Ад маладзечанак нярэдка пачуеш нараканні на радзільню, нібы ў ёй далёка не ўсё адаптавана для таго, каб жынчына напоўніцу адчула шчасце мацярынства з першых дзён. Давайце паглядзім, як дапамагаюць выйсці з “цікавага становішча” жанчынам у Літве.

Літоўка Марыяна Суткене стала мамай сем месяцаў таму, ёй самой 26 год. Сваю дачку яна назвала старажытнабалцкім імем Мантэ.

Грошы за аналізы

Як толькі Марыяна даведалася, што цяжарная, адразу пайшла да сямейнага доктара. Гэта накшталт нашых участковых. Калі па яго накіраваннях звяртаюцца да іншых спецыялістаў, то за сеанс не трэба плаціць. Сямейны доктар ставіць на ўлік, накіроўвае на аналізы.

Кантроль за цяжарнасцю прыкладна такі ж, як і ў Беларусі. Толькі Марыяна магла дазволіць сабе на нейкія працэдуры не хадзіць:

– Я адчуваю сябе добра, дык навошта мне столькі часу праводзіць у паліклініках? – мяркуе яна. – Гэта можа аказацца куды больш небяспечным.

У Беларусі будучыя мамы не такія свабодныя: участковыя папярэджваюць, што адна з умоў атрымання аднаразовай грашовай дапамогі – гэта выкананне ўсіх іх прадпісанняў.

Дзяржаўная дапамога

Беларускі атрымліваюць дапамогу за тое, што сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці (у нас такая дапамога – каля 840 тысяч рублёў), а літоўкі – не.

– Мне здаецца, любая нармальная жынчына стане на ўлік да 12 тыдняў, таму што зразумее нешта незвычайнае. Ніхто за гэта грошы не плаціць, – каментуе Марыяна.

За нараджэнне дзіцяці літоўка атрымлівае ад дзяржавы аднаразовую дапамогу – 1430 літ (каля 4,5 мільёна рублёў). Беларускі атрымліваюць больш. За нараджэнне першага дзіцяці – 8,4 мільёна, другога і наступных – 11,8 мільёна рублёў.

Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем залежыць ад заробку. Калі жанчына ідзе ў дэкрэтны адпачынак на два гады, то першы год атрымлівае дапамогу роўную 70% заробку. Калі яе заробак быў 1000 літ (3,1 мільёна рублёў), то дапамога – 700 літ (2,2 мільёна рублёў).

Другі год выплачваюць 40% ад заробку. Пры зарплаце ў 1000 літ жанчына атрымлівае 400 літ (1,2 мільёна рублёў). Таму даволі папулярна, калі на другі год у дэкрэт выходзіць бацька, які звычайна мае большы заробак.

На трэці год мама ці тата таксама могуць выходзіць у дэкрэтны адпачынак, але без выплаты дапамогі. У першы месяц пасля родаў бацька можа ўзяць дадатковы адпачынак, каб дапамагаць жонцы.

У Беларусі штомесячная дапамога не залежыць ад заробку – каля 840 тысяч рублёў. У некаторых сем’ях ёсць надбаўка, напрыклад, на дзяцей, якіх выхоўвае адзін з бацькоў. Максімальная дапамога – каля 1,5 мільёна рублёў.

Як нараджаецца сям’я

Жанчыны ў Літве выбіраюць любую радзільню, якая ім больш падабаецца. Марыяна вырашыла нараджаць у Коўне. Менавіта таму, каб быць пад наглядам доктара, якая дакладна не стала б рабіць кесарава сячэнне без сур’ёзнай патрэбы.

Прыехаўшы ў радзільню, Марыяна аддала неабходныя дакументы і потым пайшла ў радзільны пакой. Муж стаяў на калідоры. Акушэрка сама  падышла да яго і прапанавала ісці да жонкі.

Пасля родаў дзіця абмываюць і адразу кладуць каля мамы. У радзільнай палаце сям’ю пакідаюць на дзве гадзіны. Чакаюць, калі дзіця само знойдзе грудзі і пачне смактаць малако. Потым прыходзіць акушэрка і дапамагае перайсці ў звычайную палату.

Яны бываюць і платныя, і бясплатныя. У бясплатных знаходзіцца максімум тры чалавекі. Марыяна ляжала ў платнай “сямейнай палаце”, якая каштуе 100 літ за дзень (каля 320 тысяч рублёў). Такія палаты прадугледжаныя для таго, каб у іх жыў і муж, а ўмовы там тыя самыя. Пасля нармальных родаў жанчына можа выпісвацца на наступны дзень, але дактары рэкамендуюць пачакаць тры дні.

