Помнік ахвярам вайны ўсталююць у пятніцу, 23 лістапада, на шашы Вілейка-Маладзечна. Памятны знак з’явіцца дзякуючы намаганням гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, які пачаў распрацоўваць ідэю помніка яшчэ на пачатку лета.

Урачыстае мерапрыемства пачнецца а 11 гадзіне раніцы. На ім будуць прысутнічаць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, епіскап Барысаўскі Веніямін, старшыня Минаблвыканкама Барыс Батура, а таксама паслы чатырох краін – Польшчы, Францыі, Расіі і Чэхіі.

Эскіз помніка малявалі па ўнікальным здымку

Ідэя помніка нарадзілася яшчэ ў ліпені гэтага года, падчас адкрыцця выставы, прысвечанай вайне 1812 года. Гісторык Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў сваю калекцыю літаграфій, гравюр і паштовак ў мінскім музеі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас адкрыцця спадар Уладзімір звярнуў увагу на два ўнікальныя фотаздымкі: на іх былі паказаныя два помнікі ў гонар ахвяраў вайны 1812 года. Адзін з іх – на шашы Вілейка-Маладзечна.

Помнік быў усталяваны ў 20-я гады польскімі ўладамі недалёка ад могілак вёскі Гліннае. Ён быў прысвечаны памяці польскіх салдат, якія загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў. Аб гэтым сведчыў надпіс, якім быў аздоблены помнік. Прастаяў ён на гэтым месцы да 1939 года. Пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкага Саюза, ён быў разбураны.

Помнік загінулым у вайне 1812 года знаходзіцца на шашы Вілейка-Маладзечна паміж прыпынкамі Гліннае і Даманава. Тут яшчэ ідуць падрыхтоўчыя работы. Фота Аляксандра Манцэвіча.

На адкрыцці выставы Уладзімір Ліхадзедаў выказаў думку аб тым, каб у будучыні аднавіць знак памяці на тым жа месцы. Адразу ж і заняўся пошукам спонсараў, якія б дапамаглі ў фінансаванні праекта. Ідэю з’яўлення помніка падтрымаў і старшыня Вілейскага райвыканкама Яўген Сініла.

– Аўтарам эскіза і праекта стаў мастак Барыс Цітовіч, – распавядае дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар. – Праект можна назваць гістарычнай рэканструкцыяй, паколькі эскіз новага помніка ствараецца на аснове першапачатковага. Мастак дадаў і свае элементы – вакол помніка з’явілася абрамленне з валуноў і крыжы, што сімвалізуюць праваслаўных і каталіцкіх вернікаў, якія загінулі падчас вайны.

Ва ўсталяванні помніка дапамагае ўся Вілейшчына

У падрыхтоўцы месца для помніка задзейнічана шмат людзей. Гэта  і камунальныя службы, якія дапамагаюць ва ўладкаванні дарожак да памятнага знака, і дарожныя службы, што падрыхтавалі  на месцы невялікую стаянку для машын, і валанцёры з вілейскага каледжа.

Адметнасцю новага помніка будзе і тое, што надпісы на ім – на чатырох мовах.

– Абралі беларускую, рускую, польскую і французскую мовы, – кажа Сяргей Ганчар. – Прадстаўнікі гэтых нацыянальнасцей удзельнічалі ў вайне на тэрыторыі Беларусі. Да таго ж, дадаўшы польскую мову, мы ушаноўваем і тых, хто працаваў амаль стагоддзе таму над арыгіналам помніка.
Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця госці мерапрыемства змогуць наведаць і новую выставу музея, а таксама прэзентацыю дзвюх кніг Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаных вайне 1812 года.
Аляксандра ПАРАХНЯ.