Сесія – самы важны і напружаны перыяд у жыцці кожнага студэнта. І каб атрымаць у залікоўку запаветную адзнаку, студэнты гатовыя звяртацца нават да чорнай магіі.

Хвалююцца і выдатнікі, і троечнікі, і старшакурснікі, а больш за ўсіх першакурснікі. У любым заліку ці  іспыце прысутнічае элемент латарэі. Усім вядома, што, колькі ні вучы, прабелы ў ведах ўсё роўна застануцца, ды і любы выкладчык ведае больш за студэнта. Хваляванне сыходзіць толькі тады, калі бярэш білет і пачынаецца напружаная праца самай дасканалай пошукавай сістэмы – “мозга студэнта”. 

Адным з самых распаўсюджаных спосабаў барацьбы з напругай – гэта выкарыстоўванне разнастайных прыкмет, што абяцаюць шчаслівую здачу іспытаў. Напрыклад, калі прарабіць пэўныя маніпуляцыі над залікоўкай, то на экзамен можна ісці смела. Добразычлівасць выкладчыка гарантаваная. 

Выклікаем “халяву”
Як паведаміў студэнт трэцяга курса факультэта паліталогіі інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Васіль Радзевіч, робіцца гэта так: у ноч перад іспытам (роўна апоўначы) трэба адкрыць залікоўку, выставіць яе ў фортку і тройчы вымавіць магічныя словы: “Лавіся, лавіся, “халява!”

У іншым варыянце трэба самому высунуцца ў фортку разам з залікоўкай ці выйсці на балкон і крычаць як мага гучней: “Халява, прыйдзі!”

– Гэта надзейней, – прызнаецца Васіль. – Пры гэтым трэба паказаць “халяве” месца ў залікоўцы, ткнуць пальцам, каб не прамахнулася. Злавіў  “халяву” – закрый залікоўку, перавяжы яе чырвонай ніткай, каб назад не выскачыла. Потым залікоўку трэба пакласці пад падушку і не адкрываць да іспыту. А лепш не адкрываць і на самім іспыце, пажадана толькі страсянуць, каб “халява” прачнулася. Спосаб верны і не адным пакаленнем студэнтаў правераны. Складана сказаць, як там з “халявай”, але студэнт ідзе на іспыт больш спакойны, адказвае больш упэўнена, значыць, і адзнаку атрымлівае лепшую, і іспыт яму больш не здаецца такім жахлівым. 

Аднак існуюць і іншыя спосабы прыцягнення ўдачы на свой бок.

Талісман на шчасце
Некаторыя носяць з сабой на экзамен талісман на шчасце. Звычайна якую-небудзь невялікую мяккую цацку, ляльку, рэдкую звязку ключоў або пярсцёнак з каменем, незвычайным і сімпатычным.

Талісман нельга нікому паказваць і казаць, што гэта талісман, інакш ён страціць сваю “сілу”.

Прадаўшчыца адной  маладзечанскай ювелірнай крамы Юлія Машутка расказала мне, што большай папулярнасцю ў студэнтаў карыстаецца камень агат. Менавіта ён, як лічыцца, развівае розум і памяць. 

Шчаслівы пінжак
Некаторыя студэнты ўсе іспыты здаюць у адной вопратцы: калі першы іспыт сесіі прайшоў на “выдатна”, то на ўсе астатнія яны прыходзяць у тым жа “шчаслівым пінжаку”.

Ці ўсе іспыты здаюць з адной і той жа ручкай. Яна ўжо і абдзёртая, і амаль паламаная, ледзь піша, а студэнты ўсё цягаюць яе з сабой з самага першага курса. 

Клін клінам выбівае
Іншыя цягнуць білет левай рукой або з заплюшчанымі вачамі. Можна выцягнуць канкрэтны па ліку, напрыклад, трэці з краю, сёмы або дзявяты. Многія студэнты кажуць, што гэта шчаслівыя лічбы.

Ці наадварот, адлічваюць трынаццаты па ліку. Па прынцыпе “клін клінам”: калі не баішся няўдачы, то яна пачынае баяцца цябе. 

Патрымацца за выдатніка
Перад тым, як цягнуць білет, можна пастукаць па дрэве ці па парце, патрымацца за дрэва ці за чалавека, які толькі што здаў іспыт на “выдатна”. Хай выдатнік не крыўдзіцца, але патрымацца за яго і за дрэва дае аднолькавы эфект.

Некаторыя крыжуюць пальцы (сярэдні і ўказальны) на руках, каб не сурочыць. Хто на левай, хто на правай, хто на абедзвюх адразу. Нікому не паказваюць залікоўку з папярэднімі адзнакамі, каб таксама не сурочылі. 

Усё левай нагой
Раніцай ўстаюць з левай нагі, кладуць шпаргалкі правай рукой у левую кішэню. Заходзяць у інстытут, пераступаючы левай нагой усё парогі (ці тры першыя прыступкі), з левай нагі заходзяць у аўдыторыю.

Рыхтуючыся да іспыту, нельга  пакідаць канспекты і кнігі адкрытымі. Каб тое, што ўжо вывучана, “не выветрылася”.

Кладучыся спаць, добра класці канспект пад падушку, каб у сне веды самі пранікалі ў галаву.

Ні пуху ні пер’я – пажаданне на ўдачу
Добра, калі знаёмыя жадаюць ні пуху ні пер’я. Прычым, у розных людзей гэта пажаданне валодае рознай эфектыўнасцю.
Лепш, калі ўвесь час жадае адзін і той жа чалавек, у якога пажаданне самае моцнае. І робіць гэта сам, без напамінаў, каб не даводзілася пакутліва напрошвацца. 

Народныя прыкметы:
1.   Па дарозе ў інстытут нельга наступаць на вечка каналізацыйных люкаў, а калі ўсё ж зазяваешся і наступіш, трэба да чаго-небудзь дакрануцца рукой, каб “аддаць няўдачу”. 

2.   Нельга напярэдадні іспыту стрыгчы пазногці і валасы, каб не ўкараціць розум, таксама студэнты не раяць мыць галаву, бо з яе вымыюцца веды. 

3.  Трэба чхаць, думаючы аб іспыце. Некаторыя спецыяльна даюць сабе ўстаноўку думаць аб іспыце і прымаюцца мучаць свой нос ўсякімі спосабамі, каб чхнуць. Чхнуў – значыць, пашанцуе. А некаторыя студэнты робяць так: чхнуць і адразу хуценька кажуць: “Чырвоны дыплом”. 

Змагацца ў студэнцкім асяроддзі з прыкметамі і рытуаламі гэтак жа бессэнсоўна, як змагацца з выкарыстаннем шпаргалак. Але тэндэнцыя з выкарыстаннем прыкмет прыкладна такая: на малодшых курсах імі карыстаюцца практычна ўсе, на старэйшых – ужо толькі адзінкі.

Студэнты старэйшых курсаў ставяцца да забабонаў больш спакойна.

Яны разлічваюць не столькі на поспех, колькі на веды і тыя навыкі іспытаў, якія ў іх ужо выпрацаваліся.
Аднойчы надыходзіць такі момант, калі студэнт забывае свой каштоўны талісман дома. Але здае іспыт паспяхова. І тады талісман “памірае”. Залежнасць ад яго знікае. Можа, да яго застаюцца добразычлівыя адносіны, але яны будуць з адценнем лёгкага смутку, як да чагосьці дзіцячага, з чаго вырас.

Вольга ЮРКЕВІЧ.