19 студзеня – Вадохрышча. У гэты дзень многія вернікі спяшаюцца да палонак, каб акунуцца ў ваду, якая лічыцца гаючай. Вада, якая дае здароўе і ачышчае ад грахоў.

Думка дактароў

Менавіта напярэдадні Вадохрышча  дактары б’юць трывогу: занадта шмат  існуе супрацьпаказанняў для акунання. Усе медыкі, з якімі нам давялося пагутарыць, у адзін голас заяўляюць, што акунацца ў сцюдзёную ваду могуць толькі абсалютна здаровыя людзі! Небяспечна акунацца людзям з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, з захворваннямі страўніка, тым, у каго высокі ціск, і ўвогуле людзям з любымі хранічнымі захворваннямі.

– А дзецям можна акунацца?

– Узроставых абмежаванняў няма. Дзецям, як і непадрыхтаваным дарослым, працяглы ўплыў халоднай вады супрацьпаказаны. Але калі гэта хуткае акунанне, а пасля гэтага адразу цёпла апрануцца,  то для здаровага дзіцяці будзе толькі карысць, – гаворыць доктар-нутрыцыёлаг (нутрыцыялогія – навука аб харчаванні) Ірына Лях.

– А якія яшчэ парады вы можаце даць пачынаючым нырцам?

– Абавязкова перад заходам у ваду трэба разагрэцца. Расцерціся сухім ручніком, зрабіць некалькі фізічных практыкаванняў: падскокі, узмахі рукамі і нагамі, некалькі прысяданняў. Пасля акунання пераапрануцца ў цёплае сухое адзенне.

Ад вады не абмарожваліся

– А вы як ставіцеся да акунанняў? – пытаемся ў хірурга Мікалая Федарука.

– Добра стаўлюся,  хоць сам і не практыкую акунанні. Прынамсі, на маёй практыцы не было ніводнага выпадку, каб пасля Вадохрышча каго прывозілі з абмаражэннямі.

Думка святара

Па каментар наконт цудадзейнага дзеяння вады на чалавека на Вадохрышча мы звярнуліся да дабрачыннага цэркваў Маладзечанскага раёна протаіерэя Віталя Багданёнка.

– Акунанне ў купель – гэта не царкоўны статут, гэта набожная традыцыя.  Самае галоўнае, калі вы вырашылі акунуцца, мець сапраўдную веру  і моцнае здароўе. У Святым пісанні напісана: “Не нашкодзь!”
На самой справе, калі ў чалавека слабое сэрца, якая карысць можа быць ад акунання? Толькі шкода!
Ні ў якім разе нельга акунацца чалавеку, разагрэтаму спіртнымі напоямі. Такія акунанні царква асуджае, яны не прыносяць карысці.

А як правільна  акунацца ў купель?

– Абавязкова з малітвай, хаця б кароценькай, і абавязкова тройчы. Калі выйдзеце з вады, таксама думайце пра тое, што вада дапаможа пазбавіцца ад хваробы. Паўтаруся, акунацца трэба толькі з вялікай верай. Усім людзям, незалежна ад таго, будуць яны акунаццца ці не, я жадаю моцы духу і сілы цела.

Супрацоўнікі МНС за акунанне

Ведаючы, што там, дзе ёсць вада, лёд і вялікая колькасць людзей, можа ўзнікнуць небяспека для здароўя, мы звярнуліся ў МНС з такім пытаннем: ці былі ў вашай практыцы выпадкі, што прыходзілася вызваляць людзей з палонкак менавіта на Вадохрышча?

Адказвае інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Маладзечанскага раёна Марына Ермакова:

– Не, на сваёй практыцы я такога не памятаю. Гады два таму 19 студзеня прарвала дамбу на Вілейскім вадасховішчы, а так, каб нешта адбывалася на  Вадохрышча, не ўспомню.

– А вы бываеце, дзяжурыце каля палонак?

– Пяты год запар я знаходжуся ў месцах, абсталяваных для акунання, але не для таго, каб дзяжурыць, а для таго, каб самой прымаць абрад ачышчэння.

– Няўжо акунаецеся?

– Так, і многія мае калегі таксама штогод прыязджаюць акунацца ў гаючую ваду.

– Скажыце, а вы неяк рыхтаваліся да акунання?

– Толькі кантрасны душ. Вельмі дапамагае.

– Не страшна?

– Не, я ж раблю гэта з верай. Гэта галоўнае, я лічу.

– А як уражанні пасля акунання?

– Заўсёды з вады выходжу адноўленай, памаладзелай. І ўвогуле з такім пачуццём шчасця, што гэтай энергіі хапае на год.

Замест парашута – у палонку

Настаўнікі вілейскай школы-інтэрната таксама аматары акунуцца на Вадохрышча.

– Акунаюся ўжо тры гады запар, – распавядае Сяргей Клімёнак. —  Першы раз паехаў  з сябрамі, але рэчы ўсе ўзяў з сабой. Пакуль стаяў у чарзе, бачыў, што нават дзеці акунаюцца, і рашыўся, хаця вады халоднай вельмі баюся. Акунуўся і адчуў такую асалоду, што цяпер штогод на Вадохрышча езджу акунацца. Больш за тое, і дзяцей сваіх таксама бяру з сабой.

– Што адчуваеце пасля акунання?

– Ведаю толькі адно, вада на Вадохрышча нават у палонцы быццам ванна з парай. Акунуўшыся, адчуваеш цяпло, але не як ад гарачай ванны, а быццам нейкае іншае. Калі ў вас няма сур’ёзных медыцынскіх супрацьпаказанняў, ве­льмі раю акунацца. Гэта непаўторныя ўражанні!

Яго падтрымлівае кіроўца Сяргей Богураў:

– Спачатку была цікавасць. Вельмі хацеў скокнуць з парашутам, але гэта вельмі дорага. А акунацца – задарма. У гэтым годзе будзе трэці раз. Уражанні – выдатныя.

– А што вы можаце параіць таму, хто ні разу не акунаўся?

– А вы прыязджайце самі і ўсё пабачыце на свае вочы. Там (я акунаюся ў Даманове) такая душэўная атмасфера! Нягледзячы на вялікія чэргі, людзі ставяцца прыязна. Пасля акунання адзін аднаго віншуюць. Прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Абавязкова прыязджайце, калі не акунуцца, то адчуць атмасферу, паглядзець, парадавацца.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што калі вы абсалютна здаровы чалавек і адчуваеце патрэбу ў акунанні – акунайцеся! У іншых выпадках, калі баіцеся марозу ці вады, дастаткова проста памыцца Вадохрышчанскай  гаючай вадой. Карысці гэта прынясе не меней. Здароўя вам, паважаныя чытачы!

Наталля ТУР.

Фота забяспечана Людмілай ЦІХАНОВІЧ.