І гэта не проста людзі, гэта людзі з вельмі складаным і трагічным лёсам. Яны прайшлі праз шматлікія выпрабаванні і сталі жывой гісторыяй, гісторыяй майго краю.

ЧАСТКА 1

Амаль што ўсе відавочцы памерлі, забраўшы з сабой вялікую частку таго, што бачылі, праз што прайшлі, што перажылі і што адчулі менавіта на сабе.

І гэта не проста людзі, гэта людзі з вельмі складаным і трагічным лёсам. Яны прайшлі праз шматлікія выпрабаванні і сталі жывой гісторыяй, гісторыяй майго краю.
Гэта Таццяна Спіцыян, Паліна Валовік, Уладзімір Барысевіч, Галіна Паўлюкевіч, Марыя Жылевіч, Мікалай Луцкі і іншыя. Яны могуць яшчэ шмат чаго дапоўніць да раней сказанага іншымі, каго ўжо няма сярод нас. Лічу, тое, што нам стала вядома, неабходна абнародаваць, інакш згіне беззваротна і сатрэцца з памяці людской і гэта, хоць невялічкая, але сапраўдная частка невядомай гісторыі майго краю.  

Пачатак трагічнага перыяду

У маёй вёсцы Чарвякі (цяперашняя Сакалоўка), як і ва ўсёй заходняй частцы Беларусі, польская ўлада скончылася ў верасні 1939 года. З таго часу пайшоў адлік новага і вельмі трагічнага часу як для самой вёскі, так і для яе жыхароў.

Першае, што зрабілі бальшавікі, гэта далі волю як сабе, так і вяскоўцам рабаваць маёнтак пана Бароўскага, а таксама ўсё, што яму належала. А гэта канюшня, сырабойня, птушнік, ставы, на якіх разводзілася шмат карпа, вадзяны млын. Зямлю панскую падзялілі і аддалі ў карыстанне чарвякоўскаму беззямельнаму сялянству. Усё пусцілі на самацёк, а наладзіць  парадак у грамадстве і ўводзіць хоць нейкае сваё заканадаўства не вельмі спяшаліся.

Яны ўсю ўвагу скіравалі на пошукі “ворагаў” народа сярод жыхароў, і гэта ў іх нядрэнна атрымоўвалася. Сам пан Бароўскі з сям’ёй і ўпраўляючым Чыкатоўскім паспелі збегчы на захад. А вось Раткевіча з Загаран, які працаваў у пана аграномам, напаткаў марны лёс. Яго самога і  яго жонку Ванду (яе дзявочае прозвішча Барысевіч) бальшавікі арыштавалі і саслалі ў  Комі.  Патрапілі на гэты шлях і простыя вяскоўцы, па адным толькі даносе.

А тут неўзабаве наступіў 1941 год, і на змену бальшавіцкаму нашэсцю прыйшло фашысцкае і лесабандыцкае. Хвалёнае “несокрушимое и непобедимое” бальшавіцкае войска так спешна адступала, што нават не заўважала, як яго вайскоўцы разбягаюцца па беларускіх лясах. 

Днём – немцы, ноччу – бандыты

Немцы ў вёсцы з’явіліся ўжо на трэці дзень вайны. Яны прывезлі з сабой новага ўпраўляючага польскага паходжання, прозвішча якога з цягам часу ўжо сцерлася з памяці, а вось імя яго было Ежык, па прафесіі адстаўны ваенны лётчык. Ён адразу ж пачаў аднаўляць панскі маёнтак і ўсю гаспадарку. Запрацавалі ставы і млын. А частку зямлі, ад сялян, ён забраў пад нямецкую ўправу. У гэтай управе ў хуткім часе з’явіўся нават трактар, які і апрацоўваў усю зямлю. Чарвякоўцы працавалі, хто на сваёй зямлі, а хто на панскім двары альбо на ставах.  Пастаянных немцаў у вёсцы не было, а гарнізоны іх знаходзіліся ў Ільі і Хаценчыцах. Прыязджалі яны ў вёску рэдка, і то толькі днём. Але жыцця спакойнага не было.

Што хлебанулі чарвякоўцы  страху, гора і бяды, то хлебанулі! Днём немцы збіралі  аброк з людзей – у каго яйкі, у каго курыцу, а ў каго і парася. Але каб сказаць, што ўсё пад чыстую, то не. 

А ноччу таксама не было спакою. Вакол вёскі ў лясах было шмат груповак, якія складаліся пераважна з акружэнцаў. Яны спрабавалі называць сябе партызанамі, але насельніцтва іх лічыла самазванцамі і бандытамі, таму што паводзіны ў гэтых лясных ваяк былі цалкам бандыцкія.

Дык вось ноччу яны ў насельніцтва экспрапрыіравалі ўсё, што толькі можна было, а хто не аддаваў добраахвотна, забіралі прымусова. Упартаму гаспадару накідвалі адзін канец вяроўкі з пятлёй на шыю, а другі канец перакідалі праз бэльку і ў падвешаным стане пакідалі чалавека да той пары, пакуль не скажа, дзе што схавана. Альбо ставілі да сцяны і стралялі. Свіст куль над галавой даводзіў чалавека да бяспамяцтва. Такім чынам бандыты прымушалі чалавека аддаваць апошняе. І ўчыняліся гэтакія здзекі прама на вачах усёй сям’і, у тым ліку і маленькіх дзетак.

Тых, хто праклінаў дзеянні гэтых бандыцкіх фарміраванняў, бязлітасна каралі, нярэдка самай лютай смерцю. Такі вось страшны лёс напаткаў Янука Юшкевіча, у якога гэтыя ваякі неяк выцягнулі апошняе парася з хлява, за што той абазваў іх бандытамі. А ўжо праз некалькі дзён пасля выпадку гэтыя бандыты  завіталі да Юшкевіча і загадалі ісці з імі, быццам бы паказаць дарогу да Борак. Перапалоханага Янука вывелі за вёску на хутар Зароўскага, дзе спачатку над ім здзекаваліся ўсяляк, а пасля ўжо зусім знямоглага дабілі шомпалам праз вуха і кінулі ў студню.  

