Першы суверэнны чэмпіянат Беларусі па футболе прайшоў у 1992 годзе. Ён быў скарочаны, аднакругавы, завяршыўся ўжо ў чэрвені. Так зрабілі кіраўнікі федэрацыі футбола, каб паспець заявіць нашы каманды ў еўрапейскія клубныя турніры.

Дарэчы, гэтага дазволу мы не атрымалі, таму прыйшлося беларусам выходзіць на еўракубкі толькі праз год.

З таго часу праляцела дваццаць гадоў. Кінемся цяпер ва ўспаміны. У вышэйшую лігу былі ўключаныя шаснаццаць камандаў. “Дынама” (Мінск) з саюзнай вышэйшай лігі. Пяць калектываў з абласных цэнтраў, якія гулялі ў саюзнай другой лізе: “Днепр” (Магілёў), “Дынама” (Брэст), “Хімік” (Гродна), КІМ (Віцебск), “Гомсельмаш” (Гомель). Дзевяць калектываў з чэмпіянату БССР 1991 года: “Металург” (Маладзечна), “Трактар” (Бабруйск), “Тарпеда” (Магілёў), “Тарпеда” (Мінск), “Шахцёр” (Салігорск), “Абутнік” (Ліда), “БелАЗ” (Жодзіна), “Будаўнік” (Старыя Дарогі), “БКБ-Лакаматыў” (Віцебск). І яшчэ новы калектыў “Ведрыч” (Рэчыца), дзе знайшлі сабе моцнага спонсара.

Гулялі ў вельмі сціслыя тэрміны, па два разы на тыдзень.

Праўда, многія спецыялісты казалі, што гэта і няблага. Унутры рэспублікі, далёка ездзіць не трэба, таму лепш часцей гуляць, чым увесь час трэніравацца.

Мінскае “Дынама” захавала амаль увесь свой склад, маючы надзею сустрэць моцных праціўнікаў у еўракубках. Канешне, футбалісты прызвычаіліся ездзіць у Маскву, Кіеў, Тбілісі і гэтак далей. Цяпер прыйшлося даведацца, што такое раённыя цэнтры.

Маладзечанскі “Металург” падышоў да першага суверэннага чэмпіянату таксама ў якасці аўтарытэтнай каманды. У мінулым сезоне быў выйграны чэмпіянат БССР, Кубак БССР, але галоўнае: Кубак СССР сярод калектываў фізкультуры. У выніку каманда атрымала права заявіцца ў саюзную другую лігу. Зімою рыхтаваліся адпаведныя дакументы, аднак саюзны чэмпіянат разваліўся, пачалася суверэнная пара. Зразумела, што гэтыя поспехі трымаліся на шырокіх плячах тагачаснага дырэктара завода парашковай металургіі Генадзя Карпенкі, а таксама на спартыўным досведзе галоўнага трэнера Сяргея Бароўскага.

Па праўдзе кажучы, не ведаю, ці то воляй сляпога жэрабя, ці то спецыяльна так зрабілі, але ў першым туры маладзечанцы і мінчане мусілі гуляць між сабою. Атрымаўся сапраўдны матч-адкрыццё.

18 красавіка на мінскім стадыёне “Дынама” сабраліся шэсць тысяч гледачоў.

Гульня выдалася ўпартая, баявая, а скончылася з пачатковымі нулямі на табло. Канешне, гэта нічыя парадавала нашу каманду і яе балельшчыкаў.
У стартавым складзе тады выйшлі наступныя футбалісты: варатар Мікалай Абрамовіч, абаронцы Сяргей Гоманаў, Леанід Кучук (цяперашні галоўны трэнер украінскага “Арсенала”), Аляксандр Лебедзеў, Дзмітры Сырэль, паўабаронцы Віталь Казяк (цяперашні трэнер маладзечанскай “Забудовы”), Аляксандр Кісцень, Дзмітры Крук, Мікалай Тарасевіч, нападаючыя Сяргей Бараноўскі і сам Георг Кандрацьеў, цяперашні галоўны трэнер нацыянальнай зборнай.

Сярод тых, хто выйшаў на замену, быў нападаючы Аляксандр Вяжэвіч, лепшы ў складзе каманды 1991 года, які толькі аднавіўся ад складанай траўмы, атрыманай зімою.
У тыя дні для балельшчыкаў усё было новым і незвычайна прыцягальным.

Першы дамашні матч. 25 красавіка, сапернік – “Гомсельмаш”, лік 1:1, 5600 гледачоў.
Першая перамога. 29 красавіка, сапернік – “Шахцёр”, лік 3:0 на выездзе.
Першы розыгрыш Кубка краіны. Выхад у паўфінал. 3 чэрвеня, сапернік – “Дынама” (Мінск), лік 2:3 на выездзе.

Тады ў чэмпіянаце яшчэ існавала старая сістэма, згодна з якой за перамогу налічваліся два ачкі. Тройку прызёраў склалі мінскае “Дынама” (25 ачкоў), магілёўскі “Днепр” (24 ачкі), брэсцкае “Дынама” (19 ачкоў). Наш “Металург” заняў дзявятае месца (15 ачкоў), маючы аднолькавую колькасць (па пяць) перамог, нічыіх і паражэнняў, розніцу мячоў 11-12.

Сваё апошняе выступленне ў вышэйшай лізе маладзечанская каманда правяла ў 2003 годзе. Такім чынам, сёлета дваццаць гадоў ад пачатку суверэнных чэмпіянатаў, а ў наступным сезоне будзе ўжо дзесяць гадоў, як нас няма сярод лепшых.

На працягу наступных месяцаў у “Рэгіянальнай газеце” з’явіцца некалькі артыкулаў, дзе прасочым самыя запамінальныя моманты таго часу. Тады на гарадскім стадыёне змагаліся наймацнейшыя дружыны рэспублікі, а нашы футбалісты (праўда, большасць з іх былі прыезджыя) у некаторыя сезоны атрымлівалі грошы, як і належыць на гэтым узроўні.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Фота www.football.by