Грып куды больш небяспечны, чым можа падацца на першы погляд.
Таму вельмі важна адразу распазнаць першыя прыкметы хваробы і, не адкладваючы, прыступіць да лячэння.
– Прагназавалі грып на канец студзеня – пачатак лютага, – патлумачыла загадчыца Вілейскай раённай паліклінікі Таццяна Рамэра. – У нас уздым захворванняў на вострыя рэспіраторныя захворванні пайшоў, але грып пакуль не рэгістравалі.
У Валожыне і Смаргоні выпадкі грыпу сёлета таксама яшчэ не рэгістравалі.
У Маладзечне выпадкі захворвання ёсць, але эпідэміі няма. Пра гэта паведаміў намеснік галоўнага доктара ЦРБ па амбулаторна-паліклінічным раздзеле работы Уладзімір Сымановіч.
Грып – гэта не дробязь!
– Многія лічаць, што грып – гэта дробязь, – кажа загадчыца чацвертага педыятрычнага аддзялення Маладзечанскай дзіцячай паліклінікі Ганна Ладзята. – І калі чалавек думае, што, перахварэўшы адзін раз, больш не захварэе, то глыбока памыляецца. На грып можна захварэць і некалькі разоў на год. Таму да свайго здароўя трэба ставіцца вельмі адказна.
У дактароў ёсць такі выраз: грып, які да канца не вылечыць і перанесці на нагах, – тое самае, што згубіць год жыцця.
Падхапілі вірус – хуценька лячыцца
– Першыя прыкметы грыпу могуць выявіцца ўжо на працягу аднаго-двух дзён пасля таго, як вы падхапілі вірус. Звычайна першыя праявы хваробы – гэта стомленасць, ламата ў суставах, святлабоязь – кажа Ганна Сцяпанаўна.
І абавязкова сачыце за сваёй тэмпературай. Калі павышаная трымаецца больш за суткі – трэба выклікаць “хуткую дапамогу”.
Каб не заразіць калег – сядзіце дома
Па-першае, падчас хваробы вялікую адказнасць вы несяце за сябе самі. Бо невядома, які орган адрэагуе на хваробу і якія ўскладненні яна за сабой панясе.
Па-другое, вы адказныя за сваіх калег.
Мажце нос аксалінавай маззю
Але гэтай маззю трэба мазаць не свой нос, а сваіх родных. Тады вірус не будзе да іх чапляцца.
– Таксама трэба надзяваць маску, – дадае Ганна Сцяпанаўна.
Хвораму на грып неабходны пасцельны рэжым і шмат піць цёплай гарбаты.
Фота lady.webnice.ru
Каб не захварэць, варта загартоўвацца. Лепш за ўсё часцей хадзіць пешшу, а не ездзіць на машыне.
Два разы на дзень з’ядаць па яблыку, бо ён павышае імунітэт і спрыяе лепшаму страваванню. У цыбулі шмат вітамінаў, яна забівае мікробы. Таму не выключайце гэты прадукт са свайго рацыёну.
Зрабіце каралі з часнаку
У якасці прафілактыкі ешце па адным зубку часнаку ў дзень. Маладым дапаможа ад прастуды, а тым, каму за 40 гадоў, – і ад атэрасклерозу.
Дзецям можна зрабіць часночныя каралі ці браслет. Гэта не значыць, што яны цалкам павінны быць з часнаку, але некалькі зубкоў няхай вісяць.
Як і дзеткам, так і дарослым можна зрабіць медальёны з аромаалеяў. Алей можа быць розным, напрыклад, лавандавы, чайнага дрэва, піхтавы.
Такія алеі выкарыстоўваюць у якасці дэзінфекцыі, яны паляпшаюць імунітэт.
Фота auraplus.org.
Але будзьце асцярожныя з апельсінавым алеем, бо ў некаторых дзяцей можа быць алергія на цытрусавыя.
Трэба есці аскарбінкі
Пры ўсіх вірусных хваробах пажадана з’ядаць больш аскарбінавай кіслаты – гэта павышае імунітэт.
Але людзям з нырачнай недастатковасцю неабходна абмяжоўваць іх.
Карысны для здароўя і экстракт пладоў шыпшыны, бо ў ім шмат вітамінаў. Не менш карысная кіслая капуста. Усё гэта варта ўжываць і дзецям, і дарослым.
Фізкультура і здароўе
– Цяпер у людзей больш сядзячы лад жыцця, магчыма, з-за гэтага хварэюць часцей. А трэба больш рухацца і закаляцца. Зімой – лыжы, а летам – басейн, – распавядае настаўніца фізкультуры маладзечанка Ірына Баранава.
Фізічныя практыкаванні станоўча ўплываюць на працэсы ў арганізме, яны ўмацоўваюць здароўе. Таму чалавека з дзяцінства трэба прывучаць да фізічнай культуры.
– Сонейка, паветра і вада – вашы лепшыя сябры. Гэты дэвіз павінен суправаджаць не толькі фізкультурнікаў, але і кожнага чалавека, – раіць Ірына Баранава.
Вольга ЮРКЕВІЧ.