Мы вырашылі высветліць, што, як, у які час і хто крадзеў маладзечанскіх крамах.

Для гэтага яны наведалі самыя буйныя і найбольш папулярныя крамы горада і ўпэўніліся, што наш народ вельмі вынаходлівы, не пазбаўлены фантазіі і любіць эканоміць на чым бы там ні было.

Алкаголь
Самыя распаўсюджаныя, як высветлілася, крадзяжы спіртных напояў. Сярод іх лідзіруе гарэлка. Крадуць яе нават бабулі.

– Аднойчы  крала ў нас старэнькая бабулька. Было бачна, што яна галодная. Але, калі мы прапанавалі купіць ёй ежы, яна адказала, што хоча толькі гарэлку. Аб такім выпадку расказала адміністратар крамы “ДабраДар”.

Няўмела крадуць напоі “памацней” у краме “Еўраопт”:

– Цікава глядзець, як крадуць гарэлку летам. Бутэльку засоўваюць пад майку і думаюць, што мы гэтага не заўважым, наіўныя! – з усмешкай сказаў нам ахоўнік.

Спіртныя напоі паспелі паспрабаваць скрасці і ў “Златцы”, якая зусім нядаўна адкрылася.

Мужчына ўзяў дзве бутэлькі лікёру, але пакуль дайшоў да касы,  адна дзіўным чынам знікла! Ахоўнік, вядома, не Шэрлак Холмс, аднак дапамог мужчыну знайсці страту. І, ведаеце, дзе ж яна была? Не так далёка – за пазухай. Такая “вынаходлівасць” абыдзецца пакупніку ад аднаго да трох мільёнаў рублёў, і яму нават пагражае адміністрацыйны арышт (згодна з артыкулам Адміністрацыйнага кодэкса «Дробны крадзеж»).

Некаторыя гатовыя бегчы крос даўжынёй у паў-Маладзечна:

– Аднойчы мужчына скраў у нас лікёр за 120 тысяч. Але наш ахоўнік заўважыў гэта і пайшоў за ім. Той спужаўся, выпусціў бутэльку з рук ды пабег. Дагналі яго амаль у іншай частцы горада! Хутка адбудзецца суд над ім.

Адзін мужчына рабіў вельмі хітра: ён прыходзіў у краму, адпіваў гарэлкі, колькі мог (па словах адміністратара, гэта звычайна палова бутэлькі – 250 грамаў), а тое, што заставалася, ставіў на месца.

Так ён  “адпіў” цэлую скрыню гарэлкі! Але пасля таго, як знайшлі рэшткі, прадаўцы хутка спахапіліся. Больш мужчына такога не робіць.

Цікава тое, што крадуць нават і грошы. Так, менавіта іх! Ахоўніка крамы “Родны кут” абкралі на яго ж працоўным месцы!

Кілбаса

– Былі ў нас “пастаянныя пакупнікі”. Маладзечна ж – горад невялікі і чуткамі поўніцца. Расказалі нам добрыя людзі, што нашу кілбасу прадаюць каля вакзала. Пачалі мы ўважліва сачыць за гэтым запатрабаваным таварам. Доўга чакаць не прыйшлося. Калі злавілі мужчыну з жанчынай, яны з сарказмам сказалі, што не першы раз крадуць. Але мы таксама не разгубіліся і адказалі, што ведаем, – з захапленнем паведаміла нам адміністратар “Дабрадару” Ірына Каржавіна.

У адной з крамаў расказалі, што была неяк у іх пальцам пханая кілбаса. Ляжала на вітрыне дзесяць колцаў. Купілі два, а засталося толькі тры. Потым спецыяльна паклалі і глядзелі, хто крадзе, але недагледзелі! У канцы дня зноў больш за палову знікла. Так па-майстэрску кралі!

Шакалад

Далей ідзе шакалад. Вельмі часта дзеці спецыяльна пачынаюць яго есці –  каб бацькі купілі. Аб гэтым паведаміў ахоўнік “Роднага кута”.
У краме, што каля вакзала, дзяўчына спрабавала скрасці восем двухсотграмовых шакаладак (кожная 20 тысяч рублёў).

