На мінулым тыдні ўзбуджаная жыхарка Маладзечна патэлефанавала ў санстанцыю і заявіла, што ў яе вада з-пад крана “ў 1000 разоў горш за Чарнобыль”. Яе ў гэтым пераканаў менеджар па продажы фільтраў для вады.

Напярэдадні жанчына размаўляла з прадстаўніком адной кампаніі, які прадэманстраваў ёй тэсты з водаправоднай вадой. Іх вынікі паказалі, што вада цалкам не прыдатная да піцця. Гэта так ўразіла жанчыну, што яна не спала цэлую ноч.

Прадпрымальны менеджар прапанаваў маладзечанцы набыць дарагую сістэму ачысткі вады. Уражаная кліентка была гатовая нават аформіць крэдыт на пакупку, але яе адгаварыў муж. 

– Цягам тыдня нам патэлефанавалі чатыры чалавекі з падобнымі гісторыямі, – паведаміў загадчык аддзела гігіены Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Канстанцін Хархалёў. – Усе яны выказвалі свае прэтэнзіі да якасці вады. Пры гэтым спасылаліся на адну і тую ж фірму.

Калі спецыялісты Цэнтра звязаліся з прадстаўніком фірмы, той не змог абгрунтаваць прэтэнзіі да якасці маладзечанскай вады. А таксама не патлумачыў, на якія хімічныя элементы праводзіў даследванні.

– Ён нават не ведаў нарматываў на хларыды, сульфаты ці нітраты, называў іх агульным словам “прымесі”, – дадае Канстанцін Хархалёў. – Жыхарам “даследчык” вады паказваў эфектныя доследы з выпадзеннем рознакаляровых асадкаў, пасля апускання ў ваду з-пад крана электрода. Пры гэтым методыкі яго так званых “лабараторных даследаванняў” не сертыфікаваныя ні ў адной сістэме дзяржстандартаў.

Кошт на прапанаваныя сістэмы ачысткі вады – ад чатырох мільёнаў рублёў. Поўны камплект зменных картрыджаў каштуе 800 тысяч рублёў. Для параўнання: звычайны фільтр-збанок абыдзецца ў 100-300 тысяч рублёў, зменны картрыдж – каля 70 тысяч рублёў.

Якую ваду мы п’ем
Як паведамляе цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цяпер у Маладзечне высокі ўзровень якасці вады незалежна ад мікрараёна.

Маладзечна спажывае ваду з двух водазабораў – “Крыніца” і “Гелянова”. На першым станцыя ачысткі працавала з моманту запуску, з 1986 года. Таму раней вада лепшай якасці была ва ўсходняй частцы горада. Заходняя частка Маладзечна адзначалася горшай якасцю вады. Два гады таму Маладзечанскі водаканал пабудаваў станцыю ачысткі вады і каля Гелянова. З таго часу ваду пачалі ачышчаць яшчэ і ад дамешкаў жалеза.

Праблемы з якасцю вады могуць узнікаць у старых дамах, дзе даўно не мяняліся водаправодныя трубы. Большасць жа маладзечанцаў могуць піць ваду высокай якасці з-пад крана.

– Вада ў некаторых вёсках і мястэчках Маладзечаншчыны мае павышаны паказчык жалеза. Аднак гэта змяняе толькі яе пах і смак, але не робіць ваду шкоднай для здароўя, – пераконвае загадчык аддзела гігіены. – Такую ваду перад ўжываннем рэкамендуюць адстойваць, а пры магчымасці – прапускаць праз самыя простыя фільтры.

Фільтраваць ці не?
Набыццё фільтраў і сістэмаў ачысткі вады – асабістая справа кожнага. Наконт таго, якая вада больш карысная, звычайная з крана ці прапушчаная праз фільтры, няма адназначнай думкі нават у даследчыкаў.

Часам фільтры могуць шкодзіць здароўю. Людзі не заўсёды зважаюць на рэжым карыстання. Набываючы збан са зменным картрыджам, не ўсе турбуюцца пра тое, каб своечасова гэтыя картрыджы мяняць.

Між іншым, сістэма фільтру збірае ў сабе бруд і стварае добрыя ўмовы для размнажэння мікробаў. Так, картрыджы каштуюць не танна. Але  калі ўжо карыстацца фільтрам, то трэба не эканоміць на здароўі і рэгулярна набываць новыя.

– Вядома, людзі вольныя рабіць тое, што хочуць, – пракаментаваў сітуацыю Канстанцін Хархалёў. – Мы не можам забараніць людзям нешта набываць. Але на практыцы няма сэнсу траціць грошы на фільтры. Водаканал вядзе пастаянны лабараторны кантроль за якасцю вады з камунальных водаправодаў.
Аляксандра ПАРАХНЯ.