Сямейная палата, у якой жыла сям’я Марыяны.

– За гэтыя тры дні ў радзільні мы сталі сапраўднай сям’ёй, – распавядае Марыяна. – Я адпачывала, маёй галоўнай задачай было карміць дачку, а муж клапаціўся пра нас. Гэта вельмі моцна збліжае і бацьку з дзіцем, і нас з ім. Важна, што там вельмі ўважліва ставяцца да кармлення грудзьмі.

Свет – гэта не цацкі

– Калі мае знаёмыя даведаліся, што ў мяне будзе дзіця, многія казалі, што гэта вельмі дорага, бо дзіцяці столькі ўсяго трэба. Некаторыя з-за гэтага на шмат гадоў адкладаюць нараджэнне дзяцей. Я з гэтым не згодная. На мой погляд, дзіця павінна расці ў натуральных умовах. Дзецям купляюць безліч рэчаў, напрыклад, столікі для спавівання, развіццёвыя дыванкі, многія цацкі, якія даволі дарагія і абсалютна непатрэбныя.

Дзякуючы гэтаму дзіця не будзе каштаваць дорага. Я была вельмі здзіўленая, наколькі дзіця можа танна абыходзіцца. Калі дачка нарадзілася, блізкія далі нам адзенне, з якога выраслі іх дзеці, мы і паловы не паспелі панасіць, як яна з яго вырастала.

Я многа назірала за іншымі дзецьмі, але паглядзім, што ў нас атрымаецца, праз некалькі гадоў.

— На ваш погляд, цацкі наогул не трэба купляць?

– Дзіця павінна вывучаць свет, і цацкі ў гэтым дапамагаюць. Але калі іх шмат, то свет для дзіцяці становіцца цацачным. Цэняцца толькі рэчы. І дзеці вучацца гэтаму ад бацькоў. У мяне ёсць знаёмыя, чые дзеці, калі прыходзяць у госці, адразу бяруць тэлефон і гуляюць з ім. Паглядзіце, тэлефон жа зусім нецікавы прадмет, чорны, навошта ён дзіцяці? Але ён жа бачыць, што маме гэты тэлефон важны, значыць, і яму такі трэба. Ёсць і іншы прыклад. Таксама знаёмыя, і калі яны прыходзяць, я даю толькі лісток і звычайную ручку – і дзіцяці цікава маляваць.

Гэта тэндэнцыя вельмі добра бачная ўжо на нашым пакаленні, якое вырасла ў час, калі з’явілася шмат розных рэчаў. І гэта стварае свет, у якім рэчы становяцца важней за адносіны, важней за людзей. Пачынаецца з цацак, потым з’яўляюцца дарослыя цацкі – тэлефоны, машыны.

Сяброў у школе выбіраюць не па тым, з кім цікава, а ў каго лепшы тэлефон. Людзі вакол гавораць не пра пачуцці, а пра рэчы, бацькі з дзецьмі гавораць – пра рэчы, рэчы становяцца важнейшымі за ўсё іншае.

Гэта не маё адкрыццё, такі погляд называецца антыкансюмерызмам, які я актыўна прапагандую. Для мяне вялікае шчасце, што муж падзяляе мой погляд.

– Каб дзіцяці былі важныя не рэчы, трэба проста зрабіць цацкі рэдкасцю?

– Я не хачу сказаць, што дзіця не павінна нічога мець. Можна разам прыйсці ў краму і сказаць: “Вось у цябе ёсць столькі грошай. Можаш выбраць на іх, што падабаецца, але толькі на гэтую сумму”.

Ці яшчэ прыклад. Цяпер папулярныя ў продажы такія цацачныя домікі для гульні дзяцей. Можна купіць такі домік. Але можна узяць нейкую каробку, усёй сям’ёй расфарбаваць, расклеіць і стварыць сваё. Ніякая іншая цацка не навучыць лепш ствараць і думаць, не падорыць столькі эмоцый, як тая, што зробяць бацькі разам з сынам ці дачкой.

Яшчэ адзін момант, які важны для выхавання. Некаторыя бацькі залішне апякаюць дзяцей і гэтым не даюць ім спазнаць свет такім, які ён ёсць.

