Рэгіёны беларускага памежжа ўжо ў хуткім часе змогуць развівацца па стратэгіі Еўрапейскага Саюза “Еўра-2020”. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі памежных тэрыторый з Беларусі і Польшчы.

Пытанні памежжа падымаліся на навуковай канферэнцыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў суботу, 22 верасня.
Да памежных тэрыторый адносяцца населеныя пункты ў радыусе 30 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы. Але даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што ўсю Беларусь у цывілізацыйным сэнсе можна лічыць памежжам. 

– Беларусь з’яўляецца зонай гістарычнай няўстойлівасці, несфармаванасці, – адзначыў намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Уладзімір Абушэнка. –  Так сталася яшчэ з часоў ВКЛ. Некаторыя навукоўцы нават уключаюць тэрыторыю Беларусі ў Балтыйска-Чарнаморскі рэгіён нестабільнасці. Тое, што гістарычна тут пражываюць прадстаўнікі розных нацый і рэлігій, нясе як плюсы, так і мінусы. З аднаго боку гэта ўзбагачае нашу краіну, з другога – можа ствараць праблемы ўзаемаразумення.

Увагу навукоўцаў звярнула на сябе і тэма агульных турыстычных маршрутаў на тэрыторыі памежжа.

– Турызм значна ўплывае на фарміраванне іміджу тэрыторыі, – разважае дэкан факультэта турызму і сэрвісу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Данскіх. – Памежжа ў гэтым плане – надзвычай важная тэрыторыя!

Калі, напрыклад, наладзіцца цеснае партнёрства паміж Віленскім паветам Літвы і Ашмянскім раёнам Беларусі, турыст можа атрымаць зусім іншыя магчымасці. Набыўшы адзін тур, ён мог бы наведаць адразу дзве краіны. Літоўскае памежжа магло б прыадчыніць для беларусаў  Захад, а беларускае для літоўцаў – Усход. Але пакуль што такія ідэі далёкія ад рэальнасці.

Даследчык прапанаваў уласныя азначэнні рэгіёнаў. Так, да тэрыторыі “пры мяжы” ён аднёс раёны Брэсцкай вобласці, якія мяжуюць з Польшчай. Жыхары гэтых рэгіёнаў не маюць асаблівых сувязяў з польскім памежжам, іх цікавяць хіба толькі кошты на польскіх рынках. Да тэрыторыі “на мяжы” Сяргей Данскіх адносіць рэгіёны Гродзенскай вобласці, што мяжуюць з Літвой.

Тыя, хто жыве ў Астравецкім, Ашмянскім раёнах, цікавяцца не толькі літоўскімі коштамі, але і часцей за ўсё маюць у літоўскім памежжы сваякоў ці сяброў, цікавяцца культурнымі падзеямі суседзяў. Асабліва для жыхароў “на мяжы” і будзе важным памежны турызм. 

– Мы будзем імкнуцца да таго, каб тэрыторыя беларускага памежжа стала рэгіёнам інтэграцыйнага развіцця па ўзоры Еўрапейскага Саюза, – падвяла вынікі канферэнцыі загадчыца кафедры эканомікі і грамадскіх навук Беластоцкага політэхнічнага інстытута Сафія Тамчонак. – На гэты рэгіён мусіць распаўсюджвацца стратэгія “Еўропа-2020”. Мы будзем развіваць гандлёвыя, навуковыя, турыстычныя адносіны памежных тэрыторый. 

Вядома, дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам замаруджвае ўзаемаадносіны паміж краінамі. На думку даследчыкаў, супрацоўніцтва паспрыяе стварэнню хаця б агульнай інтэлектуальнай прасторы – у сферы навукі і адукацыі.
Аляксандра ПАРАХНЯ.

Даведка “РГ”. “Еўропа-2020” – новая еўрапейская стратэгія эканамічнага развіцця на бліжэйшыя 10 гадоў. Была прынятая ў 2010 годзе. У яе аснову лягла ідэя разумнага, устойлівага і ўсёабдымнага росту. Праблемы, якія падымаюцца ў межах стратэгіі, – гэта беспрацоўе, глабалізацыя, змены клімату, старэнне нацый і іншыя.