Першы раз на свой дзень нараджэння 24 снежня вядомая польская пісьменніца Эва Астроўская ўжо не здолее запрасіць блізкіх і сяброў.

Яна памерла летась 12 ліпеня. Пачаўся ж жыццёвы шлях куміра польскіх дзетак і моладзі 74 гады таму ў Вілейцы.

Польскім чытачам старэйшага пакалення яна вядомая як аўтарка раманаў, дэтэктываў і баевікоў. Апублікавала больш за трыццаць кніжак для дзяцей і моладзі. Лаўрэат некалькіх прэстыжных прэмій. І яшчэ, Польшча яе ведала як вельмі адважную жанчыну, якая змагла рашыцца пакінуць вялікі горад і паехаць жыць са сваёй сельскай гаспадаркі.

Эва Астроўская “Візіт”

Фрагмент апавядання. Пераклад на беларускую “РГ”.

− Ну і як? – спытала Госька і павесіла яшчэ адзін шарык на ёлку. − Крыху мішуры і, на мой погляд, проста супер.

З экрана плазменнага “Панасоніка”, апошняга набытку маці ў залу, набліжаецца прыгожая бландзінка, якая спявае сапрана калядную песню, а ёй фальшывым тэнарам падпявае тата. Няблага ўзяў на грудзі, пакуль маці не было.

− Тата! Кінь раўці і паглядзі на ёлку!

У залу зазірнуў Юрэк. Вочы як у нежывога карпа. Змог усё ж такі абкурыцца.

− Безумоўна, не хапае…

− Чаго?

− Шарыка, − дадаў ён. – І ўрэшце будзе скончаны гэты пракляты калядны цырк.

− Вельмі смешна. Лепш схадзі на балкон разам са сваім дасціпным розумам і як след праветрыся.

− А то што?

− А то смярдзіш траўкай.

− Цешся. Цяпер у цябе ёсць прычына, каб пакпіць.

Паціснула плячыма. Што яшчэ яна магла зрабіць. Насмуродзіў сваёй траўкай ва ўсім доме.

Юрэку цяпер было ўсё адно. Ён стаў абыякавым да фільмаў, камп’ютара, інтэрнэта, сустрэч. Яго перастаў цікавіць нават стары фотаапарат.

Нарэшце прыйшла маці і з дзвярэй паклікала:

– Госечка! Любая!

– Ужо лячу, матуля!

З усмешкай на ўсе дзесяць балаў па дзесяцібальнай шкале. Найвышэйшая ступень радасці: вярнулася любая матуля!

– Быццам сунула галаву пад кран з халоднай вадой, – прашыпела яна.

Маці ў доўгім аж да костачак футры несла вялізную каробку.

– Не адчуваю рук. Занясі ў кухню, толькі прашу цябе, асцярожна.

– Бо торт калядны разваліцца! – крыкнуў Юрэк.

– А яму што?

– Адкуль я ведаю? – Госька аж угнулася пад цяжарам каробкі. Затое які ад яе ідзе раскошны пах ванілі, міндаля і апельсінавых скурак.

Госька даставала торт вельмі асцярожна, у яе аж слінкі пацяклі. Святочная ежа вельмі смачная: у халадзільніку на блюдзе фаршыраваная цялячая пячонка, белыя лустачкі індычкі, ружовая вяндліна, аранжавы вэнджаны ласось. Стол у зале накрыты па традыцыі на пяць чалавек. Пятае месца для галоднага, якому ў калядны вечар нельга адмовіць у прыёме.

Сапрана бландзінкі раптоўна змоўкла. Тэнарок бацькі перамяніўся ў перапрашальнае:

– Госечка, клянуся, усяго толькі напарстачак каньячку… Канешне, Госечка, ужо пераапранаюся, мяняю сарочку…

– І штаны! На святочныя! Не забудзь пачысціць зубы шчоткай Орал-бі, якую раяць усе зубныя дактары!

Тупіца, дагуляецца сёння, падумала Госька.

– Сынок, не псуй святочнага настрою.

– Добра, мамка. – Пакорлівасць у голасе брата гарантавала, што на сто працэнтаў ён выкіне ў калядны вечар нейкага коніка. Летась пастрыгся на лысае калена. Маці ледзь інфаркт не схапіў.

– Ялінку ты прыгожа аздобіла, донька. – Маці зайшла на кухню, цокаючы абцасамі па керамічнай падлозе.