Кастусь Іванец з суседняй вёсачкі Ляхі працаваў у Ежыка на ставах, вазіў рыбу немцам у Ілью. Яго за гэта бандыты таксама ўначы выцягнулі з хаты і адвялі да рэчкі. Пасля няўдалага стрэлу параненага Кастуся задушылі ломам ужо ў вадзе. А вось чаму самога Ежыка не зачапілі, засталося загадкай. 

Пасля расправы над Кастусём, каб больш немцы не атрымлівалі рыбу, самазванцы ўзарвалі плаціну на рацэ Япратцы. Драўляная плаціна яшчэ спрадвеку ўтварала вялікае возера, вада з якога падавалася на ставы і круціла млын. У выніку гэтай дыверсіі мясцовыя жыхары, якія працавалі на ставах, засталіся без працы, а ўся вёска без млына.

ЧАСТКА 2

Здзекі

Чарвякоўцы, каб змалоць якое-небудзь збожжа, вымушаныя былі ўжо хадзіць за тры вярсты ў Краменец. Але ў 1943 годзе плаціна была адрамантаваная партызанскай брыгадай імя Фрунзе. Запрацавалі ставы і млын.            

Падчас вайны, у пошуках ежы, па вёсках хадзіла шмат гарадскога насельніцтва. Многія не мелі пры сабе дакументаў. Такіх людзей як шпіёнаў расстрэльвалі не толькі немцы, але і лясныя ваякі.  Аднойчы гэтыя ваякі сустрэлі нейкага хлапчука без зброі і дакументаў, адразу  расстралялі як нямецкага шпіёна на Лявонавым хутары.

Жанчына-інвалід, бязрукая, з дзіцем маленькім, зайшла ў вёску хлеба папрасіць, дык спачатку з яе паздзекаваліся, а пасля таксама расстралялі разам з дзіцем.
І падобных забойстваў было вельмі шмат. Забітых у лесе людзей бандыты ніколі не хавалі. Гэту місію выконвалі вяскоўцы, калі знаходзілі якога-небудзь забітага, а не знойдзеныя даставаліся ваўкам. А калі каго бандыты стралялі ў вёсцы, то свае ахвяры ў асноўным закопвалі самі на могілках у бульбяных ямах.

Пасля вайны яшчэ доўгі час людзі знаходзілі чалавечыя косці і чарапы ў лесе. Аднойчы, яшчэ ў дзяцінстве, збіраючы ягады, мы таксама натрапілі на такую знаходку. Відовішча вельмі жахлівае.

Расправа над сям’ёй Сцяпана Валовіка

А самая жудасная трагедыя  адбылася ў 1942 годзе, калі была расстраляная цэлая сям’я Сцяпана Валовіка, які даводзіўся маёй бабцы Паўлінцы родным пляменнікам і стрыечным братам майму бацьку.

Сцяпан  працаваў лесніком і пры Польшчы, і пры саветах, застаўся працаваць і пры немцах. Ягоная сям’я на той трагічны час тулілася ў маленькай варывеньцы, бо хата іх згарэла падчас бамбёжкі вёскі з самалётаў.

Дарэчы, гэта варывенька стаіць яшчэ і сёння, у сценах яе добра бачныя дзіркі ад кулямётных куль. Што мелі да Сцяпанавай сям’і  лясныя “мсціўцы”,  так і засталося невядомым. Яны,  як звычайна, уначы ўварваліся ў тую варывеньку і з кулямёта перастралялі ўсіх, хто толькі там быў: Сцяпана, яго жонку Сашку і двое іх маленькіх дзетак, дзвюх Сцяпанавых сясцёр – Надзю і Кацю, а таксама яго састарэлую маці, Марыльку.

Параненая Надзя намагалася ўцячы ад бандытаў, але беднай дзяўчыне ўдалося дабегчы толькі да плота. Там у яе лясныя злачынцы ўжо не стралялі, каб не нарабіць лішняга шуму ў вёсцы, а дабівалі ўжо прыкладамі.  Выратаваўся тады ад смерці толькі брат Сцяпана, Васілька. Ён неяк здолеў босым выскачыць з варывенькі і ўцячы ад смерці за дванаццаць вёрст ад Чарвякоў у Шчарачыху, дзе жыў тады ягоны старэйшы брат Андрэйка.

Васілька там расказаў, як у тую ноч у варывеньцы Валовікаў знішчалася сям’я, расказаў тое, што здолеў запомніць. Ён казаў, што нейкі тоўсты бандыт усё дапытваўся ў Сцяпана, чаму ён працуе ў лясніцтве, і за кожным разам біў яго шомпалам па вачах. Не вытрымаўшы катаванняў, закрыўшы акрываўлены твар рукамі, Сцяпан паваліўся на падлогу. Шукаючы хоць якога паратунку ад бандытаў, ён запоўз пад ложак і ўжо адтуль кляўся, што ні ў чым не вінаваты, і прасіў пашкадаваць хоць сям’ю.

Азвярэлы бандыт ужо нічога не хацеў слухаць і загадаў свайму напарніку страляць. Старая Марылька, пачуўшы такое, узяла на рукі ўнучку, якой было тры тыдні, і запатрабавала ад бандытаў: “Калі будзеце страляць, то перш мяне!”  Стоячы каля парога, бандыт, які размаўляў з каўказскім акцэнтам, даў доўгую чаргу пад ложак, Сцяпан сціх. Другая чарга прайшлася па Марыльцы і некалькі куль патрапілі прама ў тварык немаўляці. У гэты момант у варывеньцы стала цёмна, ці то пагасла газнічка, ці то ад убачанага ў Васількі ў вачах пацямнела! Як бы там ні было, але ў той момант у Васількі хутчэй за ўсё спрацаваў інстынкт самазахавання.

