Нам вельмі хочацца, каб кожны жыхар нашага рэгіёна даведаўся, наколькі непаўторны і загадкавы наш родны куточак! Праз гэта мы вырашылі ў такі святочны дзень скласці для вас спіс 10 самых-самых прыгожых і цікавых мясцін нашага рэгіёна.

Гервяты (Астравецкі раён). Касцёл Святой Тройцы

Адзін з самых высокіх касцёлаў нашай краіны – пабудаваны ў  1899 годзе. Яго вышыня дасягае 61 метра!  Касцёл Святой Тройцы – адзін з нямногіх у Беларусі, у архітэктуры якога выкананы ўсе нормы і правілы  неаготыкі.  Але здзіўляе не толькі сам касцёл – навакольны парк таксама надзвычай прыгожы.

Заброддзе (Вілейскі раён). Дуброва мастака Цітовіча

Старажылы кажуць, што кожны, хто пасадзіў дрэва,  уклаў у яго не толькі сваю працу, але і душу. Менавіта таму мы ўключылі дуброву каля вескі Заброддзе ў наш спіс.

Гай быў створаны знакамітым у свой час мастаком Барысам Цітовічам. Тут вы не толькі зможаце ўзбагаціць сваю душу, але і знайсці дрэвы, што пасаджаныя такімі асобамі, як Васіль Быкаў альбо Алесь Адамовіч. Кожнае з іх у гэтым гаі – сусветная гісторыя, лес шматлікіх людзей.
Каля гаю вы таксама зможаце знайсці помнікі, зробленыя па праекце майстра Цітовіча. Спеў птушак і свежае паветра дадуць вам яшчэ большую асалоду ад часу, праведзенага тут.

Наваспаск (Смаргонскі раён). Спаса-Праабражэнская царква

Зараз можна пабачыць толькі руіны царквы. Будавалася яна яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай ды была разбураная падчас Першай сусветнай вайны.

Храм быў адметны тым, што яшчэ 20-30 гадоў таму ў ім знайшлі схаваны скарб. Клапатлівы заснавальнік храму пан Букаты, які быў старшынёй польскага сейма ў Варшаве, пакінуў некалькі дзясяткаў тысяч дукатаў на рамонт храма ў будучыні. Як можна здагадацца па сённяшніх руінах, далейшы лёс грошай невядомы і цяпер.

Да таго ж у царкве захоўвалася плашчаніца, адна з трох на ўсёй Беларусі.

Беніца (Маладзечанскі раён). Троіцкі касцёл

Касцёл быў пабудаваны ў 1704 годзе і, безумоўна, не дайшоў да нас у першапачатковым выглядзе. Аднак, нягледзячы на гэта, вока радуе ягоная вытанчасць і цэльнасць, якая, на шчасце, захавалася да нашых дзён.

На жаль, касцёл знаходзіцца ў занядбаным стане. У крыпце захаваліся парэшткі паноў Коцелаў, а таксама Швыкоўскіх, што надае храму пэўную таямнічасць.

Вязынка (Маладзечанскі раён). Музей Янкі Купалы

У Вязынцы знаходзіцца музей Янкі Купалы. Гэта ўзноўленая хата, дзе жыла сям’я паэта.

Там усё зроблена так, як было ў гады жыцця сям’і Луцэвічаў. Цікава даведацца, як жыў паэт у дзяцінстве і юнацтве, пабачыць тагачасныя прадметы быту.

Гальшаны (Ашмянскі раён). Замак Сапегаў

Замак быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя як рэзідэнцыя Паўла Стэфана Сапегі.  Але, на жаль, сёння гэта суцэльныя руіны, за якімі хаваецца гісторыя не толькі Гальшанаў, але ўсяго беларускага народа.

Добры куточак, каб не толькі адпачыць, але і больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй Беларусі, асабліва з часоў ВКЛ.

Лушчыкі (Мядзельскі раён). Сядзіба Ахраноўскіх

Безумоўна, Мядзельскі раён – гэта сэрца Беларусі з яго возерам Нарач. Але не толькі возерам Нарач ён знакаміты. Сядзіба ў Лушчыках у свой час належала роду Ахраноўскіх. Комплекс знаходзіцца на высокім узгорку, з якога адкрываецца неверагодны выгляд на возера Свір, які проста зачароўвае.

Цікава, што сядзіба захавалася цалкам, нават засталіся нязменнымі парк, вадаёмы, а таксама прагулачныя сцежкі. Цяпер тут медыцынская ўстанова.

Будслаў (Мядзельскі раён). Касцёл Узнясення Панны Марыі

Гэта месца больш падыходзіць для духоўнага адпачынку. Штогод у пачатку ліпеня сюды з’язджаюцца людзі з усёй Беларусі і нават з-за мяжы.

У першыя выхадныя ліпеня адзначаецца свята знакамітага абраза Маці Божай Будслаўскай. У наступным годзе тут будуць адзначаць 400-гадовы юбілей прысутнасці цудадзейнага абраза. Пачуць, якія цуды рабіла Маці Божая ў Будславе, можна паўсюль, але, можа, вам пашанцуе і вы ўбачыце цуд на свае вочы?..

Міхалішкі (Астравецкі раён). Касцёл святога Міхала Арханёла

Касцёл мае пакручастую гісторыю, якая пачынаецца аж з 1622 года. На той час гэта быў просты манастыр аўгустынаў.

Цяпер, пасля рэстаўрацыі, ён адрозніваецца вытанчанасцю дэкарацый інтэр’еру, які рабілі тыя ж італьянскія майстры, што і ў храме Пятра і Паўла ў Вільні. Калі вы жадаеце не толькі пазнаёміцца з гісторыяй, але  і проста добра правесці свой час, то вам, несумненна, сюды.

Крэва (Смаргонскі раён). Замак Альгерда

Паміж высокіх узгоркаў каля зліцця рачулак Крывянкі і Шляхцянкі быў пабудаваны Крэўскі замак.  Ён мае найбагацейшую гісторыю, бо быў створаны яшчэ па загадзе вялікага князя літоўскага Альгерда.

У Крэве меў сваю рэзідэнцыю Ягайла,  які быў пазбаўлены трона праз свайго стрыечнага брата Кейстута. Знакамітая Крэўская ўнія была падпісаная тут у 1385 годзе. Па сваёй будове замак нагадвае Лідскі, які таксама мае дзве вежы. На жаль, цяпер тут засталіся толькі сцены ды палова вежы… Але ўбачыць гэтыя велічныя муры, безумоўна, варта!

Канстанцін КУХАРЭНКА,
Ганна ШАКЕЛЬ,
школа маладога журналіста “РГ”.