У век Інтэрнэта, калі інфармацыю ўсё цяжэй фільтраваць, калі свабодную думку можа выказаць амаль кожны, часам складваецца ўражанне, што і няма на каго раўняцца? А такія людзі былі і ёсць!

У Адэсе была ўсталяваная лавачка, з якой адкрывалася прыгожая панарама ды гарызонты да Чорнага мора для капітанаў караблёў. І жыхары гэта добра ведалі і не займалі яе. А чаму б нам у горадзе не зрабіць такую лавачку для былых дырэктараў прадпрыемстваў і арганізацый?

А чаму для іх? Таму што многім з іх мы абавязаныя тым, што ёсць у нашым горадзе. Як казалі раней, начальніку першая чарка і  першая палка. Як там з чаркай, не ведаю, а вось што даставаліся палкі, гэта мне добра вядома.

Таму цяпер мне хочацца пасадзіць на такую лавачку былога дырэктара Маладзечанскага вучэбна-вытворчага прадпрыемства беларускага таварыства інвалідаў па зроку Анатоля Еніна.

Ёсць на каго раўняцца. З біяграфіі Анатоля Еніна

Анатоль Міхайлавіч Енін нарадзіўся ў 1929 годзе. Праз два гады захварэў на менінгіт і страціў зрок. У 11 год стаў вучыцца ў школе-інтэрнаце для сляпых. Хутка засвоіў азбуку Брайля, стаў чытаць кнігі. Школьныя навукі даваліся яму лёгка.

Адсутнасць зроку ён кампенсаваў фенаменальнай памяццю. Сілай волі і вялікім жаданнем не адчуваць сябе бездапаможным інвалідам развіў ў сабе іншыя здольнасці, якіх няма ў відушчых людзей. Ён ніколі ў нашым горадзе не хадзіў з кійком. Ён запамінаў дарогу.

У 1951 годзе Анатоль Міхайлавіч закончыў сярэднюю школу сляпых і паступіў ва Усесаюзны юрыдычны інстытут. Перавёўся ў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці юрыст-правазнаўца.

Ад 1955 года пачаў працаваць у Маладзечне настаўнікам пачатковых класаў школы рабочай моладзі, дзе вучыў работнікаў вучэбна-вытворчага прадпрыемства сляпых з першага да восьмага класа і сам вёў усе прадметы. Нагрузка была страшэнная, але ён быў малады, упарты і таленавіты.

Не кожны відушчы настаўнік змог бы справіцца з такой працай. А ён акрамя вучобы кіраваў харавым калектывам гэтага прадпрыемства. Па яго ініцыятыве арганізавалі бібліятэку Брайлеўскай літаратуры. Акрамя падручнікаў бібліятэка стала атрымліваць шмат мастацкай літаратуры па Брайлю і ў звычайным варыянце.

Адкрыццё вучэбна-вытворчага прадпрыемства

Само вучэбна-вытворчае прадпрыемства адкрылі ў Маладзечне ў 1955 годзе. І тады інвалідаў па зроку было шмат. А такое прадпрыемства дазваляла ім самастойна працаваць, зарабляць грошы. А гэта для невідушчага чалавека – перамога над сваёй бядой. З’яўляўся гонар за тое, што ты, як і ўсе здаровыя людзі, можаш прыносіць карысць і сваёй сям’і, і грамадству.

Спачатку працавалі 13 інвалідаў па зроку і сем відушчых. Яны займаліся тым, што шылі коўдры.

Жылі інваліды ў адным будынку, разам з адміністрацыяй прадпрыемства, без вады і каналізацыі, без цэнтралізаванага ацяплення. Паліва даставалі, дзе ўдасца. І тым не менш, інваліды працавалі, вучыліся ў школе, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ездзілі з канцэртамі на другія прадпрыемствы і ў сельскія клубы. І ўсё гэта арганізоўваў Анатоль Енін.

Арганізатарскія здольнасці яго, як кажуць, былі бачныя няўзброеным вокам і для кіраўніцтва горада, і для цэнтральнага ўпраўлення Беларускага таварыства сляпых. У 1966 годзе яго назначылі дырэктарам гэтага прадпрыемства.

