У гаражы свайго дома 24-гадовая жыхарка Радашкавічаў дазволіла свайму  знаёмаму варыць опій. Суд пазбавіў жанчыну ад пакарання, бо яна трапіла пад амністыю.

Назначаны ў верасні штраф у 5 мільёнаў рублёў адмянілі, таму што жанчына гадуе пяцігадовую дачку.

Хлопец варыў наркотык неаднаразова. Кожны раз папярэджваў аб сваім намеры гаспадыню. Яна нават сама зачыняла звонку дзверы, каб яго ніхто не заўважыў.

У гаражы малады чалавек з насення маку і іншых кампанентаў варыў опій.

Па заключэнні спецыяліста экспертна-крымінальнага аддзела Маладзечанскага райаддзела міліцыі ад 15 мая стала вядома, што гэта асабліва небяспечны наркотык – экстракцыйны опій. Хлопец згатаваў 0,2 грама наркотыку. Частку ён адразу ўжыў, а астатняе захоўваў да канфіскацыі супрацоўнікамі міліцыі.
Абвінавачаная на судовым пасяджэнні прызнала сваю віну цалкам і раскаялася ў зробленым.

Дзеянні жыхаркі Радашкавічаў суд кваліфікуе па частцы 1 артыкула 332 Крымінальнага кодэкса Беларусі як выдзяленне памяшкання для ўжывання наркотыкаў.

Пры прызначэнні пакарання суд улічыў станоўчую характарыстыку з працы, раскаянне і тое, што жанчына раней не мела судзімасці. Таму абвінавачанай суд прызначыў толькі штраф памерам 5 мільёнаў рублёў.

Але ў сувязі з тым, што жанчына гадуе дзіця, па артыкуле 1 Закона Беларусі “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынствы” яна вызваляецца ад пакарання са зняццем судзімасці.

Бутэльку з опіем  знішчылі.
Дзяніс ІВАНОЎСКІ, намеснік пракурора Маладзечанскага раёна.