“Ой, звалілася!” Такое ў краме здараецца. Адзін няёмкі рух – і тавар ляціць з паліцы на падлогу. Ці абавязаны пакупнік аплачваць разбіты тавар?

Наш чытач спадар Аляксандр скардзіцца: “Праходзячы праз вузкі праход паміж стэлажамі ў адной з крамаў, зачапіў кошыкам кубачак з сервіза, які зваліўся з паліцы і, натуральна, разбіўся”. Здавалася б, віна крамы, бо злашчасны кубак стаяў нязручна і пакупнік не вінаваты ў гэтым інцыдэнце. Але яму прыйшлося аплаціць кошт усяго сервіза, бо пакупнік не ведаў усе свае правы, а крама ў сваю чаргу не прызнала сваю віну.

Падобныя сітуацыі здараюцца даволі часта, асабліва ў крамах самаабслугоўвання, дзе тавар размешчаны ў прамым доступе і вы можаце яго патрымаць, а пры жаданні, пакласці ў кошык для пакупак.

Прадаўшчыца Алена адной з маладзечанскіх крамаў расказала, што калі пакупнік узяў бутэльку ў рукі і не ўтрымаў яе, то ў гэтым цалкам яго віна, таму за бутэльку яму прыйдзецца заплаціць.

Аднак, калі ён паслізнуўся на толькі што памытай падлозе і з размаху знёс цэлы стэлаж з дарагім віскі – у гэтым цалкам віна крамы, і тады пакупнік мае права не аплачваць разбіты тавар.

Іншы прыклад: пакупнік паставіў тавар на стужку касы, касір націснула на кнопку, стужка паехала, і бутэлька звалілася на падлогу і пры гэтым разбілася. Тут таксама цалкам віна крамы, і пакупнік не абавязаны аплачваць кошт гэтай бутэлькі.

Што рабіць, калі адміністрацыя вымушае заплаціць?

Калі пакупнік сам вінаваты ў пашкоджанні тавару, ён можа добраахвотна пакрыць краме яго кошт. Аднак калі ён не лічыць сябе вінаватым, то адміністрацыя крамы можа патрабаваць ад яго аплаты пашкоджанага тавару толькі праз суд.

У выпадку спадара Аляксандра, які аплаціў увесь набор кубачкаў і захаваў чэк, усё скончылася добра. Ён не разгубіўся і напісаў скаргу на краму, а праз некаторы час да яго на працу прыехаў сам дырэктар крамы і вярнуў грошы.

Кожны пакупнік можа звяртаць увагу на парушэнні ў краме ці, напрыклад, на пратэрмінаваны тавар.

Лепш патрабаваць у адміністратара Кнігу скаргаў, а таксама скласці акт аб пашкоджанні тавару. У акце напісаць пра свой пункт погляду на тое, што адбылося.

Пакупніку можа спатрэбіцца дапамога сведак – сваякоў, сяброў або іншых пакупнікоў крамы. Дадзены акт можа стаць доказам у судзе. Пра гэта паведаміў Уладзімір

Клешч, старшыня Маладзечанскай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў.

Пры гэтым ні ў якім разе не аддавайце супрацоўнікам крамы свае дакументы, патрабаваць пашпарт у вас яны права не маюць.

Што рабіць, калі ахоўнік не выпускае вас з крамы?

Калі вы патлумачылі адміністрацыі крамы, што згодныя пакрыць шкоду, толькі калі ваша віна ў пашкоджанні тавару будзе даказаная праз суд, а супрацоўнік ўсё роўна вас не выпускае, дзейнічае груба або пагражае, ён перавышае свае паўнамоцтвы.

На дзеянні ахоўніка вы можаце паскардзіцца ў праваахоўныя органы, бо менавіта яны займаюцца ліцэнзаваннем ахоўнай дзейнасці.

– Калі ў краме вузенькія праходы і вы зачапілі рукой тавар, які з-за гэтага разбіўся, то ўся віна кладзецца на краму, аплачваць тавар вы не абавязаны,  – кажа Уладзімір Клешч. – Яшчэ ахоўнік ні ў якім разе не мае права абшукваць пакупніка. Гэта таксама перавышэнне яго паўнамоцтваў.

Такім чынам, адпраўляючыся ў краму, будзьце ўважлівыя і асцярожныя.  Калі вы вінаватыя, крама сапраўды мае права патрабаваць аплаціць разбіты тавар, аднак калі вашай віны няма, плаціць вы не павінны.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота nord-news.ru.