І гэта не дзіўна! Бо калі раней гумовыя боты былі чорныя і цяжкія, то сёння ў крамах можна пабачыць і чырвоныя, і блакітныя, і з кветачкамі. Як вынік – насіць гумовыя боты стала нябрыдка і нават модна!

Рэакцыя грамадства на гэта самая розная: адны бяруцца за галаву ад жаху, бо лічаць, што падобны абутак не варты таго, каб насiць яго ў горадзе, іншыя ж, наадварот, вельмi добра ставяцца да новай моды i нiчога благога ў гэтым не бачаць.

Адкуль наогул з’явiлiся гумовыя боты на нашых вулiцах? Паспрабуем разабрацца, цi вартыя яны ўвагi, або ўсё ж трэба пакiнуць iх для паходаў у грыбы i ягады.

Упершыню гума з’явiлася ў Амерыцы ў пачатку ХІХ стагоддзя, калi амерыканскі вынаходнік Чарльз Гудзiер злучыў каўчук з серай пад дзейнасцю высокiх тэмператур. З яе пачалi вырабляць не толькі боты, але і шмат чаго іншага.

У 1856 годзе амерыканцы Спэнсар Пармэлi i Генры Норыс у Шатландыі заснавалi  адну з самых вядомых фiрм па вырабе гумовых ботаў – “Hunter”. Спачатку гэтыя боты насiлi толькi паляўнiчыя ды фермеры, але цяпер такія мае амаль кожны еўрапеец.

Невядома, цi ўбачылi б мы гумовыя боты на вулiцах горада, каб у 2005 годзе вядомая брытанская мадэль Кейт Мос не абула боты “Hunter” на музычны фестываль. Пасля гэтага яны сталi настолькi папулярнымi, што за iх выраб узялiся такiя знакамiтыя дызайнеры, як Prada, Burberry, Jimmy Choo, Chanel.

Cёння ў крамах можна знайсцi самыя разнастайныя мадэлi на любы густ: i з дэкорам, i з абцасамi, i нават пад кракадзiлаваю скуру. Вырабляюць гумовыя боты і беларускія вытворцы.

І набыць іх можна без цяжкасцей, нават на вілейскім рынку. Дарэчы, цэны на такi абутак значна меншыя, чым на звычайныя асеннiя боты. Ды i карысць ад iх значная: вельмi часта бывае так, што мы купляем  дарагi скураны абутак, але праз некаторы час заўважаем, што пад уздзеяннем хiмiчных рэчываў, якія ёсць на нашых вулiцах, ды i проста вялiкай колькасцi вады яны вельмi хутка псуюцца i губляюць свой прыгожы знешні выгляд. Зрабiць у такiм выпадку ўжо нiчога немагчыма, i грошы за абутак, які, дарэчы, вельмi дарагi сёння, назад не вернеш. Гумовыя ж боты можна насiць смела, а калi i сапсуюцца, то гэта будзе не так адчувальна для вашага бюджэту.

Мінусы таксама ёсць. Медыкі папярэджваюць: калi хадзiць у гумовых  ботах штодзённа, можна нашкодзiць сваiм нагам, бо гума не дае магчымасцi iм дыхаць. А гэта можа прывесцi да ўзнiкнення грыбка.

Калi ж не злоўжываць, то нiякай пагрозы няма, i можна, як у дзяцiнстве,  смела хадзіць  па лужах i радавацца кожнаму восеньскаму дню, нават калi ён дажджлiвы.

Таццяна УЛАДЫКА.

Фота Настассі РОЎДЫ.