Аматары беларускай народнай стравы сабраліся ў Вілейцы ўжо ў чацвёрты раз. У аўторак, 30 кастрычніка, гарадскі прафесійна-тэхнічны каледж аб’яднаў нераўнадушных да бульбы вілейчан.

Напачатку гасцей мерапрыемства чакаў экскурс у гісторыю гародніны. Вілейчане даведаліся, як бульба патрапіла ў Еўропу, як дабралася да Беларусі і стала тут народнай стравай.

У конкурснай праграме каманда “Смак” супрацьстаяла “Бульбашам”. Удзельнікамі сталі навучэнцы ўсіх трох курсаў каледжа. Лепшыя вызначаліся ў гатоўцы, афармленні стравы, падачы і паяданні на хуткасць. Пераможцамі стала каманда “Смак”, у якую ўваходзілі Дзмітры Анасовіч, Надзея Ягур і Антон Паўлоўскі. На другім месцы размясціліся Аляксандр Піляк, Анастасія Рыжэвіч і Уладзіслаў Кавалёнак.

– Сёлета кожную каманду прадстаўляе два хлопчыкі і адна дзяўчынка, – расказвае дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа Ігар Кіцікаў. – Гэта яшчэ раз падкрэслівае той факт, што повар – не толькі жаночая прафесія. Не дарма ж самыя вядомыя шэф-повары ў свеце – мужчыны!

Навінка шоу ў гэтым годзе – дранікі з уласнай бульбы. Сёлета каманды гатавалі з садавіны, якую вырасціў Вілейскі сельскагаспадарчы ліцэй. Навучэнцы самі саджалі бульбу, самі гатавалі дранікі, самі ж іх і елі.

Абедзве каманды атрымалі невялікія падарункі.

– Мы плануем пашыраць межы нашага мерапрыемства, – кажа спадар Ігар. – Можна сказаць, што мы ўжо выраслі з кароценькіх штанішак, таму будзем выходзіць за межы горада і раёна. Спадзяюся, у наступным годзе да нас далучацца іншы гарады Беларусі, дзе ёсць навучальныя ўстановы, што рыхтуюць повараў. Папярэдняя дамоўленасць ёсць ужо са Слуцкам, Барысавам, Маладзечнам. А далей, можа, выйдзем і на рэспубліканскі ўзровень.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота забяспечана Ігарам КІЦІКАВЫМ.