Таксама быў выпадак, калі дзеці з цяжкіх сем’яў бралі шакаладкі, але адміністратар пашкадавала іх і аплаціла тавар сама. Кажа, што вельмі прасіла малых больш такога не рабіць.

Кава

Пасля такіх “жыццёва неабходных” прадуктаў людзі бяруць каву. Зразумела, тую, што даражэйшая. Самае цікавае, што не ў пакуначках, а слоікамі хапаюць! Асабліва такое назіраецца ў  “Еўраоптах”.

Але ж звычайна далёка з ёй не сыходзяць: ахоўнікаў у “Еўраопце” не падманеш, бо там працуюць нават былыя міліцыянеры.

“Усё, хто што зможа”

– Затым, паводле папулярнасці, ідзе варыянт “усё, хто што зможа”, –  стомлена кажа Вольга Леанідаўна, адміністратар гандлёвай залы крамы, у якой адсутнічаюць і камеры відэаназірання, і ахоўнікі. – Крупы крадуць, дробныя рэчы, што ляжаць побач з касамі (жуйкі, шакаладныя батончыкі і да т.п.). Фарш хаваюць пад адзенне, у “Еўраопце” нават пад ніжнюю бялізну!

А хто крадзе?

На пытанне, менавіта якая катэгорыя людзей займаецца такімі справамі, адміністратары і ахоўнікі кажуць, што “ўсе”. Гэта азначае, што і ўзрост, і пол, і сацыяльнае становішча гэтых несумленных людзей вельмі разнастайныя.
– Крадуць людзі, прыстойна апранутыя, на якіх ніколі б не падумаў, – кажа Аляксандр Антонавіч, ахоўнік крамы “Родны кут”. – Дарэчы, такія “прыстойныя людзі” пры раскрыцці  злачынства паводзяць сябе больш нахабна, чым простыя.

Бываюць і “вядомыя экзэмпляры”, якія ўжо не першы раз займаюцца такой нядобрай справай. Кажуць, што ў пакоі ахоўнікаў у “Суседзях” існуе нават дошка з фотаздымкамі такіх “знакамітасцей”.

Не адыходзячы ад “касы”

Мы запыталі, ці адбываецца такое, што людзі не выносяць нешта з сабою, а “спраўляюцца” з прадуктамі на месцы.

– У “Еўраопце” хлопцы ходзяць па зале, ядуць марожанае, п’юць “Кока-колу”, – кажа адзін з ахоўнікаў. – А адміністратар крамы каля чыгуначнага вакзала распавядае, што ніколі не злавілі, калі ядуць, але потым знаходзілі ў зале абгорткі з-пад сыркоў.

На пытанне: “Што рабіць, каб меней кралі?” нам адказалі, што неабходна павялічваць штрафы, даход насельніцтва і як мага часцей праводзіць пэўныя выхаваўчыя мерапрыемствы.

Тры цікавыя факты:

1.    Адміністратар Вольга Леанідаўна таксама распавяла і такую гісторыю, калі людзі прыходзяць і просяць: “Дайце, калі ласка, каб мы не кралі”. Часцей за ўсё гэта маламаёмасныя людзі, якія сапраўды адчуваюць вострую патрэбу
2.    На пытанне, у які час і пару года крадуць часцей, яна ўвогуле адказала: “Мне здаецца, што ў нашай краме крадуць кругласутачна!”
3.    Звычайныя паводзіны: патэнцыйныя зладзеі шукаюць камеры, абарочваюцца і глядзяць, ці сочаць за імі, і, вядома, у іх бегаюць вочы.

Дар’я СПЕВАК, Марыя СВІРЫДОВІЧ, школа маладога журналіста.

Відэа Аліны ЛАПЦЁНАК і Марыі СВІРЫДОВІЧ, школа маладога журналіста.