На яго плечы звалілася куча праблем. За адзін дзень задаюць тысячу пытанняў і на кожнае трэба даць беспамылковы адказ.  І вельмі часта даводзіцца прымаць рашэнне, не валодаючы ўсёй інфармацыяй цалкам.

Вось тут патрэбны грунтоўныя веды, добрая памяць, інтуіцыя і талент. У нас жа не вучылі на дырэктараў, прызначалі і кідалі як з чоўна ў рэчку – вучыся плаваць, а не то патонеш.

Праблемы прадпрыемства

А праблем перад прадпрыемствам было многа. У 1967 годзе працавала 105 інвалідаў, а ахвотных было значна больш. Але пашыў коўдраў, выраб трыкатажу і картанажнай прадукцыі не дазвалялі неабходнымі тэмпамі павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, уладкоўваць больш інвалідаў па зроку. Да таго ж, трэба выпускаць прадукцыю, не даражэйшую за тую, якую могуць зрабіць на звычайным прадпрыемстве.

Анатоль Міхайлавіч разумеў, як ніхто, што трэба шукаць новую прадукцыю. Варыянтаў было шмат, але абралі асваенне зборкі нізкавольтавай апаратуры. Гэта значыла прынцыпова змяніць усю тэхналогію вырабу. Былі патрэбны новыя інжынерна-тэхнічныя спецыялісты і тэхналогіі, па якіх змаглі б працаваць інваліды па зроку. Трэба было перабудаваць і памяшканні, і працоўныя месцы пераабсталяваць і абсталяванне закупіць.

У горадзе ў той час вельмі хутка будаваліся новыя прадпрыемствы: завод металаканструкцый, сілавых паўправадніковых вентыляў. Ім таксама былі неабходныя спецыялісты.

Поспехі
Вось тут і праявіўся талент новага дырэктара. Ён умеў знаходзіць і падбіраць патрэбных спецыялістаў, хаця спаборнічаць па заработнай плаце з перадавымі прадпрыемствамі было цяжка.

Ужо праз год пабудавалі другі паверх адміністрацыйна-бытавога корпуса. Там жа зрабілі добры клуб для заняткаў мастацкай самадзейнасцю і спортам. Пабудавалі і 40-кватэрны жылы дом для рабочых.

Прадпрыемства перайшло на новыя метады планавання і эканамічнага стымулявання. У рабочых з’явіўся стымул, каб працаваць. Распрацавалі планы, графікі заняткаў па асваенні тэхналогіі нарыхтоўкі і зборкі новых вырабаў нізкавольтавай апаратуры. З 1970 года новы ўчастак электраапаратаў пачаў працаваць. Ужо праз год на прадпрыемстве было 437 рабочых.

Не знайшоў агульнай мовы

Пакуль чалавек здаровы, ён мала разумее інваліда. Напрыклад, да “Дажынак” на перабудову маладзечанскага парку патрацілі каля 200 мільярдаў рублёў. Няўжо не знайшлося некалькі дзясяткаў тысяч рублёў, каб абазначыць фарбай пачатак прыступак, каб інвалідам па зроку было крыху лягчэй?

Анатоль Міхайлавіч добра разумеў інвалідаў па зроку і рабіў усё, каб ім было лепш і працаваць, і жыць. Але гэта не вельмі падабалася гарадскім уладам. Яны не змаглі з ім размаўляць. Маякоўскі некалі пісаў:

Ведь можно ж,
не задевая столпов,
в кругу своих,
60 братишек, –
вызвать, сказать:
– Товарищ Попов,
орудуй… тово…
потише…

Анатоль Міхайлавіч не быў для іх «братишкой», хаця ў яго быў партыйны білет. Ён заставаўся прынцыповым дырэктарам, які ўвесь час думаў пра свой калектыў. Вось і знайшлі прычыну яго змяніць. Але Анатоль Міхайлавіч застаўся працаваць на прадпрыемстве і яшчэ вельмі шмат зрабіў для яго развіцця.
У Анатоля Міхайлавіча Еніна 7 лістапада дзень нараджэння. Давайце павіншуем яго і пажадаем здароўя. Няхай не забывае: усё добрае, што ён зрабіў, людзі памятаюць.
Леў ЧЫРВОНЦАЎ.