У рэдакцыю пазваніла абураная жанчына, якая скардзілася, што ў яе ўзялі грошы за кілаграм вінаграду, а яго там было ўсяго 800 грамаў. Атрымліваецца, што яна пераплаціла амаль чатыры тысячы рублёў.

Мы ўзялі грошы і выправіліся на рынак райспажыўтаварыства за пакупкамі, каб праверыць, ці была сітуацыя з нашай чытачкай выпадковай.

Дубль 1. Пераважванне 20 грамаў

Вырашылі таксама набыць вінаград. Доўга думалі, да каго падысці, бо шукалі падман на твары прадаўца, а не ў вагах. У выніку набылі 730 грамаў на электронных вагах. Калі пайшлі правяраць тавар на кантрольных, то ўбачылі, што ўзважылі нам сапраўды няправільна. Кантрольныя вагі паказалі наогул больш, чым трэба: 750 грамаў.

Не разумеючы, што да чаго, звярнуліся па дапамогу да пакупніцы. Святлана ўжо добра вывучыла рынак і падказала нам, дзе шукаць падман:

– Падыходзьце да прадаўцоў, у якіх механічныя, а не электронныя вагі. Яшчэ лепш, калі яны старыя, іржавыя і з выбітым шклом. Звярніце ўвагу на тое, як яны стаяць, бо паверхня можа быць няроўнай, але вагі будуць паказваць нуль.

Дубль 2. Недаважванне 250 грамаў

Спадарыня Святлана па нашым спецзаданні абышла ўвесь рынак і ў рэшце рэшт паказала вагі, на якіх могуць падмануць. У гэтым месцы яна набыла 2 кілаграмы 150 грамаў вінаграду. Уявіце, што кантрольныя вагі паказалі ўсяго 1 кілю 900 грамаў! Святлану абдурылі на 250 грамаў, якія абышліся ў пяць тысяч рублёў!
Дарэчы, калі ў вас пакупак больш за кілаграм, то ўзважыць іх на кантрольных вагах будзе крыху складана. Гіраў там няма, а больш за кілаграм вагі не паказваюць. Таму вінаград мы ўзважвалі па частках.

Святлану ўжо неаднойчы спрабавалі падмануць на рынку, таму яна адразу пайшла патрабаваць ад прадаўца вярнуць грошы. Спачатку ён прапанаваў альбо дадаць вінаграду, альбо пяць тысяч. Святлана ж настаяла на тым, каб вярнулі ўсе грошы і забралі назад вінаград. Прадавец не супраціўляўся.

“Усё залежыць ад прадаўца”

Дырэктар рынку райспажыўтаварыства Ганна Сіняўская не першы раз чуе пра падман:

– На абважванне скардзяцца, але адміністрацыя рынку не нясе за гэта адказнасці. Раптам пакупнік, пакуль дайшоў да мяне, з пяці набытых яблыкаў з’еў два? Мяне ж не было побач, калі ён іх купляў. Безумоўна, пакупнік заўсёды мае рацыю, але ж ёсць і іншыя выпадкі. У кілбасным павільёне стаяць кантрольныя вагі, дзе можна ўзважыць самому свае пакупкі. Да таго ж, цэнтр метралогіі і стандартызацыі правярае вагі нашых гандляроў. Ёсць планавыя праверкі, аб такіх папярэджваюць за месяц, а ёсць нечаканыя маніторынгі.

– Ці магчыма даказаць, што цябе абважылі і ты не еў яблыкі?

– Усё залежыць ад таго, наколькі прыстойны прадавец. Напрыклад, я западозрыла, што мне няправільна ўзважылі прадукты, пераважыла на кантрольных вагах, вярнулася назад і кажу прадаўцу: “Вы мяне падманулі”. А ён ведае, што падмануў. Паглядзіць, што я жанчына скандальная, і альбо дадасць прадуктаў, альбо верне грошы. Заўсёды трэба быць пільным і патрабаваць ад прадаўца вярнуць вам грошы ці дадаць прадуктаў, калі ён вас падмануў.

Дарэчы, абважваюць не толькі на садавіне і агародніне. Здараліся выпадкі, калі за аднаго карпа пераплачвалі ажно 12 тысяч рублёў. Бо рыба стаіць па адной цане, а прабіць чэк могуць па іншай.

Калі вы не хочаце, каб вас падманулі

Парады дае дырэктар рынку Ганна Сіняўская:

1. Звяртайце ўвагу на вагі. Трэба, каб першапачаткова на табло стаяў нуль.

2. Прыглядайцеся да гіраў, яны могуць быць падпілаваныя.

3. Лепш купляйце прадукты на электронных вагах, тады менш падманваюць. Але ўсё роўна трэба ўважліва глядзець на табло.

4. Сачыце, каб візуальна колькасць прадуктаў адпавядала колькасці грамаў.

5. Калі адчуваеце падман, правярайце вагу на кантрольных вагах.

Настасся РОЎДА, Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.