“Пнеўматычную вінтоўку ці хаця б проста згарэла школа”, “мульціядзерны комп”, “хаця б аднаго сапраўднага сябра”…

Што пакласці любімаму дзіцяці пад ялінку? А дзеці не спадзяюцца на бацькоў і пішуць лісты з самымі запаветнымі жаданнямі  Дзеду Марозу.

Мы вырашылі дапамагчы Дзеду Марозу і разабраць некаторыя дзіцячыя пасланні з мэтай высветліць, што ж просяць сучасныя дзеці  8-11 гадоў на Новы год у галоўнага чарадзея?

“Дзед Мароз, падары мне сэнцарны тэлефон”

Самым жаданым падарункам стаў ноўтбук. Сярод 80 лістоў 17 дзяцей папрасілі менавіта ноўтбук. (Прычым прасілі “ноўт букі”, “ноўтбугі” і “наўтбугі”).

На другім месцы па папулярнасці – тэлефон. Але не просты  тэлефон. У дзіцячых пісьмах чытаем: “Хачу смартфон”, “Дзед Мароз, падары мне сэнцарны тэлефон”, “Андройд ІІІ”, “Гэлаксі С ”, “айфон 1 м х 1 м”, “сапраўдны тэлефон”.

Нават пісалі адрас і назву крамы, каб Дзед Мароз нічога не наблытаў! Якія ў нас тэхнічна падкаваныя дзеці! Яшчэ папулярны адказ – планшэты і прафесійныя фоцікі. Мы жывём у век  новых тэхналогій.

Цяпер дзеці замест гульняў хочуць атрымоўваць у падарунак вось такія высокатэхнічныя прыбамбасы. Асабліва запомніўся ліст з просьбай аб “мульціядзерным кампе”. Я нават і не ведаю, што гэта!

“Я вельмі хачу атрымаць сабаку з Поўначы”

Але не ўсе дзеці такія прагматычныя. І гэта радуе! Прыемна было чытаць лісты з просьбамі аб свойскай  жывёле.

Напрыклад, хлопчык папрасіў другога хамяка, каб першаму дамашняму гадаванцу  не было сумна.

Просяць у Дзеда Мароза шчаня, маленькага сабачку ці коціка. Гэта проста цудоўна! Вельмі ўразіў ліст наступнага зместу: “ Дарагі Дзед Мароз! Я вельмі хачу атрымаць сабаку з Поўначы, вельмі вынослівага! І многа-многа шчасця!”

Просяць канькі, ровары, спартыўны інвентар – і гэта таксама вельмі добра!

“Пнеўматычную вінтоўку ці хаця б проста згарэла школа”

Вельмі здзівіла, што толькі двое з апытаных дзяцей папрасілі мяккую цацку – мядзведзіка і ката.

Некаторыя прасілі добрыя адзнакі, нават 10 па канкрэтным  прадмеце.

Насцярожыла просьба трэцякласніка: “Пнеўматычную вінтоўку ці хаця б проста згарэла школа”.

Мяне вельмі здзівіла, што ўсе дзеці просяць толькі нешта матэрыяльнае. У асабістае карыстанне. Нічога не папрасілі ні для бацькоў, ні для сясцёр ці братоў. Таму мая ўвага спынілася на невялічкім кавалачку паперкі.

“Дзед Мароз! Падары мне хаця б аднаго сапраўднага сябра. І больш нічога мне не трэба. Нават цукерак”.  Не вельмі святочнае  пісьмо, але чамусьці так захацелася, каб Дзед Мароз не пакінуў без увагі менавіта гэтую просьбу.

Год таму…

Рыхтуючы гэты матэрыял, нам стала цікава, а ці змяніліся жаданні дзяцей у параўнанні з мінулым годам.

У мінулагодніх  лістах да Дзеда Мароза часцей за ўсё сустракалася просьба аб мабільным тэлефоне.

Здзівіла тое, што было нашмат больш лістоў, у якіх дзеці прасілі цацкі (гэта і мяккія цацкі, і лялькі, і розныя гульні).

Былі лісты, у якія дзеці прасілі цукеркі, шакаладкі.

З рэдкіх просьбаў – гадзіннік на руку і музычная скрыначка.

Летась дзеці былі з меншымі патрабаваннямі, таму што прасілі ў лісце толькі па адной рэчы. І былі такія лісты, якія можна лічыць бальзамам на душу бацькоў: “Мне нічога не трэба. У мяне ўжо ўсё ёсць”.

Наталля ТУР, школа маладога журналіста.

Калаж “РГ”