Фанацкі рух можна лічыць неад’емнай частка сучаснага футбольнага жыцця. Хто яны – футбольныя фанаты Маладзечна?

Дзмітры Рухлевіч, балельшчык Маладзечна:
– Я вучуся ў Маскве, але імкнуся хадзіць ці не на ўсе гульні. У гэтым сезоне атрымалася і на некалькі выездаў з’ездзіць.

Раней я сам гуляў у адной камандзе з некаторымі футбалістамі з цяперашняга складу.

Хоць і прыклаў нямала сіл, каб аб’яднаць ўсіх, каму неабыякавы наш клуб, стварыўшы групу “Укантакце”, і апроч роднага Маладзечна ні за кога больш не хварэю, але ўсё роўна фанатам сябе не лічу. Я балельшчык!

Яшчэ ў дзяцінстве мяне бацька браў з сабой на футбол. А ў 2006 годзе  стаў наведваць усе хатнія гульні. Праз два гады стварыў групу і паспрабаваў аб’яднаць ўсіх, каму цікавы наш клуб. Зацікавіў фанатаў і проста прыхільнікаў, якія, даведаўшыся больш пра фан-сектар, і самі туды пайшлі. Быў такі час, што і на фан-сектары людзей было мала, ды і агульная трыбуна вельмі моцна пуставала.

З часам сітуацыя палепшылася. Дзякуючы новаму трэнеру маладзечанцы дасягнулі больш высокіх вынікаў.

Выезд  на матчы абыходзіцца нятанна. Чым далей выезд, тым білет даражэйшы. А яшчэ ж трэба і на яду колькі выдзеліць. Калі ехаць на электрычцы, абыдзецца танней. Аўтобусам будзе даражэй, на колькі дакладна, я не ведаю, але зручнасць і час падчас паездкі, канешне, важныя.

Чытайце на гэтую тэму: «Забудова»: вынікі сезона

Павел Малашка:

– Я падтрымліваю каманду з 9 гадоў. За гэты час я палюбіў футбол, у маім сэрцы зялёна-белы агеньчык, які гарыць і па гэты дзень!
 На сектары актыўнай падтрымкі я з 2008 года. Падтрымліваць каманду стараюся па магчымасці максімальна.
Калі пачаў сустракацца з дзяўчынай, то ў пачатку яна ставілася скептычна да майго захаплення, а пасля прывыкла. Цяпер часам глядзім футбол разам.

На адзін выезд траціцца ў сярэднім каля 50-60 тысяч рублёў, але ёсць шмат спосабаў, як дабрацца да патрэбнага месца без капейкі ў кішэні.   
Футбалістаў я ведаю ўсіх, а з некаторымі знаёмы асабіста. Хварэю за Маладзечна, таму што тут я нарадзіўся, вырас, вучыўся, гуляў у футбол. Менавіта тут бацька прывіваў любоў да футбола, клуба.

Гэта мой горад і мая каманда, якая будзе для мяне заўсёды лепшай за “Барсы” або “Манчэсцер Юнайтэд”, “Рэал” або “Баварыю”! Яе мне выпаў гонар назаўсёды падтрымліваць! Толькі Маладзечна, толькі перамога!

Анастасія Касцюк, аматарка футбола:

– Я не сказала б, што я фанатка, так аматар футбола. І захапляюся ім зусім нядаўна. Вось мой хлопец футбаліст, дык цяпер не толькі каманду, але і яго асабіста падтрымліваць прыходжу.

Наведвала матчы тры апошнія сезоны, але на выездах каманды я не бываю. Адзін раз толькі ў Асіповічы з’ездзіла.

На футбол мне ні грошай не шкада, ні часу. Наадварот, мне гэта падабаецца. Прыходзіш на стадыён і тут пакідаеш і дрэнны настрой, і невясёлыя думкі. Тут такі адрэналін! Маці дома смяецца, кажа, што раней бацьку са стадыёна не выгнаць было, а цяпер яшчэ і дачка туды ж.    
І “крычалкі” я таксама  ведаю: “Толькі Маладзечна! Толькі Перамога!”.

Некаторыя ж дзяўчаты прыходзяць не футбол глядзець, а “клеіць” хлопцаў, інакш не скажаш. Яны адзяваюць міні-спаднічкі, на поле не глядзяць, за гульнёй не сочаць.

Чытайце на гэтую тэму: Андрэй Шаблінскі: “Горшага сезона ўжо не будзе”

Арцём, фанат Маладзечна:

– Столькі часу аддадзена гэтаму захапленню! Я фанат! З шасці гадоў займаюся футболам, а на трыбуну ў якасці балельшчыка прыйшоў у 2007 годзе. І з гэтага часу не прапускаю ніводнага матча. Быў на ўсіх выездах каманды. Канешне, цяжка сумяшчаць футбол і жыццё па-за трыбунамі, але гэта ўжо лад жыцця, гэта ў крыві. Тым больш, калі ад гульцоў каманды чуеш шчырыя словы падзякі, што без нас, без фанатаў, гэта была б ужо не тая гульня.

Перажываю за паражэнні каманды. Але разумею, што гэта ж гульня. Я адэкватна успрымаю, што там, дзе ёсць перамогі, могуць быць і паражэнні. Спакойна стаўлюся.

– А як дзяўчына, бацькі ставяцца да вашага захаплення?
– Бацькі звыкліся ўжо. Яны ведаюць, што дакладна раз у тыдзень мяне турбаваць не трэба. Я цалкам у футболе. А дзяўчаты крыўдзіліся. Цяпер сяброўкі няма

У кожнай гульні ёсць нешта асаблівае. Яна залежыць ад саперніка. З Оршай былі вельмі напружаныя гульні. А запомнілася, канешне, першая і апошняя гульня сезона.

Фанатамі лічу толькі тых, хто адстаяў на стадыёне са мной плячом да пляча не адну гульню. Бывае, што людзі прыходзяць выпадкова, на адзін раз. А калі моладзь актыўна разгортвае палотны клуба, выкрыквае “крычалкі”,  з такіх яшчэ могуць вырасці сапраўдныя фанаты.
Усім фанатам я раю заняцца спортам, а сам урэшце разбяруся з вучобай. Столькі спраў з-за футбола адклалася!
Вольга ЮРКЕВІЧ, Наталля ТУР.