’ездзіць ў невялічкае турнэ па Германіі ў наступным годзе. Пакуль абмяркоўваем яго ўмовы. У асноўным усе думкі зараз занятыя запісам першага альбома.

– Якія парады можаце даць тым, хто толькі пачынае свой шлях у музыцы?

– Паважаць адзін аднаго. Рабіць музыку недля кагосьці, а ў першую чаргу для саміх сябе. Калі яна будзе падабацца вам, значыць, спадабаецца і іншым.

Яўген КАРОСЦІК.

Фота забяспечана Ягорам МОНІДАМ.