Срод захапляльных краявідаў Мядзельшчыны месцяцца шмат маленькіх вёсачак і гарадоў. Ёсць тут і вёска Пількаўшчына, малая радзіма Максіма Танка. Таленавітасць жыхароў наводзіць на думку, што чароўнасць прыроды і талент людзей узаемазвязаныя.

Мне давялося пражыць пэўны час па суседстве – у вёсцы Дзянісава.

Пазней лёс завёў мяне ў Маладзечна. Трэба было неяк уладкоўвацца ў новым месцы. Тут і высветлілася, што ў чэргах на кватэру можна правесці больш за дзесяць гадоў. Але маё кватэрнае пытанне вырашылася самым нечаканым чынам.

Справа ў тым, што і мой бацька, і я былі ў добрых стасунках з сям’ёй Мацкевічаў. Да Марыі Янаўны Мацкевіч у свой час сватаўся брат Максіма Танка – Фёдар Скурко. Пазней яны ажаніліся. Часам мне даводзілася быць у гасцях у Мацкевічаў. У адзін з такіх візітаў абмеркаваў з Марыяй Янаўнай сваю праблему. Яна і параіла звярнуцца адразу да Яўгена Скурко. І папрасіла перадаць праз мяне запіску да яго.

Я доўга не мог наважыцца пайсці да пісьменніка. Трывожыла думка: ці зразумеюць мяне? Максім Танк ужо ў той час быў Народным паэтам, Героем Сацыялістычнай Працы, старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам бюро ЦК КПБ.

З вялікім хваляваннем падышоў я да дзвярэй Яўгена Іванавіча. Адчыніла гаспадыня – Любоў Андрэеўна, ветліва запрасіла ў кватэру. Здзівіла такая гасціннасць і дабрыня, бо толькі пасля таго, як я прайшоў, мяне запыталіся, з якой справай я да гаспадара. Яўген Іванавіч выйшаў з другога пакоя і прывітаўся, падаўшы руку, прапанаваў сесці.

Перада мной быў прыемнай знешнасці чалавек, добры, мужны і моцны. Ад яго перадавалася пачуццё спакою і ветлівасці. Пісьменнік выклікаў да сябе прыхільнасць і адначасова заставаўся таямніцай.

Міжволі бліснула ў думках параўнанне чалавека і танка. Яўген Іванавіч увасабляў не толькі фізічную сілу, але і духоўную моц.

Неабыякавасць да маёй справы здзівіла мяне. Усё ж ён нічога не ведаў пра мяне – хто я такі і адкуль. А дапамагаў быццам роднаму чалавеку. Толькі пасля высветлілася, што мы з суседніх вёсак. Гэта яшчэ больш зацікавіла пісьменніка. Дапамагчы земляку для яго было вельмі важна. Мы разам напісалі тэкст заявы, якую ён накіраваў пасля ў Маладзечна.

Толькі пасля гэтага ў размове з’явілася магчымасць паведаміць пра запіску, якую я прывёз ад родных Яўгена Іванавіча. Было добра бачна, як успаміны пра родную зямлю і сям’ю кранаюць яго душу. Ён імкнуўся даведацца як мага больш пра сваю родную Пількаўшчыну, у якой даўно не быў.

Гаспадыня Любоў Андрэеўна прапанавала прадоўжыць размову за абедам. На стале было шмат разнастайнай ежы, з густам расстаўленай. Мне было няёмка, што гаспадыня так турбуецца. Але Любоў Андрэеўна казала: “Мы заўсёды рады гасцям, тым больш з нашай мясцовасці. Наша вёска зусім недалёка, вы амаль пасланец нашай бацькаўшчыны”.

За сталом Яўген Іванавіч расказаў пра  сваю творчасць, падзяліўся багатым вопытам вершаскладання. Побач з такім добразычлівым, шчырым гаспадаром я адчуваў сябе ўтульна, як дома.

Маё кватэрнае пытанне вырашылася станоўча. Неўзабаве прапанавалі набыць кватэру вызваленага фонду, што мы з сям’ёй і зрабілі.
Пасля я яшчэ раз наведаўся ў госці да Яўгена Іванавіча, ужо з падзякай. Дабрыня і неабыякавасць гэтай сям’і да землякоў дапамагла мне ў жыцці. Таму часам мне падаецца, што не толькі прыгажосць выратуе свет, але і дабрыня.
Яўген НЕСЦЯРОВІЧ, Маларыта.