Раніцай 21 верасня каля Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптуры, зробленай рукамі навучэнцаў.

У гэты дзень каледж адзначаў адразу чатыры святы.

− Менавіта мы адзначаем СБСП, што расшыфроўваецца як “слава богу сёння пятніца”, бо любім і працаваць, і адпачываць, каб у панядзелак заўсёды быў добры настрой, − кажа дырэктар каледжа Ігар Кіцікаў. −  Да таго ж сёння Міжнародны дзень міру, Раство Прасвятой Багародзіцы і язычніцкі дзень Сварога, нябеснага каваля ў славян. Дарэчы, першымі зваршчыкамі былі менавіта кавалі. Яны награвалі метал і зварвалі яго між сабой. Вось таму і абралі гэты дзень, каб падкова стала сімвалам якаснай падрыхтоўкі і працы нашых навучэнцаў.

Ідэя зрабіць падкову належыць Ігару Кіцікаву. Ён калекцыянуе іх цягам 20-і гадоў. Сваю першую падкову знайшоў пад вадой, калі шукаў з маскай рыбу ў рэчцы Нарачанка.

− Гляджу, нешта тырчыць, − распавядае Ігар Кіцікаў. − Я ў пясок руку раз, а там – падкова. Прыбіў на дачы і распытаў пра яе ў мясцовых жыхароў. Аказалася, там некалі мосцік быў. Так і пачалося маё захапленне не толькі падковамі, але і краязнаўствам. Дома ў мяне каля 70-і сапраўдных падкоў. Ну і сувенірных недалёка ад 50-і. У мяне не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Рыгі, Адэсы, Сібіры. Незвычайныя падковы ў мяне з розных краін. Напрыклад, з Фінляндыі ў мяне вешалка ў выглядзе падковы, яшчэ адну вылепіла дачка майго аднакласніка, якая цяпер жыве ў Германіі. Нават сухія духі, якія я набыў у парыжскім музеі духоў, таксама з выявай падковы на каробачцы. Адну наогул знайшоў на звалцы, а потым яе размаляваў мастак. Атрымалася даволі прыгожа.

Але ж зрабіць падкову каля прафесійна-тэхнічнага каледжа Ігара Кіцікава натхніў рукаход. Гэты дзіцячы турнік падобны да радугі.  Калі яго перавярнуць, то форма будзе нагадваць падкову. Ігар Кіцікаў заўважыў гэта якраз тады, калі такі турнік збіраліся здаваць на металалом.

− Я сабраў зваршчыкаў і прапанаваў абшыць рукаход. Але калі шчыра, то ідэя не мая. У Еўропе ёсць некалькі паркаў забаў, у якіх усталяваныя падкова шчасця, калодзеж шчасця, мосцік шчасця. У нас я такога не знайшоў, вось і вырашылі зрабіць штосьці падобнае.

У вырабе падковы ўдзельнічаў кожны навучэнец каледжа. Менавіта таму яна рабілася не тры дні, а ўвесь год.
Затое цяпер, як патлумачыў Ігар Сямёнавіч, моладзь фатаграфуецца з ёй і паказвае сваім бацькам, сябрам і каханым, што можа зрабіць сваімі рукамі.

Падковы з калекцыі Ігара Кіцікава.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.