Ён не памятаў, як апынуўся ў канцы заснежаных агародаў, на сцежцы (на палявой дарозе ўздоўж вёскі). Першае, што пачуў, гэта дзявочы крык, а пасля мужыцкую лаянку. І раптам усё сціхла. Васілька здагадаўся, што гэта крычала адна з яго сясцёр. Хвілін праз дзесяць-дваццаць акалелыя ногі данеслі яго да свайго свірна. Не паспеў як мае быць адагрэцца ў сенях, як у вёсцы зноў прагучалі глухія кулямётныя чэргі. Стрэлы даносіліся ў накірунку хаты, у якой жыла Барвічыха Стася са сваёй сястрой. Васілька зразумеў, што радні яго ўжо больш няма і калі заставацца тут, то толькі на сваю пагібель. Абгарнуўшы саматканай посцілкай ногі, ён рушыў у бок Шчарачыхі да брата, як мага далей ад сваёй смерці.

Але, мабыць, Васільку было наканаванае кароткае жыццё, бо хутка яго і брата Андрэйку расстралялі каля Капусціна быццам бы немцы, але існуе версія, што іх забілі як сведкаў злачынства тыя самыя бандыты. Засталася з усёй сям’і толькі адна Ксеня, сястра Сцяпана, якая ў той час жыла ў Лукаўцы ў радні Анкудаў.

У тую ж ноч пасля забойства Сцяпанавай сям’і бандыты  расстралялі і цешчу Сцяпана,   Стасю Барвічыху, і яе сястру за тое, што быццам бы Стасін сын служыў у паліцыі. Гэтых забітых дзвюх жанчын бандыты самі завезлі на могілкі і закапалі ў бульбяных ямах. І па сённяшні дзень нікому невядомае дакладнае іх месца пахавання.

А вось расстраляную Сцяпанаву сям’ю лясныя нелюдзі загадалі  Сцяпанавым суседзям Краўчонкам  завезці на могілкі і закапаць. Ад іх і стала вядомае месца пахавання. Пасля вайны па Сцяпану і ўсёй загінулай тады радні сястра Ксеня паставіла помнік, які быў выраблены з бетону маім бацькам Ляксандрам і Ксеніным мужам Віктарам.

ЧАСТКА 3

Соф’я Ільінічна Валовік, стрыечная сястра Сцяпана Валовіка па татавай лініі.

Расстрэл Прайцісёнкаў

Аналагічная  трагедыя адбылася і ў суседніх Навасёлках, у якіх таксама была знішчаная цэлая сям’я з дзевяці душ, у тым ліку шасцёра дзяцей ад 16 год да аднаго месяца. Гэта сям’я Івана Мардаса, ці  Прайцісёнкаў, як звычайна іх клікалі. (Раней пры зносінах паміж сабой вяскоўцы выкарыстоўвалі  мянушкі, па якіх можна было адразу зразумець, менавіта каго субяседнік мае на ўвазе. Бо шмат хто з жыхароў вёскі меў аднолькавыя прозвішчы. Амаль палова чарвякоўцаў мела прозвішча Валовік.  Таму людзі,  каб не блытацца, проста вымушаныя былі прымяняць мянушкі).

Прычынай расстрэлу сям’і Прайцісёнкаў стала нібыта сувязь Іванавага швагра з немцамі.  Банда вар’ятаў дзейнічала па аднолькавым сцэнарыі, так як і ў Чарвяках. Уварваліся ноччу ў хату і з кулямёта зрашэцілі ўсіх, хто толькі там быў, не пашкадавалі нават месячнае немаўля, якое ляжала ў калысцы. Пасля той жорсткай звярынай расправы над сям’ёй Мардаса, бандыты загадалі вясковым мужыкам, каб тыя да раніцы пахавалі расстраляных, а ў самой хаце прыбралі ўсе сляды забойства.

Калі  мужыкі пайшлі  забіраць загінулых, то ў хаце сутыкнуліся з такім відовішчам, ад якога адзін з іх, убачыўшы тое крывавае месіва, нават згубіў прытомнасць. Усё было заліта крывёй; сцены, падлога і самі забітыя ляжалі ў лужах крыві. Але  бандыцкі загад мужыкі выканалі – сям’ю Івана Мардаса пахавалі на Навасёлкаўскіх могілках, а ў хаце ўсё прыбралі.

Толькі хату тую, дзесьці праз тыдзень пасля расстрэлу яе гаспадароў, нейкія незнаёмыя людзі разабралі і звезлі кудысьці на “васточную” (гэта так “заходнікі” называлі савецкае замежжа, якое існавала да 1939 года).

Узброеныя групоўкі                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                               

У лясах, ад Навасёлак і да Любчы, хавалася шмат узброеных груповак. Дысцыпліна ў гэтых атрадах наогул адсутнічала і наладжваць яе ніхто не збіраўся. Савецкае камандаванне неаднаразова намагалася дэсантаваць кадравых ваенных у гэтыя атрады, але ўсё дарэмна. Яны загадкава гінулі альбо ўвогуле знікалі без следу.
Сярод старых, хто добра памятае той ваенны час, існуе такое меркаванне, што гэтых савецкіх кадравых ваенных знішчалі самі ж самазванцы-партызаны. Ім вельмі падабалася вольнае казацка-бандыцкае жыццё з анархісцкім ухілам.

Але ўжо з 1943 года вольнае жыццё гэтых груповак паступова пачало набіраць дысцыплінаваны характар. Спрыяла гэтаму тое, што ў Навасёлках размясціўся штаб партызанскай брыгады імя Фрунзе,  ільянскае падполле, а таксама асобы аддзел НКВД, які кватараваў у хаце Іосіфа Куляша.

Сама брыгада дыслакавалася ў лесе, у вярсце на поўдзень ад вёскі, на месцы былой  смалярні. Складалася і папаўнялася яна за кошт усё тых жа разрозненых, анархісцкіх груповак з акружэнцаў і мясцовага насельніцтва. У Чарвяках на былым панскім двары ў пабудове былой сырабойні быў размешчаны сфарміраваны атрад у колькасці 32 партызанаў, якім камандаваў Аляксееў.