Вось, напрыклад. У нас на падлозе ляжыць матрац. Мантэ па ім поўзае і час ад часу падае з яго на падлогу. Кожны раз у мяне ўзнікае інстынктыўнае жаданне падбегчы і не дазволіць ёй зваліцца. Але я сябе стрымліваю. Таму што, калі яна сама не зваліцца, не будзе разумець, што там небяспека, не будзе вучыцца кантраляваць свае дзеянні самастойна, вучыцца не рабіць усё, што захочацца.

Гэта вельмі цяжка для мяне маральна. Але ва ўсім гэтым і заключаецца праца бацькоў, праца над выхаваннем.

Даведка “РГ”. Антыкансюмерызм – грамадска-палітычны рух супраць прыраўноўвання ўзроўню асабістага шчасця да ўзроўню спажывецтва і матэрыяльных даброт.

Беларуская радзільня не дазваляе маці выбіраць

Некалькі заўваг і пажаданняў маладзечанскай радзільні ад маладых мам.

1. Адносіны дактароў да парадзіхі “на аўтамаце”, без ніякага энтузіязму. Жанчыны ў гэты час вельмі адчувальныя, таму ім неабходна ўсё тлумачыць, гаварыць мякка і тактоўна, асабліва калі побач няма мужа.

2. У агульных палатах наведванне забароненае. Жанчыны з платнай палаты могуць выходзіць у хол да сваякоў, тыя таксама могуць прыходзіць да іх у час, калі дазволенае наведванне.

3. Платных палат мала, не хапае усім ахвотных. Пачатак мацярынства – вельмі інтымны працэс, нямногія хочуць знаёміцца са сваім дзіцем пры чужых. Да таго ж, не даводзіцца прачынацца па некалькі разоў за ноч ад плачу іншых дзяцей. Для жанчыны, якая толькі нарадзіла, вельмі важна, каб можна было наведаць цёплы душ. Прычым адразу, калі ёй зручна, а не стаяць у чарзе.

4. З іншага боку, у агульных палатах ёсць карысць. Жанчыны, якія на дзень-два нарадзілі раней, ужо вопытныя і могуць навучыць спавіваць дзіця, мяняць падгузнік. Медсёстры таксама вучаць, але не ўсе могуць навучыцца з першага разу. Наогул, многія мамы лічаць непатрэбным спавіваць дзіця, але радзільня не дазваляе маці выбіраць.

5. Сустрэчы ў школах бацькоўства нямногаму вучаць – многае жанчыны і самі прачытаюць у сеціве. А вось што насамрэч трэба – гэта псіхалагічная падтрымка, якой вельмі не хапае.

6. Радзільня не прапаноўвае фізічныя заняткі для цяжарных, якія дапамаглі б гарманічна адчуваць сябе ў новым стане, падтрымліваць цела ў тонусе.

Вось што прыгадвае маладая мама Паліна:

                         – Безумоўна, радзільня – не казка. Але і кепска пра яе не скажаш.

                         Ёсць вялікія мінусы. Я нараджала ў сакавіку. Калі мяне рыхтавалі да родаў, было вельмі холадна.

                         Пасля ўсіх працэдур даводзілася    абмывацца з коўшыка, бо душ не прадугледжаны.

                         Я гэта не зразумела. У цябе схваткі, а тут холад і гэты коўшык.

                         Ты з сумкамі рэчаў. Цябе пераводзяць у радзільнае аддзяленне… холад…табе не да гэтых папер, якія трэба падпісваць.

                         Наконт персанала – у цэлым нармальны, але ёсць асобныя людзі…

                         Так што ўсім будучым мамам – не бойцеся і займайцеся сабой.

Колькі грошай на дзіця маюць беларускі і літоўкі?

Улічваем, што ў абедзвюх сем’ях гэта першае дзіця, заробак маці – 3,1 мільёна рублёў, у дэкрэтным на тры гады, сям’я поўная (у пераводзе на рублі, акруглена).

Від дапамогі

Літва

Беларусь

Маці, якая стала на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці

840 тысяч

Аднаразовая выплата ў сувязі з нараджэннем дзіцяці

4,5 мільёна

8,4 мільёны

Дапамога па доглядзе за дзіцем да аднаго года (штомесяц)

2,2 мільёна

840 тысяч

Дапамога па доглядзе за дзіцем да двух гадоў (штомесяц)

1,2 мільёна

840 тысяч

Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў (штомесяц)

840 тысяч

Усяго

45,3 мільёна

39,2 мільёна


 Зоя ХРУЦКАЯ.