Карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” сустрэліся з Мікалаем Шрымфам, загадчыкам аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама, каб даведацца, якімі спартыўнымі падзеямі запомніўся мінулы год і якія чакаюць у будучыні.

Не засталася без увагі і праблема маладзечанскага футбола, якая хвалюе многіх футбольных фанатаў.

– Калі падводзіць спартыўныя вынікі 2012 года, чым ён запомніўся жыхарам раёна?

– Афіцыйныя вынікі года будуць канчаткова вядомыя ў лютым. Цяпер мы можам казаць толькі пра свой уласны аналіз. У спартыўных дасягненнях у вобласці маладзечанцаў абыходзяць толькі Барысаўскі і Мінскі раёны. Але і спартыўных школ у іх больш, чым у нас.

Да таго ж відавочна тое, што ў нас развіваюцца неалімпійскія віды спорту, фінансаванне якіх з бюджэту абмежаванае. Гэта адзінаборствы, ушу, кікбоксінг. Мы маем моцныя традыцыі гарадошнага спорту і не збіраемся ад іх адыходзіць. Гэта выключна славянскі від спорту, таму мы абавязкова яго захаваем.

Але і ў алімпійскіх відах ёсць пазітыўныя змены. У нас з’явіўся лядовы палац, дзе можна займацца хакеем, зала цяжкай атлетыкі, бокса і тэйквандо.

– Якія хібы мінулага года варта выпраўляць у гэтым?

– Вядома, працаваць ёсць над чым. Праблемай застаецца трэці ўрок фізкультуры ў школах. Разам з аддзелам адукацыі мы плануем праводзіць сямейны спартыўны дзень па суботах, калі б бацькі маглі прыйсці разам з дзецьмі і пазаймацца ў школьных залах. Толькі каля 24% дзяцей цяпер могуць займацца фізкультурай без абмежаванняў. У астатніх павінна быць уласная праграма.

Праблема ёсць і ў тым, што бракуе маркетынгавых рашэнняў. Трэба вучыцца зарабляць грошы на тым, што мы ўжо маем. Калі казаць у лічбах, за мінулы год мы зарабілі 900 мільёнаў рублёў. У гэтым плануем 1,5 мільярда. Упэўнены, што гэта рэальна.

Застаецца ў нашым раёне і ўсебеларуская праблема – недахоп спартыўнага інвентару. Гэта проста рэспубліканская бяда! Інвентаром забяспечана толькі 25-30% дзіцячых спартыўных школ. Вядома, пасля гэта праяўляецца і ва ўзроўні падрыхтоўкі спартсменаў.

– Ці развіваецца ў раёне спартыўны турызм?

– Нашы спартыўныя аб’екты запатрабаваныя на розных узроўнях, таму і шмат спартсменаў да нас прыязджае. У мінулым годзе сустракалі гасцей з Сербіі, Францыі і Славакіі, якія ўдзельнічалі ў футбольным турніры, а таксама жаночыя хакейныя зборныя з Казахстана, Турцыі. Але зноў жа не хапае інфраструктуры, каб выйсці на самы высокі ўзровень. Бо спартыўныя аб’екты павінны дапаўняцца гасцініцамі і крамамі.

Вось у студзені былі ў нас расійскія спартсмены, каля 150 чалавек. Нам не хапіла гасцініцы, каб усіх размясціць. Некаторыя жылі ў інтэрнаце эканамічнага каледжа. Гасцініца ля лядовага палаца была б вельмі дарэчы. Яе можна выкарыстоўваць у раённым маштабе, таму цягам года яна б не пуставала.

– Ці будуць уладкоўваць Маладзечанскае замчышча для турызму?

– Імя Агінскіх шырока вядомае па ўсім свеце. Мне паказвала ініцыятыўная група, што яны хацелі б зрабіць. Але турызм патрабуе вялікіх укладанняў, зручных умоў для пражывання. На руіны турыстаў не прывязеш.

– Якія спартыўныя падзеі парадуюць маладзечанцаў сёлета?

– Мы ўжо атрымалі заяўку ад Федэрацыі футбола на правядзенне фіналу чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў. Таксама горад чакае валейбол і хакей, жаночы футбол. У Чысці будзе адкрыты футбольны стадыён са штучным пакрыццём.