А ў Ляхах з’явіўся асобны атрад падрыўнікоў, яго ўзначальваў Селівёрстаў. Насельніцтва не падтрымлівала гэтыя атрады з-за іх дурной славы, і, хутчэй за ўсё, гэта галоўная прычына таго, што яны не патрапілі ў “Кнігу памяці” Вілейскага раёна. Асобы аддзел НКВД правяраў усіх, хто прыходзіў у брыгаду.

Асабістаў цікавіла пераважна здрада і сувязь з немцамі, і гэта было галоўным для бандыцкіх фарміраванняў, якія тут дзейнічалі з самага пачатку вайны. Здзекі, катаванні і забойствы мірнага насельніцтва з боку гэтых фарміраванняў НКВДэшнікі амаль што не бралі да ўвагі. Магчыма, штосьці і разглядалася, але пра іх рашэнні нічога не афішыравалася сярод насельніцтва.

Садыст па мянушцы Садко

Быў толькі адзіны выпадак, калі НКВДэшнікі разгледзелі злачынства, якое немагчыма было ўжо схаваць, таму што мела вялікі рэзананс сярод насельніцтва. За садысцкія адносіны да жанчын быў асуджаны да вышэйшай меры з адтэрміноўкай пакарання мужчына па мянушцы Садко. На насельніцтва навакольных вёсак ужо толькі адно слова Садко наводзіла жах, асабліва на жанчын.

Неаднаразова асуджаны за злачынствы яшчэ да вайны, а падчас вайны ўзброены карабінам, Садко ў кожнай вёсцы адчуваў сябе поўным гаспадаром, браў усё, што хацеў і каго хацеў. Пасля прысуду Садку выпала магчымасць рэабілітавацца. Па загадзе камандавання брыгады ён здолеў знішчыць бліндаж з немцам у Хаценчыцах. Гэты ўчынак НКВДэшнікі палічылі геройскім і даравалі яму не толькі жыццё, але і званне партызана, якое ён з вялікім гонарам насіў да канца сваіх дзён, яшчэ шмат год пасля вайны.      

Забітых не вярнуць         

Наступіў  1943 год, у вяскоўцаў ночы сталі спакайнейшымі. Бандыцкія рабаванні зніклі, ды і забіраць ужо не было чаго, амаль за два  гады ў людзей выцягнулі ўсё, што толькі можна было выцягнуць. А хто з іх займаўся рабаваннем, гвалтам жанчын, здзекамі, катаваннем і забойствам мірнага насельніцтва, гэтага высветліць нам, хутчэй за ўсё, ужо ніколі не ўдасца. 

Прайшло ўжо сем дзесяцігоддзяў, а следства наконт гэтага так ніхто і не распачынаў, не распачынае і наўрад ці распачне. Пасля вайны радня Валовікаў хацела дазнацца пра забойцаў сям’і, але ўсё дарэмна. Адказ на зварот быў кароткі і зразумелы: “Вайна патрабуе ахвяр, а пераможцаў не судзяць!”

Як усім вядома, савецкая ідэалогія забараняла штосьці мяняць у гісторыі, якая была напісаная там, “наверсе”, і толькі ў ружовым колеры. Яно і ў наш час яшчэ шмат хто больш паважае салодкую хлусню, а не горкую ды балючую праўду. Можа, ужо і не трэба капаць вельмі глыбока. Забітых ужо не вернеш. І тых, хто забіваў, таксама няма на гэтым свеце. А варушыць усё, каб адпомсціць іх нашчадкам, значыць, быць падобнымі да тых забойцаў.

Я ўпэўнены ў тым, што дзеці альбо ўнукі тых злачынцаў калі не ўсё, то вельмі шмат ведаюць пра “гераізм”  сваіх продкаў. Не сумняваюся ў тым, што, ведаючы пра ўчынкі сваіх бацькоў і дзядоў, якія здзекаваліся над мірным насельніцтвам, жыць з гэтым ім і так ой як цяжка! Наша галоўная задача – не ўчыняць разборкі, а вярнуць з забыцця прозвішчы нявінна загінулых і ўшанаваць іх светлую памяць.

Паспрабуем паразважаць, хто яны былі гэтыя бандыты, адкуль яны ўзяліся, хто імі кіраваў, што іх штурхала на злачынствы, што ім служыла апраўданнем за забойствы мірнага насельніцтва, у тым ліку немаўлят? Ці панёс хто-небудзь з гэтых самазванцаў якое-небудзь пакаранне і як склаўся іх лёс у пасляваенны час?
Калі сабраць у адно цэлае ўсе ўспаміны сведкаў таго ваеннага ліхалецця, то ўсё сыходзіцца на адным. Бандыцкія фарміраванні складаліся як з акружэнцаў, так і з мясцовага насельніцтва, і кіравала імі анархія і ўпэўненасць у беспакаранасці за свае дзеянні.

На злачынны шлях у адносінах да насельніцтва іх падштурхоўвала ўласная баязлівасць, смага да добрага жыцця і вера ў тое, што вайна ўсё спіша. І спадзяванні іхнія ўсё ж такі апраўдаліся.  Немцаў яны баяліся чапаць, а вось ад рабавання безабароннага насельніцтва, гвалту жанчын, забойстваў людзей атрымоўвалі вялізную асалоду. Ды і пагрозы ім ад сваіх няўзброеных людзей не было ніякай.

ЧАСТКА 4

Галіна Пятроўна Паўлюкевіч, пляменіца Кастуся Іванца.

Пашка

Успаміны старажылаў сведчаць пра аднаго вельмі жорсткага бандыта, Пашку-старшыну. Ён быў узброены кулямётам Дзегцярова, з якім і патрапіў у атрад Аляксееўцаў. І што менавіта з гэтага кулямёта была расстраляная сям’я Валовіка, то гэта адназначна. Толькі хто націскаў на курок, Пашка ці хто іншы, – невядома?

