Таму адразу пасля адкрыцця карэспандэнткі “РГ” выправіліся на свае вочы глядзець кіно і ўласна кінатэатр: што ж там новага?
Аб першых днях працы абноўленага кінатэатра ветліва распавяла касір Алена Копцева.

– Фільмы ў фармаце 3D карыстаюцца сапраўды шалёным попытам! – захоплена апавядае нам касірка. – Білеты проста размятаюць! Паказы ўжо нашумелых у сталіцы фільмаў “Мадагаскар 3” і “Цёмны рыцар” сабралі поўныя залы.

Паводле слоў спадарыні Алены, усё яшчэ ў выдатным стане: крэслы не сапсаваныя, 3D-акуляры не скрадзеныя. Наведнікі задаволеныя і фільмамі, і абсталяваннем, вельмі ўхваляюць новы дызайн ды еўрарамонт.

Акрамя агульнай глядацкай залы ў кінатэатры з’явілася VIP-зала на 36 месцаў. Яна пачне працаваць з наступнага тыдня, але карэспандэнткі РГ атрымалі ўнікальную магчымасць яшчэ да першых гледачоў ацаніць камфартабельнасць абсталявання: крэслы сапраўды мяккія і скураныя. Залы чакання сеанса таксама маюць прыгожы выгляд, усталяваны плоскі тэлевізар.

– А што будуць глядзець маладзечанцы ў VIP-зале?
 – Будзем паказваць фільмы толькі-толькі з кінафестываляў, маладзечанскім кінаманам не прыйдзецца ехаць па навінкі кінамастацтва ў Мінск.
– Беларусы такі народ, што любяць перад экранам і перакусіць, і папіць, а ці дазваляеце прыносіць з сабой ежу?
 – Так, калі ласка, мы не супраць, каб людзі прыносілі чыпсы альбо пап-корн, напіткі, але аматарам выпіць “чаго памацней” падчас прагляду фільма прамая дарога дадому…
– Так, людзі павінны да культуры прывучацца. А дзе ж абяцаны буфет?
– Будзе! Усё будзе. У недалёкім часе абавязкова адкрыецца, – суцяшае нас спадарыня.
Падчас гутаркі высветлілася, што хутка зацвердзяць і правядзенне дыскатэк для падлеткаў.

А вось наконт кошту білетаў казалі, што не плануюць змяншаць яго. Цяпер ён 25 000 да 16 гадзін, а пасля – 30 000. Аднак усяго за 15 000 рублёў вы можаце выплюхнуць эмоцыі і атрымаць адрэналін: у кінатэатры з’явілася 5D кіно. Напрыклад, у гандлёвым цэнтры “Тройка” яно каштуе 25 000, а ў Мінску – усе 30 000.

Мы, вядома, паглядзелі, каб ведаць, што гэта такое. Толькі перад намі мужчына ўжо другі раз пайшоў, так яму падабалася.  І нам таксама.

– Дзяўчаты, гэта проста нерэальна крута, – падміргнуў нам мужчына, які прагледзеў 5D-ролік ажно два разы запар.

Мы ўжо былі расслабіліся. Але калі з экрана на нас літаральна сталі наступаць абсалютна праўдзівыя монстры, стрымацца было цяжка – і мы загаласілі як пяцікласніцы! Страх-страхам, але спадабалася! Калі мы змучаныя выйшлі з пакоя, касірка ўсміхнулася:

– А хутка плануем яшчэ туман пускаць і мыльныя бурбалкі!

Каб пляснуць хоць лыжку дзёгцю ў агульнае прыемнае ўражанне, падколваем супрацоўнікаў.

– Чаму абяцалі, што фільмы будуць выходзіць у адзін дзень з Мінскам, а цяпер ідуць летнія прэм’еры?

Адміністратар Таццяна Сачына патлумачыла:

– Гэта толькі пакуль. Потым усё будзе выходзіць, як і абяцалі. Канешне, калі будуць грошы на гэта.
 Дарэчы, апавядаючы нам пра выгоды новай “Радзімы”, касірка Алена Копцева старанна працірала сурвэткай 3D-акуляры. Кажа, гледачам нічога не павінна перашкаджаць глядзець якаснае кіно.

ЗАНАТУЙЦЕ! Па нумары 77-15-92 можна даведацца пра наяўнасць білетаў і іх кошт, а таксама расклад сеансаў.

Марыя СВІРЫДОВІЧ, Ганна ФІЛІСТОВІЧ.