Фарба на агароджы гэтай магілы на Касцяневіцкіх могілках амаль злупілася. Вакол агароджы высечана кустоўе. Але ўнутры — не. Даводзіцца пачысціць самому. Касцяневіцкія людзі глядзяць свае клады, але на самой магіле павінны чысціць сваякі. А няма каму.

«Скурко Вера, жыла 24 гады. І сын Яраслаў, жыў 2 гады. Памерлі ў 1943 г.” Ні слова больш.

Так сёння выглядае магіла роднай сястры паэта Максіма Танка (Яўгена Скурко). Адшукаць яе ўдалося толькі з другога разу.

Фортка агароджы намёртва закручаная ржавым балтом. Помнік парастае мохам. На магіле — штучныя кветкі.

«…Веры абгародку паставілі ў Касцяневічах, памагаў шафёр, я яму за гэта заплаціў», — пісаў брат Фёдар да Танка 22 чэрвеня 1973.

Вера — маладзейшая за Максіма Танка. Мяркуючы па надпісе на помніку, яна нарадзілася ў 1918 ці 1919.

У студзені1938-гавыйшла замуж за Браніслава Лётку, на хутар побач з вёскай Сэрвач (Вялікая Сэрвач) недалёка ад Касцяневічаў. Той хутар купіў Браніславаў бацька з грошай, заробленых у Амерыцы.

Захаваўся вясельны здымак. На ім — Вера ў шлюбнай белай сукенцы, побач малады — бы асілак.

Існуюць дзве версіі смерці жанчыны і яе малога сына.

Версія афіцыйная

Яўген Іванавіч у сваіх дзённіках 12 студзеня 1973 запісаў: «Пісьмо ад Федзі. Піша, што памёр наш швагер Браніслаў Лётка. Страшную трагедыю перажыў ён і ўся наша сям’я. У час вайны нейкі гмінны службіст загадаў Браніславу адвезці яго ў Куранец, а па дарозе іх абстралялі партызаны, здаецца, з атрада „Народны мсціўца“ і захапілі ў палон гэтага службіста. „Хто цябе падвозіў?“ — „З Сэрвачы Лётка“. Тут жа расправіліся з ім і з сем’ямі братоў Лёткаў: забілі сястру Веру і яе двухгадовага сына, забілі швагерку з дзесяцігадовым сынам. А мужыкі іх — ацалелі. Былі ў суседняй вёсцы. Калі вярнуліся — засталі адны папялішчы. Потым браты былі мабілізаваны, прайшлі з баямі праз усю Польшчу, штурмавалі Берлін…»

Танк піша, што ў той справе «быў замешаны нявераўскі „Папок“, які, будучы партызанам, займаўся рабункам. Пасля вайны нейкі час працаваў брыгадзірам у калгасе. Але за тое, што біў людзей, яго судзілі. Сястра яго доўга распрадавала нарабаванае ім дабро…»

Страшная праўда

Праўда жыцця была яшчэ страшнейшай за гэтую падрэтушаваную, літаратурную. Яе перадавалі з вуснаў у вусны землякі Танка.

Неяк увечары мужчынская палова Лётак пайшла на суседні хутар гуляць у карты. Была ўжо ноч, калі прыйшлі на Лёткаў хутар партызаны. Шукалі яны золата, якое нібыта далі Веры ў пасаг бацькі. (Яны былі заможныя, калі прыйшлі саветы ў1939-м. Стаяла нават пытанне пра іх раскулачванне.)

Мучылі партызаны жанчын, але золата не знайшлі. Ці то яго і не было, ці то не аддалі гаспадыні. Не думалі жанчыны, што бандыты не захочуць пакідаць сведкаў.

Забілі ж Веру з дзіцем і астатніх сякерамі — каб без шуму, без стрэлаў…

Мужчыны з суседняга хутара бачылі агні ліхтароў на сваім дварышчы, але не пабеглі туды. Падумаць не маглі, што там робіцца…

Праз некалькі дзён на хутар бацькоў Веры ў Пількаўшчыне заязджалі партызаны. Адзін з коней быў як папонай укрыты пасажнай хатняй посцілкай. У кожнай гаспадыні яны былі на свой узор, вось маці і пазнала даччыну. Домна Іванаўна кінулася пытацца: адкуль жа ў вас посцілка маёй дачушачкі…

На той момант маці яшчэ не сказалі пра смерць дачкі. А бацька Іван Хведаравіч усё ўжо ведаў. Янук жонку за руку схапіў і не пусціў да ваякаў: не наша гэта посцілка, ты блытаеш… Разумеў, што могуць забіць і іх як сведкаў, як тых, «што пазналі».

Пазней да бацькоў прыязджаў партызанскі камандзір, а пасля вызвалення Беларусі — намеснік старшыні Вілейскага аблвыканкама Фёдар Маркаў.

Ён вініўся і быў гатовы расстраляць забойцаў Веры і яе сям’і проста на вачах бацькоў — варта было толькі назваць імёны. Але стары не захацеў новай крыві, сказаў: «Хай Бог разбіраецца». Хоць імёны забойцаў не былі сакрэтам у наваколлі.

Пра смерць сястры Максіму Танку ў маі1944-гарасказаў той самы Маркаў.

Вось так было. Нацысты не зачапілі сям’і камуністычнага паэта, кроў пралілі затое лясныя бандыты,па-іншамуіх не назавеш.

След прапаў

Магіл з прозвішчам Лётка на Касцяневіцкіх могілках няма. З гэтага роду ніхто тут не застаўся, а старыя камяні паўязджалі ў зямлю.

Як склаўся лёс Браніслава Лёткі пасля штурму Берліна? Пасля Другой сусветнай Браніслаў знайшоў спосаб застацца ў Польшчы.

Максім Танк, расказваюць сваякі, нават бачыўся з ім падчас замежнай камандзіроўкі. Але пра гэта ў запісах самога Яўгена Іванавіча ні слова.

«Гэта лішняе», — так казалі старыя пісьменнікі.

Крыніца:  http://nn.by/?c=ar&i=101728