Жорстка Пашка адносіўся і да сваіх братоў па зброі. Неяк двое Пашкавых сяброў вырашылі цішком сысці не толькі ад яго з-за жорсткасці, але з атрада наогул, на ўсход, за лінію фронту. Недалёка яны змаглі адысці, ужо на ставах гэтыя два хлопцы былі расстраляныя як здраднікі Пашкавымі паплечнікамі. Праз нейкі час пасля гэтага, падчас блакады, на Паліку былі забіты і сам старшына, Пашка. Шмат хто сцвярджаў, што яго парашылі свае, за жорсткасць і садызм.

Дапамога святара Ляшкевіча

Да сённяшняга дня заставалася загадкай, чаму, калі немцы палілі Любчу, Боркі, Брыгідава, Старынкі і Банэткаў хутар 5 мая 1943 года, вёскі Чарвякі і Навасёлкі не былі знішчаныя? Зыходзячы са шматлікіх сабраных звестак, якія вядуць толькі да адной версіі, ужо сёння з упэўненасцю можна канстатаваць той факт, што гэтыя вёскі ад знішчэння выратаваў пасаломскі Ляшкевіч, які служыў тады ў Хаценчыцкай царкве і добра валодаў нямецкай мовай. А як гэта яму аднаму ўдалося зрабіць? Сведкі ўсе амаль аднагалосна спасылаюцца толькі на адну версію: немцы усё ж такі ўлічылі тое, што гэтыя вёскі і так былі ўжо пакараныя ляснымі бандытамі. А ў гэтым іх запэўніў тады, падчас той карнай аперацыі, менавіта пасаломскі. Таму вёскі і не знішчылі.

Вядомы яшчэ такі факт, што пасаломскі Ляшкевіч таксама выратаваў ад смерці 97 хаценчыцкіх яўрэяў. А было гэта ў 1942 годзе. У Хаценчыцах стаяў нямецкі гарнізон, у склад якога ўваходзілі пераважна мясцовыя і літоўскія паліцэйскія, а таксама і немцы, але няшмат.

Неяк адным днём у гарнізон прыехалі карнікі і загадалі ўсім яўрэям з дакументамі і рэчамі першай неабходнасці сабрацца каля былой польскай гміны. Людзі вырашылі, што іх чакае перасяленне, таму і прыхапілі з сабой усё, што маглі, – больш неабходнае і, канешне ж, каштоўнасці. А калі ўсе сабраліся, то іх усіх сагналі ў хлеў пры гміне і загадалі распрануцца амаль што да гала, а пасля перарылі ўсе рэчы і забралі ўсё, што толькі мела каштоўнасць.

Адна з яўрэек упляла ў касу залатыя вырабы, але немцы неяк здагадаліся, а можа хто і падказаў, апаролі іх і там. Абрабаваных яўрэяў пакінулі закрытымі ў хляве. Пасаломскі Ляшкевіч, які прысутнічаў на гэтай акцыі, штосьці доўгі час размаўляў з немцамі, пасля чаго людзі былі вызваленыя. Па планах карнікаў, яўрэяў павінны былі знішчыць, і вызваленне гэта, як высветлілася пазней, было проста адтэрміноўкай іх гібелі па просьбе пасаломскага.

З пасаломскім Ляшкевічам немцы лічыліся і прыслухоўваліся да яго меркаванняў, таму што ягоная дачка была замужам за нямецкім афіцэрам. Калі карнікі з’ехалі, то Ляшкевіч папярэдзіў яўрэяў, каб тыя сыходзілі з вёскі і хаваліся, таму што зондэр каманда праз некалькі дзён вернецца, а тады ўжо бяды не мінуць.

Не марудзячы часу, усе яўрэі вырашылі пакінуць вёску. Размясціўся лагер за Загаранамі ў лесе пад назвай Зацішша. Умоў для жыцця не было ніякіх, жылі пад адкрытым небам. Калі пайшлі моцныя дажджы, то абшчына Абрама Шульскага з 12 чалавек не вытрымала і прыняла рашэнне ісці дадому, маўляў, усё адно гінуць. Але варочаліся ўсё ж са спадзяваннем на тое, што Бог дасць і ўсё абыдзецца.

Але спадзяванні іхнія былі дарэмныя. У вёсцы ўсё кантралявалася паліцаямі. І як толькі яны вярнуліся дахаты, адразу заявіліся карнікі. На допытах ад Шульскіх немцы так і не даведаліся, дзе хаваюцца астатнія. Абрама Шульскага і ўсю ягоную абшчыну расстралялі ў канцы Хаценчыцаў, сярод трох яўрэйскіх хат, у якіх і па сённяшні дзень жывуць людзі. А на тым месцы, дзе былі расстраляныя і пахаваныя Шульскія, яўрэі ўсталявалі помнік, які даглядаюць мясцовыя жыхары.

Калі з усяго гэтага зрабіць агульныя высновы, то атрымліваецца, што чарвякоўцы і навасёлкаўцы цалкам абавязаныя сваім аднавяскоўцам, якія загінулі ад бандыцкіх куль сем дзесяцігоддзяў таму! Ім быў наканаваны лёс загінуць, каб жыла вёска, каб жылі мы і нашы дзеткі. І таму загінулыя сем’і заслугоўваюць вялікай пашаны, а яшчэ пасаломскі Ляшкевіч. Бо існуе толькі адзіная, вось гэта версія выратавання Чарвякоў і Навасёлак ад знішчэння ў той дзень, 3 мая 1943 года, калі вакол палыхалі Любча, Боркі, Брыгідава, Старынкі і нават Банэткаў хутар, а нашы вёскі і іх жыхары засталіся цэлымі.

Таму загінулыя дарослыя і дзеткі заслугоўваюць таго, каб іхнія прозвішчы былі вернутыя з забыцця.

Яны загінулі на вайне!

Вайна пакалечыла шмат жыццяў. І, на вялікі жаль, гэта агульная наша трагедыя згадваецца ўсё радзей і радзей і нават бываюць моманты, што некаторыя асобы мэтанакіравана намагаюцца не надаваць гэтай памяці якога-небудзь значэння.

