Напярэдадні Новага года мы звярнуліся да старшыні Маладзечанскага райвыканкама Фёдара Дамаценкі з простым пытаннем, што ён пажадаў бы сабе ў падарунак на Новы год.

– У мяне самае простае жаданне. Каб такія навагоднія ёлкі, як тая, што стаіць на Цэнтральнай плошчы Маладзечна, стаялі б ва ўсім нашым рэгіёне, – сказаў Фёдар Дамаценка і патлумачыў. – Калі я толькі прыйшоў працаваць у Маладзечна ў верасні 2010 года, мне вельмі хацелася, каб у наш раён як мага часцей прыязджалі госці за лепшым у Беларусі досведам. І так сталася. І “Дажынкі”, якія прайшлі летась, і сёлетні экалагічны форум, сустрэча літоўскага і беларускага бізнесу – сведчанне запатрабаванасці нашага патэнцыялу. Пацвярджэнне гэтаму пастаянныя кантакты спецыялістаў нашага раёна з самых розных сфер дзейнасці: культуры, адукацыі, аховы здароўя, камунальнікаў, будаўніцтва. Пра неабходнасць гэтых кантактаў заўсёды гавораць нашы партнёры.

Фёдар Дамаценка пажадаў чытачам нашай газеты, іх сем’ям здароўя і дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, цеплыні ў сэрцах і душах.

Аддзел інфармацыі.

Даведка “РГ”. Упершыню галоўная навагодняя ёлка Маладзечанскага раёна, якая ўяўляе сабой металічны каркас, па якім размяркоўваецца каля 30 елачак ад 2 да 5,5 метра вышынёй, на Цэнтральнай плошчы Маладзечна была ўсталяваная год таму – у снежні 2011 года. Меншая па памеры ёлка, але таксама на металічным каркасе,  устанаўліваецца ў цэнтры Смаргоні. Сёлета ў Маладзечанскім раёне ўсталявалі 20 ёлак. У самім райцэнтры – амаль у тры разы больш, але сярод іх вылучылі дзевяць галоўных.

Фота minpraud.by