Званок у дзверы.

Маці падняла старанна выскубаныя бровы.

Званок яшчэ больш гучны.

– Ахоўнік, як заўсёды, п’яны на Каляды. Нават не зірнуў, калі паркавала свайго “Фіята”. І, канешне, прапусціў нейкага жабрака, – абурылася маці.

Званок раз за разам. Усё больш настойліва.

Маці пакапалася ў кашальку.

– Вось табе пяць злотых і настраш паліцыяй.

У дзвярах стаяла старая баба, галава яе была закручаная шарсцяной хусткай. Каля ног, абутых у перадпатопныя боты, стаяў вялікі, пашарпаны чамадан. Госька ўжо хацела ўціснуць бабе пяць злотых, але ў зморшчаным, чырвоным ад марозу, твары ўбачыла нешта знаёмае.

– Бабуля? – запнулася ў задуме.

– Не пазнаць мяне? Так, гэта я, бабуля Франя.

– Мама, бабуля прыехала!

– Якая зноў бабуля? Дай ёй пяць злотых і няхай вымятаецца!

– Бог з табой, гэта ж бабуля Франя!

Маці застукала абцасамі. Прывітальную ўсмешку, у якой расцягнуліся вусны, Юрэк ацаніў бы не больш за балаў пяць.

– Ах, канешне ж! Мама! Караль! Мама прыехала! Мама, трэба было папярэдзіць, Караль бы забраў з вакзала… – Усмешка маці хутка мяняла нумарацыю, ужо сягнула найвышэйшага ўзроўню радасці. – Мая любімая мама! Гося, забяры ў бабулі паліто. Караль, паспяшайся! Любая мама прыехала. Нарэшце ты прыехала! Бачыш: мама прыехала! – Нягледзячы на тоўсты слой пудры на шчаках з’явілася крывавая чырвань.

– Сапраўдная нечаканасць! Цалую ручкі любай матулі!

– Доўбня, – падумала Госька, вешаючы паліто бабулі ў шафу. – Дзеля якога д’ябла нам патрэбная тая бабуля? Гэта проста паскудства, без папярэджання…

– Караль… Чамадан любай бабулі ў прыхожую… Ніяк не магу паверыць уласным вачам: мама! – Усё вярзла маці. – Прашу, мама, праходзь… Адразу ў нашу залу. Гося, завары бабулі гарачую гарбатку. Абавязкова з лімонам. Божа, мама, ну ты і замерзла, і ўся дрыжыш… Караль бы па цябе прыехаў, такая сёння халадэча…

У той час, калі з залы даносіліся воклічы не проста радасці, а шчасця, у кухню ўваліўся Юрэк.

– Ведаеш, Госька, гэтая старая – гэта наш паважаны продак шляхецкага гербу Сякера?

– Цішэй, балван.

– Вой-вой. Яна ж глухая як пень. – Юрэк адламаў кавалак макавага пірагу, другі. – І не ведаеш, чаму так раптам звалілася як снег на галаву?

– Халера яго ведае, Юрэк. Пакінь у спакою маковец! Халера, я так акурат думаю, што яна нарэшце прадала дом і сад. Старыя проста не маглі гэтага дачакацца. Халера, Юрэк, ты ведаеш, якія гэта грошы?

– Паскудства.

– Дом ля возера. Шэсць пакояў. Два гектары саду. Гэта лепш, чым патрапіць у шасцёрку у таталізатары.

– Паскудства.

– Маковец паскудства? – Госька адламала кавалачак, пакаштавала. – Што ты. Смакоцце.

– І пра цябе, дурніца, кажуць, што разумная.
Бабуля, усеўшыся ў глыбокім крэсле, выглядала так жаласна, маленькай, худзенькай і адначасова камічнай у старамоднай чорнай сукенцы, аздобленай жабо ў вязаных карунках. Галава па-ранейшаму была абвязаная хусткай, толькі больш элегантнай, з нейкага тоненькага чорнага матэрыялу.

