Зімой дарожныя рабочыя прачынаюцца адны з самых першых, каб паспець пачысціць дарогі, па якіх усе астатнія паедуць раніцай на працу.

Ноччу ў дарожнай рамонтна-будаўнічай установе сядзіць дзяжурны, які сочыць за тэмпературай і асадкамі. Калі паводле паказчыкаў надвор’я дарогі неабходна чысціць, тэлефануе работнікам і выклікае іх на працу.

– Заўсёды ёсць дзяжурны кіроўца, які ведае, што пасярод ночы яго могуць разбудзіць і пасадзіць за руль, – кажа дырэктар ДРБУ–195 Аляксандр Пускоў.

Нават калі няма снегу, вецер можа нанесці яго на дарогу з палёў. Тады дарожнікам падказваюць, дзе неабходна іх дапамога – дыспетчары аўтавакзала, аўтааматары.

Кіроўцы першых рэйсаў адразу паведамляюць, дзе шмат снегу, і, калі вяртаюцца, заўважаюць, што дарогу ўжо пачысцілі.

Што зроблена, што зробяць

У Радашкавічах летась усталявалі адзін аўтапавільён (пляцоўка для прыпынку аўтобуса, для высадкі пасажыраў і сам павільён), а таксама два аўтобусныя прыпынкі.

Усталявалі аўтобусны прыпынак і каля Відзеўшчыны.

Арганізацыя выканала бягучы рамонт вуліцы ў вёсцы Мясата, а сёлета зробіць рамонт вуліцы ў вёсцы Дамашы.

Зрабілі павярхоўную апрацоўку на аўтадарогах Маладзечна-Ілья і Маладзечна-Хажова-Ермакі на ўчастку ад Мойсічаў да Хажова.

Сёлета ДРБУ–195 прадоўжыць апрацоўку гэтых дарог. Запланаваны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця на пад’ездзе да цагельнага завода ў Радашкавічах. Наогул міжрамонтны тэрмін для асфальтабетоннага пакрыцця – каля васьмі гадоў.

Участак дарогі ад Краснага да Белева таксама плануюць зрабіць.

ДРБУ займаецца і абслугоўваннем стану дарог. Па меры неабходнасці праводзяць ямачны рамонт, уборку смецця, усталяванне збітых знакаў, абкошванне.

1 мільён 700 кубоў снегу расчысцілі работнікі ДРБУ-195 падчас двух вялікіх снежанскіх снегападаў: у раёне каля 800 кіламетраў дарог плюс 170 кіламетраў вуліц Маладзечанскага раёна, шырыня пакрыцця – шэсць метраў. На ачыстку і пасыпку пясчана-салявой сумессю выязджае каля 13 адзінак тэхнікі, а ўсяго іх 19.

Смецце

Дарожнікі прыбіраюць смецце на прыпынках і паміж населенымі пунктамі.

– Шмат сродкаў выдаткоўваецца на ўборку смецця ўздоўж дарог, асабліва пасля зімы, – гаворыць Аляксандр Пускоў. – Вясной работнікі выходзяць на суботнікі і ўздоўж дарог усё гэта прыбіраюць, хаця такога можна было б пазбегнуць.

Дарожнікі лічаць, што ўздоўж дарог хапае смеццевых кантэйнераў, а на прыпынках – невялікіх сметніц. Напрыклад, для таго, каб выкінуць упакоўку ад марожанага ці недапалак.

– Але ў гэтыя урны вывозяць на машынах пакеты бытавога смецця, – працягвае Аляксандр Пускоў. – Сметніца адразу поўная, а потым іншыя ставяць свае пакеты каля урны. Тэрыторыя набывае вельмі непрывабны выгляд. Смецце ж мы потым мусім прыбіраць.

– Стыхійныя звалкі ўтвараюцца менавіта каля садаводчых таварыстваў. Смецце з’яўляецца пераважна вечарам у нядзелю, калі людзі выязджаюць з лецішчаў, – распавядае Аляксандр Пускоў. – У іх не заўсёды ёсць кантэйнеры, таму смецце нясуць да бліжэйшага прыпынку.

За гэта прадугледжаныя штрафы самім дарожным арганізацыям ад санэпідстанцыі за несвоечасовую ўборку. Прыпынкі прыбіраюць прыкладна раз на месяц, і гэтага дастаткова, калі імі карыстаюцца так, як прадугледжана.

– Гэта ж грошы, якія можна было б укласці ў ямачны рамонт, а не траціць на смецце, – тлумачыць галоўны інжынер Яўген Адашкевіч.

Зоя ХРУЦКАЯ,
Настасся РОЎДА.

Чаму спазняецца транспарт?

На цягнік спазнілася, маршрутка зламалася, а аўтобус не прыйшоў