Насельніцтва пухла і памірала ад голаду, гінула ад бандыцкіх абрэзаў і нямецкіх шмайсераў, людзі зажыва гарэлі падчас карных аперацый. І шмат хто з гэтых людзей не патрапіў нават у кнігу “Памяць. Вілейскі раён”, і ў першую чаргу прозвішчы тых, хто загінуў ад рук бандытаў, а не немцаў ды паліцаяў.

Тут атрымліваецца нейкі падзел на “правільна” загінулых і “няправільна”. А вайна ж была на ўсіх адна. І гінулі людзі незалежна ад чыіх куль. Яны загінулі на вайне! Не ведаю, як у іншых мясцінах, а па Хаценчыцкім сельсавеце ў кнізе памяці вельмі шмат недакладнасцей.

Я прапанаваў бы ўсталяваць у Сакалоўцы (былых Чарвяках) і Навасёлках памятныя дошкі з прозвішчамі пакутнікаў. І, безумоўна, усе гэтыя прозвішчы, без выключэння, тэрмінова павіны быць унесеныя ў спісы загінулых у кнізе “Памяць. Вілейскі раён”.

Вось прозвішчы людзей, якія былі закатаваныя і расстраляныя ляснымі бандытамі, якія не патрапілі чамусьці ў кнігу памяці?

ЧАРВЯКІ (САКАЛОЎКА)
Валовік Сцяпан (галава сямі’і) 1920 г.н.
Валовік Сашка (жонка) 1921 г.н.
Валовік Надзя (сястра) 1923 г.н.
Валовік Каця (сястра) 1924 г.н.
Валовік ?(хлопчык) (сын) 1940 г.н.
Валовік ?(дзяўчынка) (дачка) 1942 г.н.
Валовік Марылька (маці) 1880 г.н.
Баравік Стася (цешча) 1891 г.н.
Баравік ?, (сястра Стасі) 1895 г.н.
Іванец Кастусь 1897 г.н.
Юшкевіч Янук 1895 г.н.

НАВАСЁЛКІ
Мардас Іван (галава сям’і) 1905 г.н.
Мардас Манька (жонка) 1908 г.н.
Мардас Антон (брат) 1912 г.н.
Мардас Стась (сын) ?
Мардас Яніна (дачка) ?
Мардас Марыся (дачка) ?
Мардас Владэк (сын) ?
Мардас Віця (сын) ?
Мардас (месячнае немаўлятка) 1942 г.н.

А як жа склаўся пасляваенны лёс тых, хто перажыў той час ваеннага ліхалецця?

Тыя, хто падчас вайны меў зброю ў руках, выйшлі з лесу як пераможцы! Сталі ветэранамі і ардэнаносцамі, атрымалі звышільготы, славу і пашану.
А мірнае насельніцтва, якое прымала на сабе самы галоўны ўдар вайны, засталося цалкам не заўважаным дзяржавай. Беларусь, якая называе сябе з гонарам краінай-партызанкай, чамусьці гэту катэгорыю людзей выключыла з удзельнікаў вайны, не прыраўняўшы іх нават да працаўнікоў тылу. Ваявала ўся Беларусь, а ўзнагароды і ўвагу атрымалі толькі асобныя.

Пасляваенны лёс Хаценчыцкага пасаломскага Ляшкевіча, на вялікі жаль, застаецца невядомым.

Яўрэі, што засталіся ў жывых, пасля вайны з’ехалі з Хаценчыцаў: адны ў Амерыку, іншыя – у Ізраіль. Зрэдзь часу наведваюцца на сваю малую радзіму, каб аддаць даніну павагі загінулым і пахаваным тут сваім землякам.

Лёс Ксені Валовік

Ксеня Валовік у 1951 годзе выйшла замуж за мясцовага хлопца Навумовіча Віктара. У іх сям’і нарадзілася чацвёра хлопцаў і тры дзяўчыны. Бог паслаў ім такую колькасць дзетак як кампенсацыю за страту родных у тую ракавую ваенную ноч.

Цяжка, вельмі цяжка было гадаваць такое сямейства, але на гэта ніхто не скардзіўся. У сям’і кожны займаўся тым, што было яму па сілах і здольнасцях. Дзеткі падрасталі. Гледзячы на сваё сямейства, як яно ўпэўнена падымаецца на ногі, і пасля народзінаў Марынкі, як кажуць паскрэбка, у Ксені ўпершыню за доўгія гады на твары пачала праскокваць усмешка.  Магчыма, пачаў прытупляцца душэўны боль па страчаных родных падчас вайны.

Толькі-толькі штосьці пайшло да лепшага і з’явілася нейкая радасць у жыцці, як лёс паслаў Ксені новы іспыт. Трагічны выпадак на паляванні забраў жыццё мужа і бацькі семярых дзяцей, Віктара. Здарылася гэта трагедыя ў 1970 годзе, калі самай меншай, Марынцы, тады было ўсяго толькі тры годзікі.

Гэты стрэл для Ксені адгукнуўся далёкай кулямётнай чаргой з мінулага, ад якой загінулі яе ўсе родныя. Яна зноў стала панурай і замкнутай. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця, на невыносны, а да якой ступені, то гэта толькі ёй адной вядома, душэўны боль, яна змагла адна выгадаваць, падняць на ногі і вывесці ў людзі сваіх дзетак. Сёння яны ўсе займаюць дастойнае месца ў грамадстве. Жывуць спадзяваннем, што наступіць час і імёны іх трагічна загінулых продкаў зоймуць дастойнае месца ў гісторыі вёскі і ў кнізе памяці.

ЧАСТКА 5. Ушануем памяць

Уладзіміру Канстанцінавічу Барысевічу 84 гады, але ён вельмі добра памятае тое трагічнае ваеннае ліхалецце. Памятае, як чарвякоўцам даводзілася падпарадкоўвацца  тром уладам – фашысцкай, партызанскай і бандыцкай.

