Сустрэча пажылых людзей з прадстаўнікамі грамадскіхі дзяржаўных  арганізацый горада прайшла ў чацвер, 13 снежня, у маладзечанскай СШ №5.

На ёй абмяркоўвалася пытанне: чаго не хапае людзям ва ўзросце ў сучасным грамадстве?

Месца для правядзення сустрэчы было абранае невыпадкова. Менавіта на базе школы №5 ужо трэці  год запар рэалізуецца праект “Безыменным героям вернем імёны”.  Клуб “Цёплыя сустрэчы” аб’яднаў былых вязняў канцлагераў і настаўнікаў школы, якія выйшлі на пенсію. Яго кіраўнік – настаўніца рускай мовы і літаратуры Лідзія Князева. Праект стаў магчымым пры дапамозе нямецкай праграмы “Месца сустрэчы – дыялог”.

На базе школы пажылыя людзі горада сустракаюцца кожны тыдзень. Абавязковыя ўдзельнікі ўсіх сустрэч – вучні школы. Падчас агульных мерапрыемстваў розныя пакаленні маладзечанцаў лепш пазнаюць адзін аднаго. Разам яны займаюцца пошукам імёнаў вязняў “Шталага-342”, ходзяць у тэатры і ездзяць на экскурсіі.

– Шкада, што ў нашым грамадстве прынята ўспамінаць пра пажылых людзей толькі ў святы ці па нейкіх трагічных датах, – кажа дырэктар СШ №5 Яўген Макарэвіч. – Атрымліваецца, што старэйшае пакаленне трымае свой каштоўны вопыт пры сабе, а моладзі наадварот даводзіцца вучыцца толькі на ўласных памылках. Школа стварае своеасаблівую пляцоўку для абмену вопытам. Вядома, нашы магчымасці абмежаваныя, бо мы перш-наперш ўстанова адукацыі.  Але мы ўпэўненыя, што ніводны чалавек не павінны быць адзінокім.

Дарагія лекі

Праблема коштаў на лекі закранае кожнага пенсіянера. Часам набываць даводзіцца некалькі розных найменняў таблетак і мікстур. Пакупку медыкаментаў адзінагалосна назвалі праблемай нумар адзін усе прысутныя.

– Даверу да беларускіх лекаў у пажылых людзей часта няма, – каментуе сітуацыю доктар-герантолаг Сігізмунд Леановіч. – Замежныя ж лекі даражэйшыя. Але па ўласцівасцях іх беларускія аналагі такія ж самыя! Зэканоміць дапаможа пераход на лекі беларускай вытворчасці.

Але не ўсе прысутныя пагадзіліся з такім рашэннем праблемы. Часам менавіта імпартныя лекі дапамагаюць лепей, чым беларускія. Усё залежыць ад асаблівасцяў арганізма.

Актуальнай застаецца прапанова азнаёміцца з умовамі льготнага продажу лекаў. Напрыклад, інваліды першай і другой груп могуць набываць лекі, аплачваючы толькі 10% ад іх кошту. Веданне сваіх правоў дапаможа зэканоміць пры паходзе ў аптэку.
Звярнуў на сябе ўвагу і расклад працы гарадской паліклінікі. Яе загадчыца паабяцала вярнуць ў расклад працы спецыяльны дзень для медыцынскага агляду былых вязняў канцлагераў.

– Шкада, што “Дажынкі” не дайшлі да нашай раённай бальніцы, – заўважылі пенсіянеры. – Мы самі бачылі, як пацыенты там спяць на калідорах. Да таго ж скразняк такі, што захварэць у бальніцы часам лягчэй, чым выздаравець.

Самотнасць

Адзінота, з якой сутыкаюцца сталыя людзі пасля выхаду на пенсію, – абавязковая тэма для абмеркавання.

Пажылыя людзі часам не ведаюць аб тых магчымасцях правесці вольны час, якія ёсць у іх горадзе. Прысутныя заўважылі, што гэта можа быць праблема сродкаў масавай інфармацыі: мерапрыемствы для пенсіянераў не анансуюцца шырока. Але з другога боку, не кожны пенсіянер пастаянна звяртаецца да газет, радыё і тэлебачання, каб пабачыць анонсы мерапрыемстваў.
Праблемы пенсіянераў актуальныя для ўсяго беларускага грамадства.

Цяпер каля 20% насельніцтва краіны – пажылыя людзі. Да 2015 года гэтая лічба ўзрасце да 25%.

Значыць, пажылым будзе кожны чацверты жыхар Беларусі.

Сацыяльная дапамога

– Калі мы з вучнямі наведваем пажылых людзей дома, яны часта просяць дапамогі па гаспадарцы, – заўважае Лідзія Князева. – Напрыклад, адрамантаваць дзверы ці вокны. Тады на дапамогу прыходзіць настаўнік працы. Але так дапамагчы ўсім немагчыма.
Карысныя кантакты для пажылых людзей падказала Людміла Душкевіч з  Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.

– Прыбіранне пад’ездаў уваходзіць у камунальныя паслугі, за якія кожны з нас плаціць штомесяц, – падкрэсліла Людміла Душкевіч. – Таму з вырашэннем гэтага пытання трэба звяртацца не да нас, а да ЖРЭА.

Далейшае навучанне

Пра тое, якія магчымасці ў самаразвіцці маюць пажылыя людзі Маладзечаншчыны, распавяла Станіслава Зубкова, кіраўніца раённага савета ветэранаў.

Разам з цэнтральнай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча савет ветэранаў рэалізуе адукацыйны праект. З яго дапамогай кожны ахвотны пенсіянер раёна можа навучацца працы на камп’ютары, атрымліваць веды на тэму права, вучыць англійскую мову.

– Навучанне англійскай у нас вельмі папулярнае, – кажа Станіслава Зубкова. – Шмат пажылых людзей ужо спрабуюць вучыць мовы праз інтэрнэт – дзеці і ўнукі дапамагаюць ім знаходзіць патрэбныя старонкі ў сеціве. Таму навучанне плануем прадоўжыць і ў наступным годзе.

Да таго кіраўніца савета ветэранаў звярнула ўвагу на ветэранаў працы. Многія з іх пасля выхаду на пенсію сталі непатрэбныя ўласным прадпрыемствам. Шмат якія прадпрыемствы самі перасталі існаваць. Станіслава Зубкова паабяцала ўзяць гэту праблему на ўласны ўлік.

77-00-00 – сацыяльная дапамога па гаспадарцы
77-75-78 – юрыдычная дапамога
75-26-02 – платная разавая дапамога (памыць вокны, прывезці дровы)
77-73-13 – агульны прыём. Сюды можна тэлефанаваць у выпадку, калі вы ведаеце пажылога чалавека, якому патрэбная дапамога.

Даведка “РГ”. “Месца сустрэчы – дыялог” – праграма, якая рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”. Яна разлічаная на рэалізацыю беларускімі арганізацыямі праектаў у інтарэсах пажылых людзей, у першую чаргу – былых вязняў канцлагераў.

Аляксандра ПАРАХНЯ.