Дворніку Казіміру Міхайлавічу цяпер асабліва шмат клопату: кожную раніцу некалькі гадзін даводзіцца змятаць лісце.

– Мы зграбаем лісце ў кучкі, потым прыязджае машына і збірае іх, – тлумачыць дворнік. – Вывозяць лісце за горад, на звалку. Я грыбнік, праязджаў неяк у тым месцы. У вялікай яме яго пакідаюць, там яно перагнівае.

Куды выкідаць смецце?

У Маладзечне ёсць 69 кантэйнераў, прызначаных для збору цвёрдых бытавых адходаў, куды людзі выносяць смецце. Але лісце туды выкідаць забараняецца, таму што гэта раслінныя адходы. Таму яго вывозяць за горад на спецыяльныя пляцоўкі.

Тым, хто мае зямельныя ўчасткі, усе раслінныя адходы трэба кампаставаць на спецыяльных кампоставых пляцоўках. Кожны ў сябе павінны зрабіць такую пляцоўку.

− Гэта збудаванне з чатырох сценак, якое не мае ні накрыўкі, ні дна, − кажа Міхаіл Міхалевіч, загадчык аддзялення камунальнай гігіены маладзечанскага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. − Трэба, каб кампост ляжаў на зямлі, бо, акрамя мікраарганізмаў, раслінныя адходы вельмі добра перапрацоўваюць чэрві. Звычайна яго робяць з даступных матэрыялаў. Напрыклад, са старога шыферу. Бывае, з дошак, але такія пляцоўкі часовыя. Лепш, каб у сценках былі адтуліны, бо калі ёсць кісларод, працэсы раскладання ідуць хутчэй.

Накрыўку звычайна не робяць, каб было прасцей закідваць туды лісце. Рэкамендуецца яго час ад часу перакопваць. Але ж такая пляцоўка не вельмі прыемна пахне, таму некаторыя накрываюць яе поліэтыленам. Тады павышаецца тэмпература, і з-за гэтага біялагічныя працэсы таксама ідуць хутчэй. Асабліва гэта важна для тых, хто выкарыстоўвае потым гэтае лісце як угнаенне.

Як паліць смецце

Сёлета ў красавіку былі ўнесеныя змены ў Правілы пажарнай бяспекі Беларусі. Цяпер можна паліць лісце. Галоўнае – выконваць тэхніку пажарнай бяспекі.

Галоўны спецыяліст інспекцыі дзяржпажнагляду Андрэй Кайко патлумачыў, што паліць смецце і адходы можна, але на пляцоўках, якія абкапаныя канаўкамі шырынёй не менш за 0,25 метра. Абавязкова ў бязветранае надвор’е. Адлегласць ад будынкаў павінна быць не менш за 15 метраў, а ад лесу – не менш за 25 метраў, а ад сціртаў сена ці саломы – не менш за 30 метраў.

Каля пляцоўкі для спальвання смецця павінен быць вогнетушыцель, не менш за 10 літраў вады і рыдлёўка.

Але паліць не варта

Такой думкі прытрымліваецца намеснік дырэктара па праграмных пытаннях Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.

– Асабліва калі гэта гарадское лісце, – тлумачыць ён. – Таму што яно накоплівае цяжкія металы. Калі лісце паляць, гэтыя элементы трапляюць у паветра, і мы мусім ім дыхаць. Я, безумоўна, не раю паліць лісце. Найлепш рабіць з яго кампост. Тым больш, што тым, у каго ёсць прыватная гаспадарка, яго можна выкарыстаць як ўгнаенне.

Даведка “РГ”. Кампост – угнаенне, якое атрымліваюць з адходаў расліннага, мінеральнага і жывёльнага паходжання.

Настасся РОЎДА, Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.