– Простая вясковая баба, – падумала сабе Госька…

Першыя крокі пісьменніцы

Яе бацька Фердынанд Аспалец-Астроўскі, інжынер-геадэзіст, загінуў у 1940 годзе ў Катыні. Маці Ірэна, у дзявоцтве Кандрацкая, паланістка.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Эва трапляе да сваіх бабулі і дзядулі – Браніславы і Вітольда Кандрацкіх у Ляндварова (цяпер Lentvaris, Літва) непадалёк ад Трокаў. Самым моцным уражаннем з дзяцінства былі перажыванні, звязаныя з выпадкам, калі у яе, пяцігадовую дзяўчынку, страляў салдат.

У 1945 годзе ў межах акцыі па рэпатрыяцыі пераязджае ў Польшчу. Вучылася ва ўніверсітэце ў Лодзі на факультэце сацыялогіі. Дэбют адбыўся ў 1963 годзе, калі Эва Астроўская апублікавала сваё апавяданне “Тая, што прадае кветкі” ў штотыднёвым часопісе “Otglosy”. Была ўласным карэспандэнтам у Лодзі некалькіх агульнапольскіх выданняў. Больш за 10 гадоў пераехала на Сувальшчыну, дзе займалася сельскай гаспадаркай. У гэты час дзякуючы перакладам яе твораў яна набыла пісьменніцкую вядомасць у Чэхаславакіі, Венгрыі, Савецкім Саюзе.

Працавала афіцыянткай і дворнічыхай

“Яна пацвярджае маю тэорыю пра перавагу жанчын над мужчынамі, – напісаў у 1992 годзе пра Эву Астроўскую пісьменнік і журналіст Караль Бадзяк. – Гэта маленькая сціплая істота ва ўсіх адносінах больш прадуктыўная, чым дзесяткі сялян. Трэба ўлічваць і тое, што яна напісала 13 кніг для дзяцей і дарослых. Тое, што была афіцыянткай у кавярні і дворнічыхай у школе, таксама мае значэнне. Але тое, што адна ўтрымлівала 20-гектарную гаспадарку на Мазурах, гадавала адначасова сто свінняў, шэсцьдзесят авечак і незлічоных курэй, індыкоў і галубоў, гэта такія дасягненні, якіх не мела ніводная пісьменніца ў Польшчы. Ні Марыя Дамброўская, ні Марыя Кунцэвіч, ні Марыя Канапніцкая ці Эліза Ажэшка.

Не здолеўшы атрымаць цэн на свае прадукты, якія б гарантавалі вядзенне гаспадаркі, праз час вярнулася ў Лодзь, села за друкарскую машынку  і стала пісаць “Плён улоння твайго”. Веру, што гэта будзе добрая кніга, бо толькі дасведчаныя ў жыцці пісьменнікі ствараюць жыццяздольных герояў”.

У 1988 годзе вяртаецца ў Лодзь. І зноў актыўна піша.

Улюбёнымі жанрамі пісьменніцы былі сямейныя раманы, некаторыя з іх сталі асновай да вядомых у Польшчы серыялаў. і, вядома, кнігі для дзяцей.

Пані Эва сама выгадавала траіх дзяцей

І ў іх бачыла мацярынскае шчасце.

У адным са сваіх інтэрв’ю, якое яна дала да свайго 68-годдзя, Эва Астроўская адказала на пытанне пра сябе:

– Не шмат таго будзе. З вышыні сваіх 68 гадоў жыцця, усё, нават траўка, выглядаюць інакш. Яна становіцца радасцю, што яшчэ магу на яе глядзець. І нараджаецца пытанне: “А што будзе з гэтай траўкай на наступную вясну? Ці я яе пабачу?” Але ў гэтых маіх пытаннях няма смутку. Проста ведаю, што так мусіць быць.

Калі б з’явіўся нехта такі і сказаў: Астроўская, дару табе чарговыя сто гадоў жыцця, адказала б рашуча – не. Хопіць мне таго, якое я пражыла. Адыду без шкадавання. У нейкай ступені выканала свае абавязкі. Нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. Ніколі не кранула іх нейкая страшная хвароба.

Гледзячы на няшчасці іншых мацярок, кажу сабе: як шмат мне шчасця падаравала жыццё. Адкінула ў бок асабістыя справы. Яны сталі няважнымі. Заўсёды на першым плане былі яны – мае дзеці. Канешне, было балюча, калі выходзілі да свайго ўласнага жыцця. Але гэта справядліва. Заўжды. Для мяне важна, каб іх жыццё было добрым, спакойным і шчаслівым.

Падрыхтаваў Аляксандр МАНЦЭВІЧ.