На пытанне адказваюць маладзечанцы.
Ганна Васілеўская, бухгалтар:

– Не, у мяне і думкі такой не ўзнікала. Ведаю, што сяброўкі некалі варажылі – і пры дапамозе пярсцёнка, і боты праз плот кідалі. Збывалася нават нешта, але па дробязях.

Галіна Крывашыя, пенсіянерка:

– Вядома. Напрыклад, хавалі кавалачак куцці пад падушку, а пасля нам сніліся прарочыя сны. Дзяўчатам маладзей – падзеі з жыцця, старэйшым – будучы муж. А яшчэ пяклі салёныя бліны і выходзілі з імі за вёску, на сметнік. Там іх елі і чакалі, пакуль забрэша сабака. Адкуль будзе гук – туды і замуж пойдзеш.

Алена Гурло, санітарка:

– Варажыла, калі маладая была. Мы з сяброўкамі, памятаю, нешта пад ложак ставілі, каб суджаны ў сне прыйшоў. А вось што – не памятаю. Але мы былі такія малыя, у класе шостым, што варажба пра вяселле ніколі не збывалася.

Алёна Валадзько, студэнтка:

– Я не варажыла, бо і не ўмею, і крыху баюся. Цяпер жыву ў інтэрнаце і ведаю, што мае аднакурсніцы будуць варажыць. Кожная апранае тапачкі на рукі і па чарзе ставіць рукі на падлогу. Атрымліваецца ланцужок. Тая, якая першай дойдзе да канца доўгага калідора, выйдзе замуж у наступным годзе.

Марыя Крывашыя, інжынер:

– На каталіцкія Каляды мы заўсёды варажылі. Тады я жыла ў вёсцы Вугляны, якую цяпер называюць Рэдзькамі. Адзінае, чаго баялася, – варажбы з люстэркам. Таксама спрабавалі прысніць будучае. Але як добра наясіся на ноч – то ўсё, што заўгодна, прысніш.