Зоя заклеіла знутры шкельцы сонечных акуляраў, паабяцала заплюшчыць вочы, каб зусім нічога не бачыць, узяла ў руку парасон і адправілася на рынак па бананы і на абед у піцэрыю. Я ж узяла камеру, каб яе паздымаць, і моўчкі назірала, як яна спатыкалася і ўразалася ў сцены. Атрымаліся дзве гісторыі: з заплюшчанымі і расплюшчанымі вачыма.

 

Зоя.

З заплюшчанымі вачыма

Галоўная нязручнасць – дарогі. Калі яны ў ямінах, пастаянна спатыкаешся. Спрабуеш абысці, але рызыкуеш збіцца са шляху. І кійкі тут ніяк не дапамогуць, хіба толькі, хутчэй за ўсё, не патрапіш у якую-небудзь яміну.

Моцна перашкаджаюць бардзюры і прыступкі, нават калі ты ведаеш мясцовасць. Каб не паваліцца, кожны бардзюр трэба даследаваць на вышыню і шырыню. Калі ж дарожка роўная, то ісці можна даволі спакойна, без лішняга напружання і страху зламаць ногі.

Калі я падыходзіла да рынку райспажыўтаварыства, людзі пачалі звяртаць на мяне ўвагу і дапамагаць. Нехта падказваў, праз колькі метраў куды павярнуць, нехта, трымаючы мяне пад руку, праводзіў.

Але на рынку я разгубілася. Зусім не разумела, дзе якія прылаўкі. Падышла да таго, дзе чула гаворку пра вінаград. Але тут зноў перашкоды. Ты ж не ведаеш, колькі чалавек у чарзе, што тут прадаецца. Я доўга стаяла і ўжо пачала ісці далей, як прадавец сама паклікала мяне.

І зноў ступар: а як я палічу грошы? Намацала ў сябе 100-тысячную купюру, падала і трымала руку, пакуль жанчына не паклала мне рэшту і бананы.
Калі я пачала шукаць піцэрыю, нейкі мужчына сам падбег да мяне, вывеў з рынку і патлумачыў, як ісці. Я, праўда, нават не зразумела, каля якога выхаду знаходжуся. Але неяк усё ж такі дайшла, сама купіла піцу, праўда, забраць не змагла. Потым аказалася, што афіцыянт падавала яе проста ў рукі, але я гэта не адчула.

Есці мне было вельмі няёмка і, як потым аказалася, нездарма. Не бачыш, як адламаць кавалак, каб сябе не запэцкаць.

На Маладзечаншчыне 500 інвалідаў па зроку

Пабыўшы гадзіну “без зроку”, хочацца звярнуцца да людзей. Калі вы ўбачылі невідушчага чалавека:

1.    Падыдзіце да яго самі і прапануйце дапамогу. Без зроку чалавек вельмі безабаронны і няўпэўнены.

2.    Не пытайцеся, што з чалавекам здарылася.

3.    Прадаўцы, вельмі зручна, калі вы агучваеце асартымент і кошты.

Больш за ўсё мяне ўразіла спагадлівасць людзей. Яны самі падыходзілі да мяне. Мне ажно сорамна стала, што прыкідваюся.

Настасся.
З расплюшчанымі вачыма

Не ведаю, у якім месцы было сорамна Зоі, бо сорамна павінна было быць мне. Людзі, як заўважалі, што я яе здымаю, пачалі на мяне сварыцца, як толькі маглі. І гэта не дзіва, бо я маўчала, нават калі Зоя ішла прама на  слуп. У пэўны момант я падумала, што магу і ў нос атрымаць. 

З іншага боку, гэта правільна,  бо здымаць інваліда – сапраўдная знявага, таму шчыра прашу прабачэння ў Зоі, але думаю, што яна не пакрыўдзілася.

Затое цяпер я спакойная, што людзі заступяцца, калі ўбачаць падобнае.

Зоя ХРУЦКАЯ,
Настасся РОЎДА (відэа).