Рок-канцэрт “Rock on the Stage” прайшоў у Доме культуры чыгуначнікаў 28 кастрычніка.

Пачаўся ён з так званага “разагрэву”: выступлення Krusnik_02 і S.H.O.W. І сапраўды,  падбадзёрыць публіку ім удалося дастаткова хутка. Моцныя цяжкія гукі напоўнілі залу, і весялосць пачалася.

Арганізаванае светлавое шоу толькі дапоўніла яркасць і незвычайнасць таго, што адбываецца. А потым на сцэну пусцілі дым.

Да ўжо трохі разгарачанай публікі выйшла выступіць маладзечанская рок-група DSF.  Утварылася яна не так даўно, у студзені 2011 года, аднак хлопцы ўжо дасягнулі велізарных поспехаў. На сцэне прагучалі дзевяць іх кампазіцый, з іх дзве – павольныя, лірычныя. Астатнія ж зараджалі гледачоў энергіяй року і мелі назвы, якія кажуць самі за сябе: “Табе вырашаць”, “Устань і рабі”, “Не згодны”, “Я ненавіджу пафас”… Таксама маладыя музыканты праспявалі песню метал-гурта Metallica.

Вакаліст і рытм-гітарыст DSF Андрэй Кажан прызнаўся, што менавіта “Metallica”, ды і наогул класіка року аказалі істотны ўплыў на творчасць групы і яе ўдзельнікаў.

Пасля апошняй кампазіцыі DSF “Хлусня” на сцэну выйшлі не менш таленавітыя хлопцы з Carlos Saint Drum&Bass. З дапамогай бас-гітары і ўдарных інструментаў яны працягвалі гарачае шоу. Першакласны гук не мог не цешыць, паветра ў зале іскрылася сапраўдным рок-святам.

І калі музыкі пачалі развітвацца з публікай, тая зусім не жадала іх адпускаць: і “біс” крычала, і прасіла, і пляскала ў далоні. У рэшце рэшт хлопцы з Carlos Saint “здаліся” і яшчэ на некалькі хвілін затрымаліся на сцэне.

Гледачы сыходзілі задаволеныя цалкам.

Дарэчы, арганізатар  шоу, Аркадзь Казырскі, са сцэны паабяцаў гледачам, што наступны канцэрт плануецца на снежань, “у якім-небудзь добрым клубе”.

Даведка РГ. Metallica – амерыканская метал-група, заснаваная ў Лос-Анджэлесе 15 кастрычніка 1981 года гітарыстам і вакалістам Джэймсам Хэтфілдам і барабаншчыкам Ларсам Ульрыхам. Выконвае музыку ў стылі трэш-метал і хэві-метал.

Песня – калі ёсць што сказаць

Андрэй Кажан, вакаліст, гітарыст, заснавальнік групы DSF, расказаў пра яе “закадравае жыццё”.

– Гурт пачаў збіраць я. Проста мне заўсёды падабаўся жывы гук: вар’яцкія барабаны, бас і рытм-гітара, сола-гітара і чысты вакал. Упершыню мы выступілі на сцэне музычнага вучылішча на конкурсе “Час жыць” у красавіку мінулага года. Там жа ўпершыню я спяваў свае песні ў мікрафон, на той момант іх было ўсяго дзве. А цяпер акрамя тых, што мы выконвалі на сцэне, ёсць яшчэ інструментальная кампазіцыя, над некалькімі новымі песнямі вядзецца праца, шмат задум! Дарэчы, кожная з нашых песень мне падабаецца па-свойму, кожная звязаная з якім-небудзь перажытым пачуццём, станам, а каму якая спадабалася ці не спадабалася, хай вырашае сам.

– Якой была ваша першая песня?

– Называецца “Хлусня”, мы ігралі яе апошняй на “Rock on the Stage”. Што падштурхнула на стварэнне… Проста ўзяў гітару, было што сказаць, ды напісаў песню.

– З чаго ж пачалося тваё захапленне рокам?

– Мне падабаецца добрая музыка, і не важна, што за яна. Сярод року такой музыкі проста значна больш: тут ёсць пратэст, індывідуальнасць і  энергія, яна самабытная! Існуе шмат добрай музыкі, але рок ёсць рок!

Таццяна КАСЬЯН.

Фота Юліі ПАГОЦКАЙ.