Папяровыя лісты да Дзеда Мароза не губляюць папулярнасці. Звярнулася да галоўнага героя свята і пяцігадовая Ульяна Лубочка з Маладзечна. У сваім лісце яна папрасіла ў Дзеда Мароза “цацку-коніка, канструктар лега і яшчэ хоць што-небудзь”.

Ліст дзяўчынкі патрапіў у рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты”. Рэдакцыйны Дзед Мароз адразу паспяшаўся ў госці да дзяўчынкі.

На парозе яго сустрэла прыгажуня Ульяна, якая старанна падрыхтавалася да прыходу Дзядулі Мароза. Шыкоўная сукенка, доўгія светлыя валасы і сярэбраная карона – дзяўчынка выглядала сапраўднай прынцэсай.

Да таго ж яна падрыхтавала вершык пра навагоднія святы, а таксама расказала Дзеду Марозу, што добра паводзіла сябе на працягу года. За што і атрымала ў падарунак доўгачаканага коніка.

“Рэгіянальная газета” вырашыла высветліць, які шлях праходзіць ліст да Дзеда Мароза. На што можа разлічваць дзіця, напісаўшы пра свае жаданні?

Калі ліст аформлены правільна – адказ прыйдзе

– Так, дзіцячыя лісты ідуць, – расказвае Вольга Антановіч, загадчыца чацвертага аддзялення сувязі Маладзечна. – Ад пачатку снежня мы атрымліваем іх ледзь не кожны дзень. Мы не ставім асобнай скрынкі “для Дзеда Мароза”, усе лісты ідуць у агульную скрыню.

Дзіцячыя лісты вельмі розныя па афармленні. Многія не пазначаюць зваротны адрас і не клеяць марку. Па-свойму пішуць і адрас Дзеда Мароза – нехта бачыць яго у Лапландыі, нехта ў Белавежскай пушчы. Абавязковая пазнака, якая ёсць на ўсіх канвертах, – проста “Дзеду Марозу”.

 Але ж зваротны адрас усё ж лепей пазначаць: тады верагоднасць атрымаць адказ нашмат узрастае.

Калі да справы далучаюцца дарослыя, то ліст часам дасылаецца заказной поштай.

– У мінулым годзе мае пляменнікі дасылалі ліст Дзеду Марозу заказным лістом, – дзеліцца асабістым досведам спадарыня Вольга. – Вядома, яны пазначылі зваротны адрас. У адказ ім прыйшоў ліст-віншаванка ад Дзеда Мароза з Белавежскай пушчы.

Чытайце на гэтую тэму: Посткросінг – вандруй, не выходзячы з дому

Супрацоўніцы пошты пры мне правяраюць паштовую скрыню, што вісіць на будынку пошты. Сёння лістоў да Дзеда Мароза няма. Заўважаюць, што ўчора быў толькі адзін канверт, а пазаўчора – тры.

– Мы не зважаем на тое, ці ёсць на канверце марка, – кажа Анжэла Макарэвіч, загадчыца ўчастка па апрацоўцы і абмене поштай. – Усе лісты, адрасаваныя Дзеду Марозу, мы накіроўваем у Мінск. Адтуль яны ўжо ідуць далей, у Белавежскую пушчу.

На гэты Новы год – сапраўдны паштовы бум

Падчас навагодніх святаў успамінаюць пра папяровую пошту не толькі дзеці. Актыўна віншуюць адзін аднаго з Калядамі і Новым годам усе жыхары рэгіёна.

– Столькі працы з сартаваннем навагодняй пошты, як сёлета, у нас ніколі не было! – здзіўляецца Анжэла Макарэвіч. – Не ведаю, што зрабілася з нашымі людзьмі! У мінулым годзе віншаванняў было нашмат менш. Дасылаюць не толькі лісты і паштоўкі, але і пасылкі, бандэролі. Цяпер на пошце вялікія чэргі, усе хочуць паспець да святаў.

Чытайце на гэтую тэму: Калі вы апошні раз дасылалі што-небудзь па звычайнай пошце?

Зайшоўшы на цэнтральную пошту Маладзечна 28 снежня ў перадабедзенны час, лічу людзей ў чарзе. Да двух акенцаў стаіць 29 ахвотных. Вядома, не ўсе з іх з лістамі і пасылкамі, але ўсё роўна лічба ўражвае.

– Апошнія дні наша паштовае аддзяленне за дзень апрацоўвае каля 900 лістоў і паштовак, – дадае Вольга Антановіч. – Асабліва актыўна віншуюць адзін аднаго арганізацыі і прадпрыемствы. Лісты ідуць і па Беларусі, і ў Расію, і ў далёкае замежжа.

Праца па сартаванні на цэнтральнай пошце Маладзечна пачынаецца а чацвертай раніцы. Ідзе ў дзве змены, да шасці вечара. Увесь гэты час супрацоўнікі пошты не застаюцца без працы. Такі наплыў лістоў і паштовак спыніцца толькі ў сярэдзіне студзеня.

Анекдот у тэму ад Анжэлы Макарэвіч

Хлопчык напісаў ліст Дзеду Марозу. Папрасіў шапку, шалік і пальчаткі.
Супрацоўнікі пошты прачыталі ліст і пашкадавалі хлопчыка. Сабралі грошы, набылі яму шапку і шалік.
Пазней прыходзіць другі ліст ад таго ж хлопчыка да Дзеда Мароза. Супрацоўнікі пошты чытаюць: “Дарагі Дзядуля Мароз, дзякуй вялікі за падарунак! Але ведаеш, гэтыя заразы на пошце скралі  мае пальчаткі”.

Аляксандра ПАРАХНЯ.