20-гадовага валожынца судзяць сёмы раз.
Судовае пасяджэнне, сёмае ў жыцці хлопца, адбудзецца на наступным тыдні. Яго судзяць за разбой.
У чатыры гадзіны раніцы 27 верасня 80-гадовая жыхарка вёскі Чартавічы прачнулася ад грукату ў дзверы. Бабуля адчыніла. На парозе стаяў хлопец з завязанай на твары хусткай, каб яго не пазналі, а ў руцэ трымаў кухонны нож.
– Бабка, давай мільёны! – сказаў ён жанчыне і ўвайшоў у дом.
Злачынца пайшоў на кухню, пачаў пагражаць і, каб запужаць, біў нажом па стале. Пакуль ён хадзіў па кухні, бабуля паклікала 82-гадовага мужа. Дзядуля аддаў хлопцу 40 тысяч рублёў, а бабуля дадала яшчэ 200 тысяч.
Каб гаспадары не маглі выклікаць дапамогу, злачынца пазбавіў іх магчымасці карыстацца тэлефонам.
Як мяркуецца, гэтае злачынства малады чалавек здзейсніў у нецвярозы стане. Ён выпіў, яму паказалася мала, і тады пайшоў шукаць грошы, каб купіць яшчэ.
Спачатку прызнаў віну
Перад тым, як абрабаваць пажылых людзей, хлопец заходзіў да сваёй роднай бабулі, якая жыве ў той жа вёсцы. Аднак яна не дала ўнуку грошай на выпіўку, і той вырашыў іх скрасці.
Ён адразу ж прызнаўся ў злачынстве. Аднак калі даведаўся, што яму пагражае пазбаўленне свабоды тэрмінам ад шасці да 15-і гадоў з канфіскацыяй маёмасці, ад сваёй віны ўжо адмаўляўся.
Маці адмаўляецца ад сына
Калі падазраваны такога маладога ўзросту, звычайна на допыт запрашаюць бацькоў, каб атрымаць ад іх характарыстыку. У гэтым выпадку яго маці не запрашалі.
Сёлета ён ужо абакраў сваю маму, а атрыманыя грошы прапіў. На судзе жанчына сказала, што не хоча пра яго нічога ведаць.
У 20 гадоў трэба лячыцца ад алкагалізму
Першае злачынства хлопец здзейсніў у 15 гадоў. Тады ён атрымаў тры месяцы прымусовых мер выхаваўчага характару за крадзеж.
Пасля першага здзейсніў яшчэ пяць крадзяжоў і ўгон машыны, і ў большасці выпадкаў ён быў нецвярозы.
Паводле заключэння судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, падазраванаму неабходнае прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў месцах пазбаўлення свабоды.
Хлопцу 20 гадоў. Ён ужо пабываў за кратамі, на свабоду выйшаў год таму. Ён нідзе не вучыцца і не працуе. Спрабаваў працаўладкавацца, але яго адразу ж выганялі.
Сярод валожынскіх маладых злачынцаў ён рэкардсмен. Ёсць некалькі чалавек, якія да 20 гадоў маюць дзве-тры судзімасці, але шэсць пакуль паспеў “зарабіць” толькі ён.
Іван МАЛАФЕЙ, намеснік пракурора Валожынскага раёна.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.