Больш паловы спартыўных бюджэтных сродкаў ідзе на футбол

– Увесь мінулы сезон не сціхалі дыскусіі наконт маладзечанскага футбольнага клуба. Якая будучыня яго чакае?

– З большага гэта залежыць ад той ініцыятыўнай групы, якая склалася для падтрымкі мясцовай каманды. Ад яе хацелася б большай актыўнасці. Я ўпэўнены, што перш-наперш у клуба павінна быць структура.

Менавіта яна дазволіць клубу самому зарабляць грошы на сваё існаванне. Без гэтага цяпер нельга, я кажу як спецыяліст з саракагадовым стажам. І запрашаю ўсіх ахвотных да абмеркавання гэтай тэмы.

– Гіпатэтычна ці магчыма суіснаванне двух футбольных клубаў у Маладзечне?

– Гіпатэтычна магчымае.

– Якія крыніцы даходу магчымыя для клуба?

– Варыянтаў вельмі шмат. Можна зрабіць унёскі актыўных членаў клуба. Калі футбалісты хочуць мець сродкі на выезд, то мусяць пачынаць з сябе. Таксама зарабляць трэба з матчаў: калі каманда гуляе добра, то на яе гульні актыўна ходзяць гледачы.

Гуляць трэба так, каб людзі маглі адпачыць душой на матчы. Некалі ж наш стадыён збіраў пяць тысяч гледачоў, значыць, і цяпер магчыма.

Яшчэ адна крыніца – свая гаспадарчая дзейнасць. Прадаваць ваду, поп-корн, марожанае на матчах: пры гэтым кошты можна ўсталёўваць свае, вышэйшыя, чым у крамах.

Таксама можна прыцягваць аднаразовых спонсараў. Адзін выезд абыходзіцца прыкладна ў тры мільёны, у сезоне іх каля 20. Такія спонсары маглі б дапамагаць з асобнымі выездамі. Але для гэтага трэба асабіста сустракацца з кіраўнікамі прадпрыемстваў, дамаўляцца. Яшчэ адзін варыянт – рэклама падчас матчаў. Можна нават падпісаць дагавор па рэалізацыі пэўнай прадукцыі.

Важна толькі не баяцца пачынаць гэту працу з нуля.

– У маладзечанскага клуба было шмат фінансавых праблем. Ці можна сказаць, што пераход каманды ў клуб не атрымаўся?

– Справа ў тым, што нельга прывязваць клуб да аднаго прадпрыемства. Гэта значыць, што ў клуба будзе толькі адна крыніца даходаў. А ў кожнага прадпрыемства ёсць свае паспяховыя і праблемныя перыяды дзейнасці. Атрымліваецца, што футбалісты залежаць ад іх.

Да таго ж асноўная задача прадпрыемства – выпускаць прадукцыю, клапаціцца пра яе канкурэнтныя магчымасці. Вядома, пры гэтым спартыўны клуб адыходзіць на другі план.

– Колькі сродкаў выдзяляецца на падтрымку футбола з бюджэту?

– Больш паловы. Пры гэтым бюджэтныя сродкі выдзяляюцца на 40 відаў спорту. Зразумела, так не павінна быць.

Выбачайце, але дарослыя мужчыны, з якіх складаюцца футбольныя каманды, могуць зарабляць грошы і самастойна! Большасць сродкаў мусіць ісці не на іх, а на дзяцей і дзіцячы спорт.

Трэба мяняць псіхалогію нашых футбалістаў. Многія гавораць: “Дайце нам грошы, і мы будзем гуляць”. Але ў любым відзе спорту гэта няправільны падыход. Каманда Другой лігі стваралася для таго, каб рыхтаваць рэзерв для клубаў Першай і Вышэйшай ліг. У ёй павінны гуляць маладыя хлопцы, у якіх яшчэ ёсць час перайсці ў прафісійны спорт і прысвяціць сябе футболу.

Таму я лічу, што Другая ліга мусіць быць студэнцкай і з большага трымацца на энтузіязме. У маладых футбалістаў вочы павінны свяціцца пры выглядзе мяча, а не грошай.

– Ці можа стацца так, што сёлета маладзечанскія футбалісты не выступяць у Другой лізе?

– Не хочацца ў гэта верыць.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Анонс: Мікалай Шрымф: “У футбалістаў вочы павінны свяціцца ад выгляду мяча, а не грошай”