Падчас праверкі работнікі энерганагляду нярэдка сутыкаюцца з крадзяжамі электраэнергіі, але не ўсе гэтыя выпадкі выяўляюць.

Дзяржаўны інспектар Вілейскага энерганагляду Ігар Місюль дае парады, як зэканоміць электраэнергію.

24 крадзяжы энергіі
за месяц
За студзень злавілі  24  раскрадальнікаў электраэнергіі. Яны накралі больш чым 100 тысяч кілават. Страты за гэтыя крадзяжы нясе энергасістэма, а ён большы за 32 мільёны рублёў.
Летась па Вілейскім раёне правялі звыш 140 рэйдаў, падчас якіх выявілі больш за 140 выпадкаў крадзяжоў электраэнергіі – гэта 95 мільёнаў рублёў.

Крадуць энергію
па-рознаму
Адзін мужчына змайстраваў адвод, які пацягнуў энергіі больш чым на тры мільёны рублёў.
Другі накінуў правады на лінію электраперадач, што пацягнула энергіі на 10 мільёнаў рублёў.
Некаторыя спыняюць дыск лічыльніка праз дзірку. Адзін мужчына з Лыцавічаў такім чынам “зэканоміў” на 1,3 мільёна рублёў.

– Кошт штрафу вылічваецца па колькасці  і магутнасці электрапрыбораў, – кажа Ігар Місюль. – Але можна абысціся і без крадзяжу электраэнергіі. Увесь сакрэт ў тым, каб правільна яе эканоміць.

Сакрэты эканоміі электраэнергіі

– Напрыклад, вы набываеце тэлевізар, – тлумачыць дзяржінспектар энерганагляду. – Ён, вядома, спажывае электраэнергію. Трэба ўважліва паглядзець, ці ёсць на ім зялёны індэкс. Ён пазначае, што тавар энергазберагальны. І пры карыстанні ім будзе цягнуць менш кілават.
Таму, набываючы такія тавары, звяртайце ўвагу, колькі электраэнергіі яны пацягнуць.

Якую лямпачку купляць?
Што тычыцца лямпачак, то тут  трэба звяртаць увагу на лацінскія літары, якія на іх пазначаныя. Калі на ёй літары А ці В – гэта энергазберагальныя лямпачкі, а калі пазначана Е – значыць лямпачка напальвання. 

– Некаторыя людзі набываюць мясарубкі, – гаворыць Ігар Місюль. –  І лічаць, што калі яна 800 Вт, а не 600, то будзе лепш здрабняць. У мяне мясарубка “Памочніца” на 125 Вт. Я яе яшчэ на талоны набываў. І пакуль мяне ні разу не падводзіла за гэты час!

Лепш электронныя лічыльнікі
Як запэўнівае Ігар Місюль, электронныя лічыльнікі маюць перавагу.
Дзякуючы ім можна добра зэканоміць. Яны разлічваюць электраэнергію па мінімальным і максімальным тарыфе. Мінімальны дзейнічае ад 22 да 17 гадзін і каштуе 192 рублі за кілават/гадзіну, максімальны дзейнічае ад 17 да 22 гадзін, тарыф – 548 рублёў. 

– Такі лічыльнік каштуе 550 тысяч рублёў, але ён хутка акупіцца, – перакананы дзяржінспектар энерганагляду. – Галоўнае, правільна ім карыстацца. Паглядзеў, напрыклад, хакей вечарам і ўключыў пральную машынку пасля 22. Тады яна працуе па мінімальным тарыфе.
А халадзільнік працуе суткамі. Вось і атрымліваецца, што 19 гадзін у суткі ён працуе па мінімальным тарыфе і толькі пяць гадзін – па максімальным.
Калі казаць пра звычайныя лічыльнікі, то яны працуюць па бытавым тарыфе – 323 рублі за кВт/гадзіну. А ў 2015 годзе гэты тарыф будзе каштаваць па сабекошце, але якая гэта сума, пакуль не вызначылі.
Самым дарагім тарыфам цяпер лічыцца тарыф для ацяплення – 969 рублёў за кВт/гадзіну.

Вольга ЮРКЕВІЧ.