У адным з садкоў Маладзечна ў канцы студзеня хтосьці з бацькоў паскардзіўся ў аддзел адукацыі на няню.
– Нібы наша няня Віка крыўдзіць дзяцей. Ды чаго толькі не сказалі! – распавядае мама аднаго з выхаванцаў гэтай няні. – Нас склікалі на бацькоўскі сход. Мы ўсе ў шоку! Ні ў кога ніколі не было заўваг ні да няні, ні да выхавальнікаў. Дзеткі нашы зусім маленькія, ясельная група, і яны яе так любяць!
Няня пасля такіх прэтэнзій напісала заяву на звальненне. А большасць бацькоў вельмі хацела, каб яна засталася і гатовыя патрымліваць яе. Бацькі мяркуюць, што скаржнік мае асабістую непрыязнасць да няні і таму хацеў ёй нашкодзіць.
Бацькам таксама могуць зрабіць заўвагу
– З-за гэтага выпадку нікога не звальнялі з працы, – кажа Наталля Сідарэнка, галоўны спецыяліст сектара арганізацыйна-педагагічнай работы і дашкольнай адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. – Няня працягвае працаваць у садку. Па ўсіх пытаннях, якія толькі могуць узнікнуць, бацькі павінны адразу звяртацца да загадчыцы дзіцячага садка.
Не трэба хвалявацца, што заўвагі неяк паўплываюць на стаўленне выхавальнікаў да дзіцяці: чалавечыя адносіны гэта адно, а прафесійныя абавязкі – зусім іншае. Калі праблема не вырашаецца на гэтым узроўні, тады ўжо можна звяртацца ў аддзел адукацыі. Але такое ў нашай практыцы сустракаецца вельмі рэдка.
Камунікацыя паміж супрацоўнікамі і бацькамі – абавязковая частка працы садкоў. За дзяцей адказныя і бацькі, і выхавальнікі.
У прыватнасці, выхавальнікі і няні таксама маюць права рабіць рэкамендацыі і заўвагі бацьку ці маці. Напрыклад, калі чуюць іх лаянку.
Калі здараецца такое, што бацькі прыходзяць па дзіця ў нецвярозым стане, выхавальнікі наогул не маюць права аддаваць ім дачку ці сына. У такім выпадку кіраўніцтва звязваецца з органамі апякунства, і яны выршаюць праблему разам.
“Няхай выхавальнік звяртае больш увагі на дзяцей, чым на іх рэчы”
На пытанні пра адносіны бацькоў і садка адказала загадчыца астравецкага ясляў-садка №2 Алена Канановіч.
– Ці могуць бацькі разлічваць, што, калі, напрыклад, дзіця атрымае драпіну ці сіняк, ім патлумачаць прычыну?
– Безумоўна! Як жа іначай? У нас кожную раніцу выхавальнік здае мне справаздачу, у якой пазначае, якія дзеці прысутнічаюць, а якія не.
Калі дзіцяці няма ў садку тры дні, то тэлефануем бацькам ці наведваем іх, каб даведацца, ці ўсё ў парадку.
Пры любой драпіне ці сіняку выхавальнік адразу паведамляе мне і медсястры, каб яна апрацавала, калі трэба. Тут жа звяртаемся да бацькоў. Калі гэта штосьці сур’ёзнае, прапануем забраць дзіця, каб паназіраць за ім дома ці нават звярнуцца да доктара.
– Ці адказныя выхавальнікі за згубленыя ці папсаваныя рэчы?
– У службовых абавязках выхавальнікаў нашага садка такой адказнасці няма. Мы просім бацькоў, каб сваім дзецям не давалі ў садок дарагія цацкі, ці, скажам, залатыя ўпрыгожванні. Няхай лепш выхавальнік звяртае больш ўвагі на дзяцей.
– Ці могуць выхавальнікі зрабіць заўвагу бацькам, калі тыя дапускаюць, напрыклад, грубыя словы з дзецьмі?
– Так. Але толькі ў індывідуальным парадку.
– У які час можна прыводзіць дзяцей, а калі лепш забіраць?
– У групы дзеці збіраюцца ад 7.45, але заўсёды ёсць дзяжурны выхавальнік, да якога сына ці дачку можна прыводзіць ад 7.30.
Мы рабілі апытанне сярод бацькоў, які час для іх зручны, і іх задавальняе наш распарадак.
Забіраць дзяцей можна да 18.15. Многія бацькі забіраюць раней, асабліва тыя, у каго на працы зручны графік. Але мы раім не забіраць да 17 гадзін, таму што пасля сну ў нас пачынаюцца дадатковыя заняткі, гурткі. Таму лепей не парушаць рэжым.
– Што абавязкова павінна быць у шафе дзіцяці?
– Абутак на змену, як і ўсюды. У нас добрыя выхавальнікі па музыцы і фізічнай культуры, яны праводзяць цікавыя заняткі, таму раім прыносіць спартыўную форму, а таксама шорты і чэшкі.
Калі дзіця пацее, то просім прыносіць запасную майку, каб адзець яе пасля сну. Для ясельных дзетак адзенне на змену абавязковае.
Вядома, у кожнага павінна быць свая расчоска, якая захоўваецца ў футарале. Пасля сну дзеткам трэба прывесці сябе ў парадак.
– Як бацькі могуць удзельнічаць у жыцці садка?
– Калі мы просім бацькоў паўдзельнічаць у афармленні садка ці падрыхтаваць навагоднія касцюмы, то нам ніколі не адмаўляюць, заўсёды ўдзельнічаюць.
Мы пастаянна абнаўляем выставу малюнкаў і падпісваем, якой сям’і гэты малюнак.
Да выставы, якую мы сёлета рыхтавалі да Дня маці, бацькі разам з дзецьмі рабілі вырабы, якія прыносілі потым у садок. Што яны толькі не рабілі!
Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.