Хутка зачыняць вячэрнюю школу. А як чэрпалі веды тыя, каму перашкодзіла вайна. Пра гэта расказаў выпускнік вілейскай вячэрняй школы Леў Чырвонцаў.

– Чаму вы пайшлі вучыцца ў вячэрнюю школу?
– Вайна перашкодзіла многім давучыцца ў школе. Гэта быў 1952 год. Працаваць я пайшоў з 15 гадоў на Вілейскую хімічную лясную гаспадарку (у той час яна была Маладзечанскай). Лічыўся грузчыкам, а быў слесарам па рамонце аўтамабіляў, – кажа Леў Чырвонцаў. – Пасля вайны ў многіх не было сярэдняй адукацыі, а цяга да вучобы ў той час была вялікая. Таму вырашыў, што буду вучыцца ў вячэрняй школе.

– Як вучыліся ў той час?

– Пасля вайны працавалі ўсе. Менавіта я працаваў да шасці вечара. Заняткі пачыналіся з 19.00 і да апоўначы. Вучыцца было складана, таму што працаваў яшчэ і па суботах. Урокі даводзілася рабіць толькі ў нядзелю.

– А час на адпачынак?

– Тады некаторыя ленаваліся. Ну што ж тут скажаш, маладосць ёсць маладосць. І пагуляць хацелася. І ў кіно схадзіць хацелася. Гэта ж не тое, што цяпер! Калі ў кінатэатры паказвалі цікавы фільм, то ўсе ішлі не ў школу, а ў кіно. Дырэктар вячэрняй школы гэта добра ведаў і пільнаваў вучняў каля кінатэатра.

Ніколі да слёз так не смяяўся, як на канцэрце ў вячэрняй школе. Ён быў прысвечаны  нейкаму святу, можа Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады ж самадзейнасцю займаліся. Хто што спяе, тое і добра. Дык вось пелі нейкую занадта модную песню на той час. Яна выконвалася на беларускай мове і такая працяжная была, аж з нейкім завыццём. Так смешна гучала, што я смяяўся да слёз.

– Хто вучыўся разам з вамі ў школе?

– Вучыцца трэба было кожнаму, каб атрымаць дакумент аб сярэдняй адукацыі. Былі вучні і па 40-45 гадоў. Са мной вучыўся і начальнік турмы, і начальнік вілейскага вакзала. Я тады зусім малы быў, 15-гадовы хлопчык.  Калі мы пачыналі гаманіць, старэйшыя хутка нас на месца ставілі.

Ведаю яшчэ Часлава Лемеша, які ад вучня вячэрняй школы прайшоў шлях да намесніка старшыні Вілейскага райвыканкама. Пасля заканчэння школы паступіў у політэхнічны тэхнікум, а потым скончыў інстытут народнай гаспадаркі.

– Пасля выпускнога вы з кім-небудзь бачыліся?

– Вучылася са мной дзяўчынка Мая Ількевіч. Ведаю, што пасля заканчэння вячэрняй школы яна выйшла замуж і пераехала жыць у Маскву.

Летась я адпачываў у санаторыі пад Барысавам. Падыходзіць да мяне нейкая жанчына і кажа: “Недзе я вас бачыла! Можа, на Рыжскім моры? – А можа, у Вілейцы?”

– Памятаеце сваіх настаўнікаў?

– Добра памятаю іх прозвішчы. Дырэктарам быў Іван Рынкевіч, які яшчэ і хімію выкладаў. Я і цяпер валентнасць добра памятаю. Памятаю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Яна заўсёды імкнулася як мага больш расказваць пра паэзію Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выкладала, як магла, але, шчыра кажучы, мы яе не зусім задавальнялі сваімі ведамі. Амаль усе настаўнікі працавалі не толькі ў школе, заняткі ж пачыналіся толькі вечарам. Адпрацуюць дзень на рабоце, а потым змораныя прыходзяць у школу выкладаць. Канешне, не заўсёды ў настаўнікаў гарэлі вочы, але яны стараліся, як маглі.
Мой брат таксама вучыўся ў вячэрняй школе, яму так спадабалася фізіка, што пасля заканчэння школы паступіў у ВНУ на фізічны факультэт.

–Ці трэба вячэрняя школа ў наш час?

– Я лічу, што 8 класаў кожны павінны скончыць у звычайнай школе. А потым даваць магчымасць здаваць некаторыя школьныя прадметы экстэрнам, каб чалавек змог атрымаць дакумент аб сярэдняй адукацыі. У жыцці бываюць розныя абставіны. Цяпер, у час інтэрнэта, можна самастойна засвоіць амаль любую навуку. Таму вячэрняя форма вучобы павінна быць.
Вольга ЮРКЕВІЧ.