Пракурор раёна Роберт Зубаіраў патлумачыў, адкуль такія лічбы, у чым памыліліся праваахоўныя органы і якой дапамогі жыхароў не хапае пракуратуры.

Летась наўмысных забойстваў на Маладзечаншчыне было чатыры. Сёлета іх у два разы больш.

Палова адбылася ў горадзе, палова – у сельскай мясцовасці. Шэсць з іх здарылася ў памяшканнях.

Прычынай пяці забойстваў стаў бытавы канфлікт.

Не абышлося і без алкаголю. Пяцёра забойцаў здзейснілі злачынства, калі былі нецвярозыя. У чатырох выпадках нецвярозымі былі пацярпелыя. Яшчэ ў трох злачынца і пацярпелы пілі разам незадоўга да здарэння.

Забіў за дзіця

Сёлета 7 красавіка 30-гадовы нецвярозы маладзечанец забіў хлопца.

Нецвярозы мужчына даведаўся ад сваёй сужытніцы, што яго гадавалая дачка вывалілася з дзіцячай каляскі. Яна абвінаваціла ў гэтым хлопцаў, якія стаялі непадалёк. Ён не стаў разбірацца і проста збіў аднаго з іх, які таксама быў нецвярозы.

Хлопец  памёр ад адкрытай цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы.

Абвінавачаны дагэтуль меў некалькі судзімасцяў. На момант злачынства нідзе не працаваў.

Прычына – сварка

У шасці выпадках прычынай забойства была сварка.

Тры з іх здарыліся з-за сямейных канфліктаў. У трох іншых выпадках злачынца і пацярпелы зусім не былі знаёмыя.

Два забойствы адбыліся з-за карыслівых мэтаў.

Жахлівая смерць ля Лазаўца. Міліцыя шукае відавочцаў

Артыкул пад такім загалоўкам выйшаў у газеце 16 красавіка.

За дзень да гэтага загінулую жанчыну знайшлі недалёка ад гарадскіх маладзечанскіх могілак, што каля вёскі Лазавец. У яе быў праламаны чэрап.
Жанчына ляжала пад бярвеннем. Недалёка знайшлі адкрыты пусты кашалёк. Яна прыязджала на могілкі, каб навесці парадак на магіле свайго мужа.
Абвінавачанаму 33 гады. Ён пацвердзіў, што спачатку збіў жанчыну, а потым забраў з кашалька ўсе грошы.

Мужчына неаднойчы судзімы. Працаваў, з месца жыхарства і працы на яго ніхто не скардзіўся.

Часцей забіваюць ноччу

Два злачынствы адбыліся днём, адно – вечарам, астатнія пяць – ноччу.

Зарэзалі касірку букмекерскай канторы

Беспрацоўны 24-гадовы малады чалавек 24 жніўня каля 22 гадзін забіў касірку букмекерскай канторы і забраў з касы 13 мільёнаў рублёў.

Прыкладна праз 10 хвілін падазронага ў злачынстве затрымалі з гэтымі грашыма. Яны былі ў крыві.

Абвінавачаны дагэтуль меў чатыры судзімасці за крадзяжы.

Яму выдалі накіраванне ў цэнтр занятасці, але ён туды не прыйшоў. Жыў на выпадковыя заробкі.

Чаму расце злачыннасць

– І ў органах унутраных спраў, і ў мясцовых органах выканаўчай улады няма выразна наладжанай сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў, – кажа пракурор Маладзечанскага раёна Роберт Зубаіраў. – Трэба, каб прафілактычныя мерапрыемствы праводзілі і з тымі людзьмі, якія яшчэ маюць не знятыя судзімасці, не працуюць ці вядуць антысацыяльны лад жыцця. Такая праца пачалася паўгода таму. Людзей ставяць на ўлік, ім дапамагаюць знайсці працу.

Ужо знайсці працу дапамаглі 39 людзям.

Адзінаццаць чалавек накіраваныя на лячэнне ад алкагалізму. Пяцёра прайшлі такі курс добраахвотна за кошт прадпрыемстваў, на якіх яны працуюць. Яшчэ чатыры – за свае грошы.

Знойдзена шэсць сямей, у якіх муж злоўжывае спіртным і б’е жонку. З імі праведзеныя прафілактычныя размовы.

Адной праблемнай сям’і выдзелілі жыллё. Яшчэ адной дапамаглі адрамантаваць дом. Але ў большасці пытанні з жыллём і медыцынскім забеспячэннем раней судзімых людзей нявырашаныя.

– Часта работнікі органаў унутраных спраў проста накіроўваюць людзей з месцаў пазбаўлення волі ў цэнтры занятасці, каб яны знайшлі сабе працу, – дадае Роберт Зубаіраў. – Далейшым іх лёсам ніхто не цікавіцца і паводзіны не кантралююцца.

Партрэт патэнцыяльнага забойцы

1. Беспрацоўны

2. Злоўжывае алкаголем

3. Раней меў судзімасці

4. Неадэкватныя паводзіны

– Не бойцеся звяртацца ў пракуратуру, калі вы бачыце, што ваш сусед ці знаёмы п’е ці неадэкватна сябе паводзіць, – запэўнівае Роберт Зубаіраў. – Не думайце, што вы яго здасьце. Звярнуўшы на гэтага чалавека ўвагу праваахоўных органаў, вы можаце папярэдзіць жудаснае злачынства.

Настасся РОЎДА.