Карэспандэнт “РГ” вырашыла даведацца, колькі грошай спатрэбіцца, каб пахаваць нябожчыка і арганізаваць жалобны стол.

Калі ў сям’і нехта памірае, то месца на могілках дзяржава выдзяляе адразу на дваіх, прычым бясплатна. Але калі чалавек захоча яшчэ, напрыклад, адно месца, то за гэта прыйдзецца плаціць.

На могілках ля вёскі Лазавец адзін квадратны метр каштуе каля 95 тысяч рублёў. А адно месца займае плошчу прыкладна 3,75 квадрата.  Такім чынам, цана складзе ад 350 тысяч рублёў.

Цэны на дамавіны, вянкі

Самі труны цяпер таксама абыходзяцца ў капеечку. Да прыкладу, дамавіна, абабітая карычневым атласам, каштуе 450 тысяч рублёў. Больш эканамічны варыянт – 207 тысяч рублёў, але гэта мінімальная цана. Вядома, можна набыць труну і за 3, 5 мільёнаў рублёў, яна вырабленая з дубу і нагадвае саркафаг, які можна напалову адчыніць.

Але на гэтым рытуальныя паслугі не заканчваюцца. Патрэбны яшчэ рытуальны камплект.

Кошт вянкоў вагаецца прыкладна ад 60 тысяч да 580 тысяч рублёў. Ёсць вянкі і за мільён. Стужкі на вянкі набываюцца асобна. У адным з рытуальных салонаў такая паслуга разам са стужкамі каштуе 31 тысячу рублёў.

Падушка каштуе 22 тысячы рублёў, а накідка на яе – 21 тысячу. Калі ў труну набыць і накідку з крыжыкам, гэта каштуе 36 тысяч рублёў.

Цэны на крыжы складаюць 88–500 тысяч рублёў. Тыя, што зробленыя з хвоі, будуць танней за дубовыя.

Самая сціплая надмагільная таблічка пацягне на 10 тысяч рублёў, крыху прыгажэйшая – удвая даражэй. Ручнік, які завязваецца на крыж, каштуе каля 15 тысяч рублёў.

Цана на свечкі таксама розная. Напрыклад, у звычайнай мядзельскай краме яны каштуюць ад трох тысяч рублёў, што значна адрозніваецца ад цэн у касцёле ці царкве.

Там цэны на свечкі ад пяці тысяч рублёў, таму што яны асвечаныя.

Адзенне нябожчыка

Можна апрануць нябожчыка і ў яго рэчы, абы новыя былі. Калі ж купляць іх у рытуальных паслугах, то гэта таксама абыдзецца нятанна. Жаночы касцюм каштуе каля 200 тысяч рублёў, мужчынскі – яшчэ больш, дзесьці 300 тысяч.  А яшчэ трэба купіць сарочку – 85 тысяч рублёў. Трэба набыць і бялізну, яна каштуе каля 50 тысяч рублёў, гэта шкарпэткі, трусы і майка.

Што тычыцца абутку, то мужчынскія туфлі каштуюць 130 тысяч, а жаночыя 120 тысяч рублёў. Калі хаваюць бабулю, то часта набываюць тэпці.

Аказанне такіх вельмі спецыфічных паслуг, як абмыванне, грым і бальзамаванне цела нябожчыка, забяспечвае трупярня. Каштуе такая працэдура прыкладна 300 тысяч рублёў. Нябожчыка за гэтую суму аддадуць сваякам апранутым і пакладзеным у труну.

У апошні шлях

Праводзяць у апошні шлях нябожчыка на катафалку. Невялікі аўтамабіль, задзейнічаны на ўсю працэдуру пахавання, пацягне з вашага кашалька не менш як 100 тысяч рублёў (за 2,5 гадзіны).

Аўтобус для перавозкі людзей на могілкі і назад абыдзецца ў 380  тысяч за тры гадзіны.

Што тычыцца непасрэдна могілак

Тым, хто будзе капаць дол, трэба заплаціць 180 тысяч рублёў. За гэтыя ж грошы яны яшчэ апусцяць труну, уладкуюць магільны пагорак і паставяць крыж.
Самастойна капаць магілы ў Маладзечне нельга. Дазвол на капанне можна атрымаць толькі ў тым выпадку, калі самі камунальнікі не паспяваюць.

Памінальны стол

Тут усё залежыць ад таго, на колькі чалавек заказваюць памінкі.

Хтосьці можа запрасіць 15 чалавек, а нехта і 50. Прыкладны кошт такога стала на 50 чалавек – 4 мільёны рублёў. Гэта з гарэлкай, салатамі і гарачым.
Цяпер большасць кафэ на жалобны стол прапаноўвае меню, таннейшае за святочнае. Яно складаецца па жаданні заказчыка і з улікам яго фінансавых магчымасцяў.

Каштарыс за пахаванне

А цяпер падлічым, колькі, прыкладна, спатрэбіцца грошай, каб пахаваць аднаго чалавека.

Калі заказваць усё толькі самае неабходнае і недарагое, сваякі памерлага могуць ўкласціся ў 2,5 мільёна. Гэта пахаванне з мінімальнымі затратамі.

А вось абрадавы абед у памяць памерлага адразу пасля пахавання або праз пэўны тэрмін з дня смерці абыдзецца ў 5,2–6,1 мільёна (канчатковая сума тут залежыць ад месца правядзення і маштабу жалобнага стала).

Але на гэтым выдаткі не заканчваюцца

Праз год пасля пахавання па нябожчыку трэба усталяваць помнік і паставіць агароджу, якая на два месцы, да прыкладу, каштуе ад 1 мільёна 100 тысяч.
У Вілейцы заказаць помнік можна прыкладна за чатыры мільёны, але гэта толькі сам помнік, без агароджы.

Паставіўшы помнік, магілу трэба добраўпарадкаваць. Хтосьці ставіць лаўку, нехта разбівае кветнік, іншыя кладуць плітку. Гэта таксама вымагае  пэўныя затраты.

Карысная інфармацыя

Пасведчанне аб смерці атрымліваюць у ЗАГСе.

Паперку, на якой будзе напісана сума грашовай дапамогі на пахаванне, можна атрымаць у фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва на вуліцы Прытыцкага, 5 у Маладзечне. Цяпер дапамога складае 4,1 мільёна рублёў. Яе   дастаткова на сярэдняе пахаванне і памінкі на чалавек пятнаццаць.  Гэтая сума выдаецца незалежна ад статусу чалавека, пенсіянер ён, рабочы, беспрацоўны  ці бомж.

Калі памёр пенсіянер ці інвалід, то грошы на пахаванне можна атрымаць ў пенсійным фондзе. А калі чалавек працаваў, то грашовую суму ў тым жа памеры сваякам выдадуць з месца працы нябожчыка.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Глеба ЛАБАДЗЕНКІ.