У сераду, 10 кастрычніка, у свеце адзначылі Дзень супраць смяротнага пакарання. Для Беларусі пытанне аб ім застаецца адкрытым. Наша краіна − адзіная дзяржава і Еўропы, і СНД, у якой усё яшчэ існуе гэты від пакарання.

Сёлета ў гэты дзень да кіраўніцтва Беларусі чарговы раз звярнуліся прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза і Рады Еўропы з заклікам абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне. У заяве падкрэсліваецца, што бездакорных сістэм правасуддзя не існуе, і таму любая судовая памылка можа прывесці да гібелі нявінных людзей. Да таго ж, як паказвае сусветная практыка, існаванне пакарання не памяншае колькасць злачынстваў.

Для Беларусі смяротнае пакаранне перакрывае шлях у Раду Еўропы. Згодна з нашым заканадаўствам, да гэтай меры пакарання могуць прысудзіць толькі мужчын, старэйшых за 18 гадоў і маладзейшых за 65. Прыгаворанага расстрэльваюць не публічна. Права памілаваць асуджанага мае толькі Прэзідэнт Беларусі.

Асаблівыя дыскусіі выклікае таксама і стаўленне да чалавека, які атрымаў смяротны прысуд. Ні асуджанага, ні яго сваякоў не папярэджваюць, калі ён будзе пакараны. Родныя не маюць права развітацца з асуджаным і прысутнічаць на пакаранні. Яго асабістыя рэчы ім таксама не выдаюцца. Родным не кажуць, дзе пахаваны расстраляны, таму ў будучыні яны не могуць наведваць магілу. Пасля здзяйснення прыгавору целам распараджаюцца прадстаўнікі СІЗА.

Заканадаўцы ў Беларусі разглядаюць магчымасць адмены гэтага віду пакарання. Згодна з пастановай Канстытуцыйнага суда ад 1 сакавіка 2004 года, Канстытуцыя Беларусі дазваляе прымяніць мараторый на выкарыстоўванне смяротнага пакарання ці поўнасцю яго адмяніць. Акрамя таго, суд вырашыў, што некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса (пункт 11 першай часткі артыкула 48 і артыкул 59) супярэчаць Канстытуцыі, бо ў іх не ўказваецца на часовы характар смяротнага пакарання.

“Даваць адзнаку складана”

Сітуацыю каментуе пракурор Маладзе­чанскага раёна Роберт Зубаіраў:

− Не па любым артыкуле можна расстраляць. Толькі за асабліва цяжкія злачынствы. Як правіла, гэта злачынствы супраць дзяржавы, тэрарызм, бандытызм, забойства з абцяжваючымі абставінамі. На практыцы атрымоўваецца, што гэта ці забойства з карысці, ці групай асоб, ці з асаблівай жорсткасцю.

Дакладную статыстыку ўжывання смяротнага пакарання ў Беларусі складана прывесці. Такія злачынствы разглядаюцца абласнымі судамі або Вярхоўным судом. За час маёй працы ніводнага прыгавору са смяротным пакараннем на тэрыторыі Маладзечанскага раёна не было вынесена. Былі злачынствы, за якія маглі прыгаварыць да смерці, але не прыгаворвалі.

Гэта выключная мера пакарання, якая прымяняецца за злачынствы. Бесчалавечная і з пункту гледжання закона, і з маральнага пункту гледжання.
Я не прыхільнік смяротнага пакарання, бо судзяць простыя людзі, хоць і спецыялісты. А людзям уласціва памыляцца. Судовыя памылкі павінны выпраўляцца. А калі чалавека няма, то што можа быць выпраўлена? Сусветная практыка ідзе да таго, каб яго не прымяняць менавіта з-за гэтага.

Даваць адзнаку складана. Усё залежыць ад злачынства і ўспрымання яго грамадствам. Але як, напрыклад, патлумачыць сваякам рашэнне суда, калі іх блізкага забіваюць самым жорсткім чынам без усялякай прычыны? Асабліва жанчын, дзяцей. Людзі ж павінны атрымліваць ад дзяржавы абарону.

Гэтая мера павінна існаваць, нават калі яе не прымяняць як дысцыплінуючую.

Аляксандра ПАРАХНЯ
Настасся РОЎДА.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.