Успаміны Уладзіміра Барысевіча

Уладзімір Канстанцінавіч Барысевіч, карэнны жыхар вёскі Чарвякі, якія ў 1965 годзе сталі Сакалоўкай. Ён амаль  да драбязы памятае, што адбывалася ў вёсцы яшчэ з польскага часу. На маё пытанне, адкуль ён столькі ўсяго ведае, Канстанцінавіч адказаў: “Шмат ведаю, таму што пражыў на свеце ўжо нямала і таму што жыццё ўсё сваё пражыў разам з вяскоўцамі. Радасць і гора ў нас заўжды былі агульнымі”.

Да самага трагічнага перыяду свайго жыцця Уладзімір Канстанцінавіч адносіць час Вялікай Айчыннай вайны. Жыць даводзілася пад пастаянным страхам за сваё жыццё, якое магло абарвацца ў любую хвіліну: днём ад нямецкіх шмайсераў, а ноччу ад бандыцкіх абрэзаў ды кулямёта. Не па чутках яму вядома, як ад рук лясных бандытаў гінулі вяскоўцы, і ў першую чаргу сям’я Валовіка Сцяпана. Яму ёсць пра што расказаць нашчадкам, галоўнае, каб яны ўмелі слухаць і памяталі, праз што прайшлі іх бацькі і дзяды.

Паліне Ігнатаўне Валовік і Соф’і Ільінічне Валовік, так як і майму бацьку, Сцяпан Валовік даводзіўся стрыечным братам. Яны на свае вочы бачылі акрываўленае месца забойства нашай агульнай радні, учыненае ляснымі бандытамі. Яшчэ і сёння перад вачыма ў гэтых жанчын стаяць знявечаныя кулямі  тварыкі маленькіх дзетак. Каб пахаваць забітых, радні патрэбна было яшчэ ўзяць на гэта дазвол у тых самых бандытаў, якія расстралялі Сцепанёнкаў, а гаспадарку іхнюю ўшчэнт абрабавалі. Такое забыць немагчыма. Жанчыны ўсё жыццё мараць, каб хоць як ушанаваць памяць бязвінна загінулых. Думаецца, калі ўзяцца агулам, то цяпер гэта ўжо можна зрабіць.

З успамінаў Галіны Паўлюкевіч

Галіна Пятроўна Паўлюкевіч таксама добра памятае ваенны бандытызм і безуладдзе, якое панавала ў вёсцы з чэрвеня 1941-га і па вясну 1943 года. Бандыты, якія па-зверску забілі яе дзядзьку  Кастуся, хутчэй за ўсё, так і засталіся непакаранымі. А дзядзька, як і іншыя загінулыя ад рук бандытаў,  нават не патрапіў у кнігу памяці ахвяр вайны.

Марыя Пякарская – жывая сведка вайны     

Марыя Трафімаўна Пякарская, 82-гадовая жыхарка вёскі Шчарачыха, – адна з нямногіх, хто застаўся яшчэ жывой сведкай мінулай вайны. Праз што прыйшлося прайсці ёй і яе сям’і, яна не здолее забыць да канца сваіх дзён. Яна яшчэ і сёння здзіўляецца таму, як яны змаглі выратавацца ад гвалтоўнай і галоднай смерці падчас таго жудаснага ваеннага ліхалецця. Безуладдзе, а больш правільным будзе сказаць шматуладдзе, прымушала не жыць, а выжываць пад пастаянным страхам за сваё жыццё і жыццё родных перад мацнейшымі. А мацнейшы быў той, хто меў зброю, а хто са зброяй, той і ўлада.

Немцы ў дзень законы свае трактавалі ды аброк збіралі, а ўначы то бандыты налёты рабілі, то партызаны кватаравалі. І  іх трэба было забяспечваць усім неабходным у першую чаргу і толькі пасля, што заставалася,  – сабе, а заставалася амаль нічога. Марыя Трафімаўна добра памятае, як у 1942 годзе да Андрэя Валовіка прыйшоў ягоны родны брат Васіль з Чарвякоў з жудаснай весткай. Ён расказаў, як лясныя бандыты па-зверску знішчылі ўсю сям’ю іхняга старэйшага брата, Сцяпана. Не атрымаўшы ніякай спагады і абароны і не знайшоўшы ўправы на бандытаў ад лясной улады, Андрэй у спадзяванні на справядлівасць вырашыў звярнуцца да нямецкай, а ў выніку там жа і загінуў лютай смерцю.  Васіль з вёскі загадкава знік.

Марыя Трафімаўна таксама, як і іншыя, прытрымліваецца той версіі, што яго знішчылі як сведку злачынства тыя самыя чарвякоўскія бандыты. Сям’я Пякарскіх таксама засталася безабароннай падчас блакады. Як толькі пачалася аблава, кватаранты-партызаны падаліся ў лес у невядомым накірунку, а Пякарскія трапілі ў рукі фашыстаў і ўсе былі вывезеныя на работы ў Германію. З канцлагера сям’ю вызвалялі амерыканцы, і таму дадому яны дабіраліся цэлых паўгода, да восені 45-га. А тыя, хто добраахвотна быў з’ехаўшы на Нямеччыну, дзе жылі і працавалі ў гаспадароў на волі, вярнуліся ў родную вёску вясной, адразу ж пасля перамогі. Марыі Трафімаўне дзіўна тое, што пасля вяртання на радзіму здраднікамі лічылі не толькі тых, хто з’ехаў добраахвотна, але і тых, хто быў вывезены прымусова ў канцлагер. А з цягам часу тых добраахвотнікаў залічылі ў вязні. Старой крыўдна і балюча такое ўспрымаць. Але кажа: “Бог усім нам суддзя”

ЧАСТКА 6

Марыя Трафімаўна Пякарская.

Міхаіл Гаўрыловіч Луцкі.

Таццяна Іванаўна  Спецыян.

