З нагоды падрыхтоўкі да святкавання 150-годдзя студзенцкага паўстання 1863 года вілейская суполка “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” (ТАП) на чале са старшынёй Дзянісам Канецкім зладзіла суботнік у капліцы-пахавальні Козел-Паклеўскіх ў вёсцы Вялікая Сэрвач.

Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў паўстанцкім ваенным кіраўніком Вілейскага павета і разам са сваім малодшым братам Міхалам загінуў у баі з царскімі карнікамі каля вёскі Уладыкі. А іх старэйшы брат Ян быў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Але ўжо у наш час нейкія зладзеі, якія не маюць ані страху, ані сумлення, разрабавалі магілы слыннага шляхецкага роду. У пошуку каштоўнасцей гэтыя вандалы вырвалі краты з акенца ў падмурку капліцы, улезлі ў сутарэнні і, разбіўшы труны, раскідалі косці па ўсім склепе.

Таму ў суботу, 6 кастрычніка, сябры вілейскай суполкі ТАП вырашылі ўладкаваць месца пахавання змагароў-паўстанцаў.

Вакол капліцы вырвалі кустоўе, косці склалі ў труны, а акенца ў падмурку замуравалі цэглай.

Таксама дамовіліся з пробашчам Касцяневіцкага касцёла, каб правесці набажэнства ў капліцы на Дзяды.

Зміцер ХАЦЕНЧЫК.

Даведка “РГ”. Козел-Паклеўскія. Старажытны шляхецкі род уласнага герба “Козел” у ВКЛ. Паходзяць з Прыдняпроўя. Родапачынальнік Казёл у 1415 годзе быў паслом вялікага князя ВКЛ у г. Вісліца (Польшча). У 1504 узгадваюцца Ян і Мікалай Казлы, ложнічыя караля і вялікага князя ВКЛ Аляксандра. Верагодна, у 16 стагоддзі Савіч Казёл перасяліўся з Прыдняпроўя ў паўночна-заходнюю Беларусь. З пачатку 17 стагоддзя род пачаў звацца Козел-Паклеўскія ад назвы свайго маёнтка Паклева ў Ашмянскім павеце; валодаў таксама Сухадоламі (Ашмянскі павет), землямі ў Віцебскім ваяводстве і інш. З 1667 да 1793 прадстаўнікі роду былі старостамі дзісенскімі, займалі розныя пасады ў Ашмянскім, Вількамірскім, Аршанскім паветах, Інфлянтах. У канцы 18 стагоддзя ўтварыліся дзве новыя галіны роду: літоўская з сядзібай у Антокалі (Вількамірскі пав.) і віцебская з сядзібай у Быкаўшчыне (Лепельскі пав.).

Фота Дзяніса КАНЕЦКАГА, Зміцера ХАЦЕНЧЫКА.