Сапраўднае свята падарылі маладзечанскія валанцёры  выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў чацвер, 22 лістапада.

– Мы заўсёды вітаем ініцыятывы валанцёраў, – распавядае дырэктар Маладзечанскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра (СПЦ) Ірына Байко. – Дзеткам вельмі важна, што да іх прыходзяць новыя людзі, гуляюць, нешта расказваюць, паказваюць нейкія цікавыя рэчы. Але і самім валанцёрам важна адчуваць, што яны робяць годную справу.

У гэтым прытулку знаходзяцца дзеці, якіх, паводле пастановы камісіі, забіраюць у бацькоў на паўгода ў межах дэкрэта №18. Пасля шасці месяцаў іх ці вяртаюць у сям’ю, ці, калі бацькоў пазбаўляюць правоў, знаходзяць ім прыёмную сям’ю.

Спачатку, калі дзяцей забіраюць з сям’і, іх размяшчаюць у дзіцячай бальніцы на медыцынскае абследаванне. Там ім таксама трэба  і сродкі гігіены, і цацкі, і адзенне.

У СПЦ дзеці ад трох да 16 гадоў. Валанцёры прыносяць ім канцылярскія тавары, развіццёвыя гульні і розныя рэчы, якія могуць спатрэбіцца дзецям.


Кожны злачынца некалі быў дзіцем

Аб тым, хто дапамагае дзецям з прытулку, распавяла адна з валанцёраў:

– Я не адна, нас некалькі чалавек, якія займаюцца арганізацыяй дапамогі прытулку. Мы не арганізацыя і не фонд, мы самыя звычайныя людзі, шараговыя мамы і таты, якім неабыякавыя не толькі свае дзеці, але якія не могуць і не хочуць заставацца ў баку ад праблемы кінутых дзяцей.

– А што трэба дзецям, якія знаходзяцца ў прытулку?

Дзеці ў прытулку абдзеленыя пяшчотай, цяплом, клопатам, любоўю, увагай. Часам ім не хапае самых простых рэчаў: адзення, абутку, самых простых прадметаў быту, цацак. Таму мы звяртаемся з заклікам да ўсіх, каму неабыякавы лёс дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, па магчымасці сабраць ужо непатрэбныя рэчы, якія спатрэбяцца дзецям. Часам ім не хапае звычайных гігіенічных сродкаў – мыла, зубной пасты, самым маленькім – “памперсаў”. А яшчэ ім патрэбныя цацкі.

– Чаму вы лічыце неабходным дапамагаць дзецям з прытулку?

– Некаторыя думаюць: навошта ім дапамагаць, яны ж усё роўна ў большасці вырастуць злачынцамі. Па-першае, дапамагаючы ім, мы найперш дапамагаем сабе. Гэтыя дзеці патрэбныя нам больш, чым мы ім! Па-другое, менавіта ад нас, ад нашага стаўлення да гэтых дзяцей залежыць, ці будзе іх будучыня сапраўды крымінальнай, ці яны ўсё ж змогуць ўліцца ў грамадства і стаць не толькі паўнавартаснымі, але і знакамітымі яго прадстаўнікамі. Задумайцеся: жывучы і не заўважаючы беспрытульнікаў і дзяцей-сірот, не надаючы ўвагі іх выхаванню і адукацыі, аднойчы можаце сутыкнуцца з імі, але яны паўстануць перад вамі злачынцамі. Наша абыякавасць цягне за сабой праблемы для ўсіх. Па-трэцяе, многія дзеці ў прытулках вельмі таленавітыя. Магчыма, у будучыні з іх вырастуць навукоўцы, пісьменнікі, кампазітары, мастакі. Такіх прыкладаў нямала. Па-чацвёртае, калі ўспрымаць свет як адзінае цэлае, то пытанне “Навошта дапамагаць?” мае відавочны адказ.

Сацыяльна-педагагічны цэнтр размешчаны па Вялікім Гасцінцы, 115. Тэлефон дырэктара 8(0176) 73-01-28.

Фота Таццяны САФОНАВАЙ.

Зоя ХРУЦКАЯ.