Ніколі не забудзе

Таццяна Іванаўна Спецыян вайну запомніла на ўсё жыццё. Ніколі ёй не забыцца, як у яе вёсцы Навасёлках лясныя бандыты расстралялі сям’ю Івана Мардаса з дзевяці душ, як яе бацьку ставілі да сцяны і з кулямёта стралялі над галавой, каб той аддаваў боты, як апошні кусок хлеба адбіралі ад дзяцей, як палілі немцы вёскі Брыгідава ды Старынкі і іх ніхто не змог абараніць, а навасёлкаўцы вымушаныя былі хавацца ў балоце за Краменцам, хоць і мелі “сваіх” партызан у вёсцы. Але ў той час яны кудысьці з вёскі зніклі.

Міхаіл Гаўрылавіч Луцкі – жывы архіў гісторыі

Міхаілу Гаўрылавічу Луцкаму на выгляд і пры зносінах больш за 70  не дасі, а на самой справе гэтаму вельмі цікаваму чалавеку стукнула ўжо 92 гады.

Нягледзячы на ягоны ўзрост, ён застаецца цудоўным расказчыкам, ведае ўсяго шмат і добра памятае, што адбывалася яшчэ за польскім часам. Памятае ўсё да дробязяў. Ведаў добра псаломскага Ляшкевіча, які выратаваў ад смерці паўтары сотні яўрэяў. Ведаў добра ляснога вольнага казака-садыста Садка, які быў вялікай пагрозай для жанчын, а не для немцаў.

Вядома яму таксама, хто і за што спаліў вёску Зачарная. Бог надзяліў Гаўрылавіча добрай памяццю. Гэта не проста чалавек, гэта жывы архіў гісторыі нашага краю. Ён можа шмат расказаць, а мы павінны як мага больш усяго гэтага зафіксаваць для нашых нашчадкаў.     

Крык душы

Жанчына з суседняй вёскі, якая не пажадала назваць сваё прозвішча, шмат расказала пра свой  лёс. Тое, што яе закранула ў вайну, яна ніколі не зможа забыць. З самага яе пачатку вяскоўцы, застаўшыся сам-насам, цалкам безабаронныя, хаваліся ад усіх тых, хто быў са зброяй у руках.

Вёска яе пастаянна рабавалася і бандытамі, і немцамі. Немцы намагаліся як мага больш людзей адправіць на працу ў Германію.

Не дасягнуўшы канчатковай сваёй мэты, карнікі знішчылі яе датла, засталіся стаяць толькі белыя коміны ад печаў. І ніхто не змог абараніць ад ворага ні вёску, ні саміх людзей, частка якіх усё ж такі трапіла на Нямеччыну.

Жанчына расказвала з такім хваляваннем і эмоцыямі, што гэта было больш падобна да крыку душы, а не да звычайнай размовы. Гледзячы скрозь мяне дзесьці ў далёкае мінулае і ў той жа час зусім блізкае і балючае, яна скорагаворкай задавала мне пытанні адно за другім і сама ж на іх адказвала.

Дзе былі тыя “вызваленцы”, калі палілі нашу вёску, Любчу, Боркі?! Чаму не завязалі хоць якую-небудзь вайну з немцамі, каб людзей адбіць?! Не завязалі таму, што самі сядзелі ў кустах і нас ад сябе праганялі, каб немцы іх не заўважылі.

Чаму тыя “вызваленцы” дазвалялі бандытам нас рабаваць і чаму не выратавалі ад галоднай смерці маю маленькую сястрычку?! Хутчэй за ўсё дазвалялі таму, што ад тых бандытаў ім штосьці перападала.

Будавацца пасля вайны ніхто не дапамог, а сёння гэту хатку бацькоўскую я яшчэ і выкупляць вымушаная. Нікому я  не давяраю, ні ў якую справядлівасць не веру і ні на кога не спадзяюся. Давер і вера ў справядлівасць згарэлі ў маёй душы яшчэ ў тыя цяжкія часіны. Калі мы гінулі, то ніхто не падаў руку дапамогі. Ратаваліся самі, як маглі.

Паўгадзінная сустрэча праляцела як пяць хвілін, і я вельмі шкадаваў, што прымусіў гэту жанчыну хоць умоўна, успамінамі, але яшчэ раз прайсці праз пекла той страшэннай вайны.

Лічыць сябе вінаватым

Аляксандр Іванавіч Кажура, былы партызан партызанскай брыгады імя Фрунзе, якая дыслакавалася ў лесе ў вярсце на поўдзень ад вёскі Навасёлкі і ў якой размяшчаўся штаб гэтай брыгады ды асобы аддзел НКВД.

У 1943  годзе, як толькі з’явіліся першыя сапраўдныя партызанскія атрады, Аляксандр Іванавіч у 16-гадовым узросце адразу ж падаўся ў іх. Быў прызначаны ардынарцам камандзіра партызанскага атрада. Развозіў пакеты па іншых атрадах. Вазіў падрыўнікоў на чыгуначныя дыверсіі па Маладзечне.

Ведае не па чутках, як некаторыя атрады займаліся разбоямі і начным рабаваннем насельніцтва. Як  знішчаліся цэлыя сем’і дзеля запалохвання іншых. Цалкам упэўнены ў тым, што калі б не было партызаншчыны, то і не было б такіх трагічных наступстваў цалкам для ўсяго насельніцтва.

Партызаны ваявалі, знішчаючы ворага, а вораг знішчаў мірнае насельніцтва. Пасля перамогі ўзнагароды атрымалі толькі тыя, хто ваяваў, але не мірныя людзі, якія загінулі і якія цудам выжылі ў тым пекле. Такія размеркаванні Аляксандр Іванавіч лічыць несправядлівымі.

Ён па сённяшні дзень лічыць сябе вінаватым перад загінулымі, што не змог іх выратаваць. Мабыць, таму ён усё сваё пасляваеннае жыццё даглядае добраахвотна брацкую яўрэйскую магілку, якая знаходзіцца каля самага яго падворка.

Алесь РАТКЕВІЧ.

Фота і аўдыё Алеся РАТКЕВІЧА.