У панядзелак, 29 кастрычніка, у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар Маладзечна спадар Пётр. Ён скардзіўся на якасць кілбасы, якую набыў у маладзечанскай краме па цане больш за 100 тысяч рублёў за кілю.

– Гэта жах, якога мала! – вельмі каларытна выказаўся спадар Пётр. – Кілбаса дакладна пахне хлоркай!
Карэспандэнты “РГ” разам з загадчыцай аддзялення гігіены харчавання Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццянай Кугарай накіраваліся ў краму. 

– Да нас першы раз звярнуліся са скаргай на пах хлору, – кажа Таццяна Кугара.

Нашаму прыходу ў краме не вельмі здзівіліся. Было бачна, што пра сітуацыю з кілбасой ведаюць усе – ад касірак да загадчыцы.

– Пасля скаргі мы нават прыбралі кілбасу з вітрыны, – кажа адна з касірак. – Але потым прагледзелі ўсе дакументы і вярнулі кілбасу на прылаўкі. Ды і з пакупнікоў больш ніхто да нас не звяртаўся са скаргамі.

На вітрыне бачым тую ж сыравэнджаную кілбасу. Вытворца – Валожынскае райспажыўтаварыства. Нюхаем усе па чарзе. Пах – звычайны для кілбасы.

– Магчыма, пакупніку не спадабаўся пах прыправаў, – мяркуе прадаўшчыца мяснога аддзела. – Але ж у кожнага свой густ! Да таго ж ён набыў кілбасу ў суботу, а прынёс яе назад толькі ў панядзелак. Мы вярнулі грошы. Партыю прывезлі менш за тыдзень таму, і іншых скаргаў на гэтую прадукцыю мы не атрымлівалі. 

Загадчыца крамы паказвае неабходныя дакументы: накладную на тавар, пасведчанне якасці і бяспекі ад вытворцы. Кілбаса была зробленая 22 кастрычніка.

Загадчыца аддзела харчавання не пабачыла ні ў дакументах, ні ў самой кілбасе нічога падазронага.

Куды звяртацца?

– Да нас жыхары горада звяртаюцца са скаргамі на прадукты харчавання, – кажа Таццяна Кугара. – Скардзяцца часцей на малочныя і мясныя вырабы, таксама садавіну. Усе рэкорды па скаргах б’е алкагольная прадукцыя.

Спадарыня Таццяна звяртае ўвагу на тое, што пры падазрэннях у якасці прадукцыі  трэба звяртацца ў цэнтр стандартызацыі і метралогіі.

– У аддзяленні гігіены харчавання мы не займаемся кантролем якасці прадуктаў, – тлумачыць загадчыца. – Мы разглядаем прадукцыю на паказчыкі бяспекі і тэрмінам прыдатнасці. Яны ўлічваюць  мікрабіялагічныя элементы (напрыклад, антыбіётыкі), а таксама санітарна-таксічныя: пестыцыды, нітраты, радыёактыўныя элементы. Таму са скаргамі на якасць раім звяртацца ў Цэнтр стандартызацыі.

Пры паступленні скаргі на якасць праводзіцца праверка не канкрэтнага прадукту, які набыў пакупнік, а часткі партыі.

На праверку менавіта таго прадукту, за які чалавек аддаў грошы, можна разлічваць толькі ў выпадку, калі ёсць канкрэтныя факты захворвання ці атручвання.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.