Сіноптыкі прагназуюць на выхадныя да 20 градусаў марозу.

Як паведамілі ў Вілейскай гідраметэастанцыі, 19-20 студзеня чакаецца ўзмацненне марозу. Днём тэмпература будзе 9-14 градусаў, а ноччу на паўднёвым захадзе можа дасягнуць 20.

Пад’ешце перад выхадам на вуліцу

Хірург Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Мікалай Федарук даў парады чытачам, як берагчы здароўе падчас маразоў:

– У маразы хавайце адкрытыя часткі цела: твар, рукі. Абавязкова насіце пальчаткі, шалікі. Трэба апранацца камфортна, таму што цеснае адзенне і абутак парушаюць кровазварот, што прыводзіць да больш хуткага абмаражэння.

Не выходзьце ў мароз на галодны страўнік. Калі доўга знаходзіцеся на вуліцы, грэйцеся: падскоквайце, размахвайце рукамі, рухайцеся.

Піце гарачыя напоі. Але ні ў якім выпадку не спіртныя! Лепш за ўсё – гарбату за паўгадзінкі да выхаду на вуліцу.
Снегам расцірацца нельга, таму што капіляры на марозе і так звужаюцца, а дадатковы холад прыносіць ім яшчэ большую шкоду. Да таго ж, ільдзінкі траўмуюць скуру.

Найбольш схільныя да абмаражэнняў дзеці: яны яшчэ не адаптаваныя да марозу, таму старайцеся абмяжоўваць час іх знаходжання на вуліцы.

З-за чаго ў маразы ўзнікаюць пажары

Інспектар групы прапаганды і навучання маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова нагадала самыя распаўсюджаныя прычыны ўзнікнення пажараў падчас маразоў:

У час маразоў найчасцей пажары ўзнікаюць з-за таго, што людзям хочацца пагрэцца. У прыватных дамах галоўныя прычыны здарэнняў – перапал печаў і складанне дроў адразу каля вогнішча. А ў кватэрах гаспадары парушаюць правілы эксплуатацыі абагравальнікаў.

У неацяпляльных памяшканнях электрапрыборы спрабуюць разагрэць адкрытым полымем, напрыклад, ад паяльных лямпаў, з-за чаго тыя загараюцца.

Небяспечнай для жыцця ў маразы можа стаць рыбалка.

Выратоўваюць гарачай гарбатай

Аб тым, як будуць дапамагаць людзям выратавальнікі, распавёў Сяргей Гладкі, намеснік начальніка па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і па грамадзянскай абароне маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях:

– Не такія тут ужо і моцныя маразы будуць. Усяго 20 градусаў! Але старшыня прапанаваў міліцыі і аддзелу гандлю паставіць палатку на вакзале, дзе ўсе ахвотныя змогуць папіць гарачай гарбаты. Што тычыцца леташніх халадоў, то памятаю, як мы ратавалі адных людзей. У іх прарвала трубаправод, тады якраз былі моцныя маразы.

Каб не замерзлі аўтобусы

Аўтобусы абяцаюць не затрымліваць і не прымушаць людзей доўга стаяць на прыпынках у надвор’е з вялікім мінусам.

– У моцныя маразы рух аўтобусаў трохі ўскладняецца, – тлумачыць дырэктар маладзечанскага аўтапарка Яўстафій Каравай. – На ноч мы будзем прызначаць па два адказныя дзяжурныя. Яны будуць праграваць гаражы і аўтобусы, каб нашым пасажырам не холадна было ездзіць. А ўжо ад пяці гадзін раніцы аўтобусы будуць аглядаць з тэхнічнага боку, каб яны не заглухлі ў дарозе.

Міліцыя будзе дапамагаць

На пытанне, ці гатовая міліцыя да маразоў, адказвае  намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Уладзімір Балкоўскі:

– Мы заўсёды гатовыя. І няма розніцы: мароз, галалёд ці снегапад. Кожны год складаецца план “Надвор’е”, у якім прызначаюцца ў пэўны час пэўныя адказныя за працу. Мы назіраем за дарогамі, дапамагаем камунальным службам і ўсім тым, каму патрэбная дапамога на дарозе. Падчас моцных маразоў на ўзбочынах па розных прычынах стаяць машыны, тады мы падыходзім, высвятляем, чаму, і дапамагаем. Але, як правіла, больш працы з маразамі не становіцца.

Вольга ЮРКЕВІЧ,  Наталля ТУР, Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА.